Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Belarus - Protests after presidential elections in Belarus. Hrodna, 21Aug2020
Belarus - Protests after presidential elections in Belarus. Hrodna, 21Aug2020

13-ы дзень пратэстаў. Прэс-канфэрэнцыя Ціханоўскай. Ціск на страйкамы і Каардынацыйную раду. «Ланцуг пакаяньня»

Што адбываецца ў Беларусі на трынаццаты дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў і брутальнага гвалту сілавікоў.

20:56 21.8.2020

У Горадні на мітынг пратэстоўцаў прыйшоў мужчына з чырвона-зялёным сьцягам

На плошчу Леніна, дзе ўвечары 21 жніўня сабраліся некалькі сотняў людзей зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, прыйшоў таксама чалавек з афіцыйнай дзяржаўнай сымболікай. Яго сустрэлі воклічам «Лукашэнка, сыходзь», але ніхто яго не чапаў.

Людзі мірна скандавалі лёзунгі. Сыгналілі аўтамабілі. Побач дзяжурылі некалькі экіпажаў ДАІ, спынялі і правяралі аўтамабілі. Працаваў свабодны мікрафон, людзі выказваліся ў рупар.

Мітынг скончыўся скандаваньнем «Кожны дзень». Нікога не затрымлівалі.

21:00 21.8.2020

Зьнік яшчэ адзін сябра страйкаму «Беларуськалію»

Зьнік яшчэ адзін сябра страйкаму «Беларуськалію» Павал Сячко, паведаміў страйкам у Тэлеграме. Спачатку ў тэлефоннай размове ён паведаміў, што зь ім размаўляюць. На пытаньне, ці гэта супрацоўнікі сілавых структур, адказаў: «Не зусім. Адзванюся пазьней».

Празь некаторы час ён напісаў, што адыходзіць ад спраў і выйдзе на сувязь пазьней. Цяпер яго тэлефон не даступны.

21:50 21.8.2020

«Дваіх звольнілі». Рабочыя расказалі, што на «Белшыне» страйк «душаць на корані»

Страйкоўцы цьвердзяць, што на ўдзельнікаў забастоўкі цісьне адміністрацыя, і двое зь іх ужо вымушаныя былі звольніцца. Цяпер працаўнікі спрабуюць стварыць страйкам і спадзяюцца, што гэта дапаможа «разварушыць» калектыў.

Работнік падрыхтоўчага цэху заводу масавых шын Віталь Красьніцкі ўдзельнічае ў страйку. Паводле яго, забастоўка на «Белшыне» трымаецца на асобных групах працаўнікоў з розных цэхаў. Ён настойвае, што адміністрацыя прадпрыемства аказвае ціск на страйкоўцаў, палохае, што імі зоймуцца сілавыя структуры. Двое днямі вымушаныя былі напісаць заявы на звальненьне па ўласным жаданьні. Цяпер яны пазьбягаюць кантактаў з калегамі. Красьніцкі кажа, што і яму ўжо намякалі: калі не сунімецца, то знойдзецца прычына звольніць.

Па словах Віталя Красьніцкага, страйкоўцы хадзілі ў прафкам, і ягоны старшыня запэўніў, што звальняць іх ня маюць права, бо Канстытуцыя дае ім права на страйк. Працаўнікі перадалі праз старшыню прафкаму свае патрабаваньні кіраўніцтву прадпрыемства: адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, правядзеньне сумленных і адкрытых выбараў, пакараньне тых, хто зьбіваў удзельнікаў мірных акцыяў пратэсту, вызваленьне палітвязьняў. Далей чытайце па спасылцы.

21:51 21.8.2020

Эстонія і Латвія ўвядуць санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў

Эстонія і Латвія ўвядуць нацыянальныя санкцыі ў дачыненьні да службовых асобаў Беларусі, гаворыцца ў сумеснай заяве зьнешнепалітычных ведамстваў дзьвюх краін.

Санкцыі будуць пэрсанальнымі і будуць тычыцца асобаў, адказных за фальсыфікацыю выбараў і прымяненьне празьмернай сілы супраць мірных дэманстрантаў у гарадах Беларусі. Краіны ўжо падрыхтавалі сьпісы гэтых службовых асобаў. Санкцыі будуць уключаць забарону на выдачу віз.

21:54 21.8.2020

Міністар Караеў паскардзіўся мітрапаліту Кандрусевічу на СМІ і сказаў, што пратэсты не былі мірнымі

У МУС адбылася сустрэча міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева зь мітрапалітам Менска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

«Усе мы перажываем падзеі апошніх дзён асаблівым чынам. Мы заклікаем да міру з абодвух бакоў і хуткага ўрэгуляваньня канфлікту», — цытуюць на сайце МУС мітрапаліта Кандрусевіча.

Як паведамляюць на сайце, падчас сустрэчы міністар скардзіўся мітрапаліту на «аднабокае асвятленьне СМІ інфармацыі аб пратэстах». «СМІ вельмі па-майстэрску асьвятляюць толькі адзін бок. Усе іх загалоўкі, скандальныя артыкулы і відэа накіраваныя на дыскрэдытацыю праваахоўных органаў». Цалкам чытайце па спасылцы.

22:10 21.8.2020

46 чалавек праходзяць па крымінальных справах за гвалт у дачыненьні да міліцыянтаў

46 чалавек сталі фігурантамі крымінальных спраў за гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі, гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы МУС па выніках сустрэчы міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева зь мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам. Большую частку зь іх пакуль адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе.

