Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Belarus - Protests after presidential elections in Belarus. Hrodna, 21Aug2020
Belarus - Protests after presidential elections in Belarus. Hrodna, 21Aug2020

13-ы дзень пратэстаў. Прэс-канфэрэнцыя Ціханоўскай. Ціск на страйкамы і Каардынацыйную раду. «Ланцуг пакаяньня»

Што адбываецца ў Беларусі на трынаццаты дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў і брутальнага гвалту сілавікоў.

18:43 21.8.2020

МУС дало сваё тлумачэньне наконт зьніклых людзей

Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала адмысловае паведамленьне наконт масавых зваротаў аб зьнікненьні людзей. Паводле міністэрства, з 9 жніўня па ўсёй Беларусі паступілі сотні зваротаў і заяваў грамадзян аб зьнікненьні іх сваякоў і знаёмых. Большасьць тых, хто зьвярнуўся, лічаць, што зьнікненьні зьвязаныя з затрыманьнямі ўдзельнікаў масавых беспарадкаў.

Паводле МУС, у выніку праведзенай супрацоўнікамі падразьдзяленьняў крымінальнага вышуку працы можна зрабіць наступныя высновы:

  • некаторыя грамадзяне адбываюць пакараньне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту за супрацьпраўныя дзеяньні;
  • значная частка заяўленых грамадзян зьехала на заробкі ці ў адпачынак за мяжу, нікога не папярэдзіўшы;
  • частка людзей, якія вядуць асацыяльны лад жыцьця, зьнікалі рэгулярна і раней;
  • большасьць грамадзян з правераных затрымлівалі праваахоўнікі, але на момант праверкі іх вызвалілі і яны былі зьдзіўленыя тым, што хтосьці разьмясьціў іх дадзеныя ў агульным доступе. Цалкам чытайце па спасылцы.
18:48 21.8.2020

Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „Мала вас у Расеі б’юць, вы яшчэ і ў Беларусь прыехалі“

Радыё Свабода зьбірае сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і ў турмах Беларусі ў жніўні 2020 году. Калі падобнае здарылася з вамі ці вы былі сьведкам, напішыце нам пра гэта на адрас: radiosvaboda@gmail.com.

Чарговую гісторыю нам распавёў Аляксей Абрамаў, 39 гадоў, пецярбурскі праграміст (Расея), затрыманы ў Горадні. Чытайце цалкам па спасылцы.

19:02 21.8.2020

Згвалтаваньні дубінкамі і чалавечнасьць

Мы ўсёй краінай быццам апынуліся пад уладай садыста, які ненавідзіць сваю ахвяру, але нізавошта ня хоча яе адпускаць, піша блогерка Свабоды Наста Захарэвіч. Гэта моцна пакалечыла нас і адначасова зрабіла больш чалавечнымі і ўвогуле добрымі адно да аднаго.

Катаваньні і згвалтаваньні ў турме на Акрэсьціна асуджаюцца практычна аднагалосна, а калі нехта заікаецца пра «ня трэба было нарывацца», дык гэтага чалавека асуджаюць гучна і безапэляцыйна. Цяперашнія ахвяры садыстаў у пагонах атрымліваюць такую грамадзкую рэакцыю, якую мусяць атрымліваць усе людзі, якія заяўляюць, што былі зьбіты альбо згвалчаны. І я вельмі спадзяюся, што такі падыход застанецца з намі назаўжды, — піша Наста Захарэвіч. Далей чытайце па спасылцы.

19:06 21.8.2020

Праўладная акцыя за Лукашэнку на праспэкце Незалежнасьці

Тым часам на праспэкце Незалежнасьці ў Менску зьявілася акцыя ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі пад афіцыйнымі дзяржаўнымі сьцягамі.

19:09 21.8.2020

Горадня: на мітынгу сабралася некалькі сотняў чалавек, у тым ліку работнікі «Гродна Азот»

На плошчы Леніна сабраліся некалькі сотняў чалавек зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Відаць работнікаў «Гродна Азот» у працоўнай форме.

Людзі скандуюць «Жыве Беларусь». Сыгналяць аўтамабілі. Побач дзяжураць некалькі экіпажаў ДАІ, спыняюць і правяраюць аўтамабілі.

Як стала вядома, горадзенскія актывісты, якія падавалі апавяшчэньні аб мітынгу 23 жніўня ў цэнтры Горадні, атрымалі адказ, што паводле новага рашэньня мітынгі на плошчы Савецкай і плошчы Леніна не дазволеныя. 22 жніўня на плошчы Леніна ў Горадні мае адбыцца мітынг у падтрымку дзейнай улады.