«Тое, што акцыі былі добра прадуманыя і насілі ня мірны характар, відавочна. Мірныя людзі ня будуць будаваць барыкады і кідацца на сілавікоў», — заявіў Караеў.

22:25 21.8.2020

Чарговая мірная акцыя ў Гомлі скончылася канцэртам

У Гомлі прайшла чарговая мірная акцыя пратэсту, якая скончылася канцэртам, ужо традыцыйна, на пляцоўцы ля цырку.

22:30 21.8.2020

Сёньняшняя акцыя ў Браславе. Фатафакт

22:57 21.8.2020

Праваабаронца Бяляцкі: «Можна пасадзіць усю Раду, але ці вырашыць гэта пытаньне агульнапалітычнага крызісу?»

Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, які ўвайшоў у склад Каардынацыйнай рады па забесьпячэньні трансфэру ўлады, выказаўся наконт крымінальнай справы, заведзенай у сувязі зь яе стварэньнем.

«Генпракуратура ўстала па стойцы „Зважай“ і неадкладна завяла крымінальную справу. Каб завесьці крымінальную справу па фактах масавых катаваньняў, зьбіцьця мірных грамадзянаў 9–13 жніўня беларускімі „тантон-макутамі“, у іх рукі не даходзяць, а тут — раз і гатова. Пракуратура з органу нагляду за выкананьнем законнасьці ператварылася ў прыватны інструмэнт аднаго чалавека», — кажа Бяляцкі.

Паводле праваабаронцы, адзіная мэта Рады — ініцыяваць перамоўны працэс паміж шырокай грамадзкасьцю і ўладамі з мэтай пераадоленьня палітычнага крызісу. «Рада выступае ад імя беларускага грамадзтва. Можна, вядома, арыштаваць і пасадзіць усю Раду — і нобэлеўскую ляўрэатку, і алімпійскую чэмпіёнку, і былога дыплямата і доктара навук, і праваабаронцу. Але ж ці вырашыць гэта пытаньне агульнапалітычнага крызісу? Ці пагодзіцца з такімі тэрарыстычнымі мэтадамі беларускі народ?» — задае рытарычнае пытаньне Бяляцкі. Цалкам чытайце па спасылцы.

23:21 21.8.2020

«Даніловіч хлусіць». Гісторыкі адказалі кіраўніку Інстытут гісторыі наконт сьцяга

Больш за 20 гісторыкаў адказалі дырэктару Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вячаславу Даніловічу, які 20 жніўня ў эфіры БТ асудзіў беларускую грамадзянскую супольнасьць за выкарыстаньне бел-чырвона-белага сьцяга ў пратэстах. У якасьці аргумэнта была агучаная тэза пра ўжываньне гэтага сьцяга беларускімі калябарантамі ў часы нямецкай акупацыі.

«Між тым добра вядома (і ня толькі гісторыкам), што бел-чырвона-белы сьцяг здаўна прысутны ў беларускай гісторыі і зьяўляецца непадважальнай нацыянальнай і гістарычнай каштоўнасьцю беларускага народу.

Нацыянальныя сьцягі падчас Другой сусьветнай вайны ўжываліся калябарантамі ўсіх краінаў, акупаваных гітлераўскай Нямеччынай. У тым ліку расейскімі — пад афіцыйным сымбалем сучаснай Расеі, бела-сіне-чырвоным сьцягам, на баку Гітлера ваявалі сотні тысяч расейцаў. Выкарыстаньне нацыянальнага сьцяга якімі-небудзь варожымі сіламі не прыводзіць да ягонай дэвальвацыі», — гаворыцца ў звароце. Цалкам чытайце па спасылцы.

23:23 21.8.2020

Як зьбівалі на Акрэсціна. ВІДЭА

23:47 21.8.2020

«Дыджэя перамен» Улада Сакалоўскага адпусьцілі. МУС: Яго не затрымлівалі

«Дыджэя перамен» Улада Сакалоўскага адпусьцілі, паведаміла «Камсамольскай праўдзе» ягоная маці. Ірына Аляксандраўна расказала, што сына выклікалі ў МУС для гутаркі. Пра што зь ім размаўлялі, жанчына ня ведае.

«Сакалоўскага запрасілі на размову, ён прыехаў з супрацоўнікамі МУС, яго ніхто не затрымліваў, – патлумачыла Tut.by афіцыйная прадстаўніца МУС Вольга Чамаданава. – У дачыненьні да Сакалоўскага ніякіх крымінальных і адміністрацыйных працэсаў не вядзецца. Зь ім пагутарылі, і ён зьехаў».

00:17 22.8.2020

122 эканамісты з 19 краінаў сьвету падпісалі зварот да беларускіх уладаў

122 эканамісты з 19 краінаў сьвету на 4 кантынэнтах падпісалі зварот да беларускіх уладаў, у якім прагназуюць «разбуральны эканамічны заняпад» Беларусі ў выпадку далейшага «вайсковага гвалту і злоўжываньня правамі чалавека і эканамічнымі правамі».

«Эканамічная гісторыя дае нам поўную ўпэўненасьць у тым, што нацыянальны росквіт залежыць ад празрыстасьці і падсправаздачнасьці ўладаў, а таксама іх павагі да правоў чалавека і эканамічных правоў», – гаворыцца ў звароце.

Калі гэтага ўсяго ня будзе, эканамісты прагназуюць для Беларусі:

  1. 1. Паскарэньне адтоку чалавечага і фінансавага капіталу
  2. 2. Зьмяншэньне сувэрэннага крэдытнага рэйтынгу да «сьмецьцевага» ўзроўню
  3. 3. Страту макраэканамічнай стабільнасьці
08:28 22.8.2020

«Ланцуг пакаяньня