19:12 21.8.2020

У Гомлі з пачаткам пратэстаў перасталі прадаваць алькаголь пасьля 17 гадзіны

Гомельскі гарвыканкам чарговы раз прыняў рашэньне забараніць продаж алькаголю ад 17.00 да 08.00. Забарона пачала дзейнічаць 11 жніўня, з пачаткам масавых пратэстаў.

Спачатку забарону на гарэлку, віно і піва прынялі па 17 жніўня. Улады патлумачылі гэта «правядзеньнем мерапрыемстваў, накіраваных на прапаганду і папулярызацыю здаровага ладу жыцьця, прафіляктыку п’янства і алькагалізму». Але 17 жніўня алькаголь не сталі прадаваць зноў — гарвыканкам працягнуў забарону да 18 жніўня, цяпер — да 23 жніўня.

19:16 21.8.2020

У Гомлі перакрылі вуліцу Савецкую, на плошчу Леніна гоняць трактары і камбайны

У Гомлі каля 19-й гадзіны перакрылі цэнтральную вуліцу Савецкую. Па ёй цяпер ідзе калёна сельскагаспадарчай тэхнікі – камбайнаў і трактараў.

Яны едуць на плошчу Леніна і там будуць стаяць. Імаверна, каб заняць плошчу, дзе ў мінулую нядзелю быў масавы пратэст.

Сёньня на плошчы Леніна спрабавалі сабрацца прыхільнікі пераменаў, але іх разагнала міліцыя.

Тады ўдзельнікі акцыі пайшлі на традыцыйнае месца збору – пляцоўку ля цырку. Але сёньня цырк завесілі вялікай чырвона-зялёнай стужкай. А побач, на плошчы Паўстаньня, праходзіць мітынг «За «Бацьку».

Міліцыя папярэджвае ўдзельнікаў акцыі на цырку, што акцыя несанкцыянаваная.

19:26 21.8.2020

Затрымалі журналіста «Белсату»

Як паведаміў «Белсат», затрымалі журналіста гэтага тэлеканалу Яўгена Меркіса. Падрабязнасьці пакуль невядомыя.

19:30 21.8.2020

Ланцуг салідарнасьці ў Менску. ФОТА

19:36 21.8.2020

Гомельскую настаўніцу, якую затрымалі, калі яна выкідала сьмецьце, пасадзілі ў ізалятар

Гомельскую настаўніцу Іну Барысенку, затрыманую сёньня, пасадзілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня да суду, які будзе ў панядзелак. Пра гэта Свабодзе паведаміла яе дачка Тацяна. Па якім артыкуле будзе суд — невядома.

Сёньня каля 13.30 Іна Барысенка пайшла выкідаць сьмецьце ў хатнім адзеньні і не вярнулася дахаты. Дачка шукала яе і даведалася, што маці схапіла міліцыя. Яна больш за чатыры гадзіны прастаяла пад Цэнтральным РАУС, але ніхто ёй ня даў ніякай інфармацыі пра маці.

Тацяна дадала, што маці хадзіла на акцыі пратэсту ў Менску і Гомлі, давала інтэрвію незалежным СМІ.

19:50 21.8.2020

Віцябляне выйшлі на музычны шпацыр

Віцябляне выйшлі на музычны шпацыр па вуліцах гораду. На чале калёны — барабаншчыкі. Гараджане рушылі ад пешаходнай вуліцы Суворава ў гістарычны цэнтар.

Міліцыянты некалькі разоў папярэджвалі людзей, каб тыя разышліся. Але гараджане акцэнтуюць, што гэта ня мітынг, а шпацыр па вольным горадзе. Яны нясуць плякаты з надпісам «Слова пацана».

У панядзелак, 17 жніўня, старшыня аблвыканкаму Мікалай Шарсьнёў на сустрэчы з 15 дэлегатамі паабяцаў не затрымліваць мірных дэманстрантаў.

На плошчы Перамогі чакалі два аўтазакі. Міліцыянты двойчы папрасілі дэманстрантаў разысьціся, але нікога не затрымлівалі. Калёна рушыла далей — па Маскоўскім праспэкце.

Віцябляне прайшліся па гарадзкіх вуліцах, каля аблвыканкаму і вярнуліся ў гістарычны цэнтар. Музычны шпацыр скончыўся каля помніка князю Альгерду.

19:54 21.8.2020

У Менску затрымалі журналістаў расейскай службы Радыё Свабода

Сёньня ўдзень у Менску затрымалі журналістаў расейскай службы Радыё Свабода Юлію Вішнявецкую і Андрэя Кісялёва.

Іх спынілі для праверкі дакумэнтаў. Ужо некалькі гадзін яны знаходзяцца ў Партызанскім РУУС. Вішнявецкая і Кісялёў – супрацоўнікі Маскоўскага бюро Радыё Свабода. Перад іх ад'ездам у Менск рэдакцыя запрасіла ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі афіцыйны дазвол на акрэдытацыю сваіх супрацоўнікаў для працы на тэрыторыі краіны. Пакуль Радыё Свабода не ўдалося атрымаць у беларускіх уладаў тлумачэньняў таго, што здарылася.

20:01 21.8.2020

Са шматпавярховага дома на вуліцы Багдановіча ў Менску невядомыя выкінулі на пратэстоўцаў некалькі бутэлек з-пад гарэлкі. Ані ў кога ня трапілі, пацярпелых не было. Людзі зьвярнуліся да міліцыі, але тая не адрэагавала, паведамляе карэспандэнт Свабоды.

20:02 21.8.2020

20:06 21.8.2020

Менск: па праспэкце Пераможцаў едзе калёна зь лёзунгамі «За Беларусь»

Па праспэкце Пераможцаў у Менску едзе калёна пад дзяржаўнымі сьцягамі, зь лёзунгамі «За Беларусь». На скрыжаваньні з праспэктам Машэрава ім арганізавалі «зялёны калідор», паведамляе Tut.by у Тэлеграме. Як кажа карэспандэнт выданьня, «зялёны калідор» калёне арганізавалі і на скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Леніна. Калёна ехала каля пяці хвілін.

20:09 21.8.2020

У Менску затрымалі журналістаў расейскай службы Радыё Свабода

Сёньня ўдзень у Менску затрымалі журналістаў расейскай службы Радыё Свабода Юлію Вішнявецкую і Андрэя Кісялёва.

Іх спынілі для праверкі дакумэнтаў. Ужо некалькі гадзін яны знаходзяцца ў Партызанскім РУУС. Вішнявецкая і Кісялёў – супрацоўнікі Маскоўскага бюро Радыё Свабода. Перад іх ад'ездам у Менск рэдакцыя запрасіла ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі афіцыйны дазвол на акрэдытацыю сваіх супрацоўнікаў для працы на тэрыторыі краіны. Пакуль Радыё Свабода не ўдалося атрымаць у беларускіх уладаў тлумачэньняў таго, што здарылася.

20:26 21.8.2020

Ні страйк, ні праца. Што адбываецца на «Беларуськаліі»

«Беларуськалій» працуе, але на прадпрыемстве незразумелая сытуацыя, заявіў БелаПАН старшыня першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу гарнякоў Юры Захараў. Паводле яго, з аднаго боку, дзейнічае страйкам, зь іншага, людзі ходзяць на працу. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што прафсаюз не вядзе страйк.

«Мы падтрымалі патрабаваньні работнікаў і іх спадзяваньні. Спрыялі ў пляне юрыдычнай дапамогі. Усім кіруе страйкавы камітэт, яны прымаюць рашэньні. Яны раніцай правялі мітынг, плянуюць і ўвечары. У нас была свая нарада, мы займаліся прафсаюзнымі справамі», — адзначыў Захараў. Цалкам чытайце тут.

20:29 21.8.2020

20:45 21.8.2020

Менск: зь Нямігі людзі пайшлі да турмы на Валадарскага, ля Дому ўраду ідзе мітынг

Людзі, якія стаялі ў «ланцугу пакаяньня» ў раёне Нямігі, рушылі ў бок СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага.

Тым часам ля Дому ўраду на плошчы Незалежнасьці ў Менску некалькі тысяч чалавек зноў сабраліся на мітынг. Пратэстоўцы працягваюць падыходзіць. На плошчы зноў запалілі ліхтарыкі.

«Сытуацыя цяпер увайшла ў стадыю раўнавагі і можа схіліцца ў любы бок. Нам, прыхільнікам перамен, цяпер трэба падтрымліваць градус мірнага пратэсту. Нашы дні — выходныя, і калі нас па-ранейшаму будзе шмат, дык будзе „дэпутатапад“ і „міністрапад“», — сказаў Свабодзе Сяргей Вазьняк, кіраўнік штабу кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Дзьмітрыева.

Сяргей Вазьняк і Андрэй Дзьмітрыеў сёньня таксама бралі ўдзел у мітынгу на плошчы Незалежнасьці.

Сяргей Вазьняк (зьлева) і Андрэй Дзьмітрыеў
Сяргей Вазьняк (зьлева) і Андрэй Дзьмітрыеў

20:45 21.8.2020

Журналістаў расейскай службы Радыё Свабода дэпартуюць зь Беларусі

Затрыманых у Менску журналістаў расейскай службы Радыё Свабода Юлію Вішнявецкую і Андрэя Кісялёва выпусьцілі з Партызанскага РУУС. Як паведаміла сама Вішнявецкая, цяпер на машыне расейскай амбасады яны едуць па рэчы, і пасьля іх адвозяць у Смаленск. Дэпартацыя з забаронай уезду на 5 гадоў.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG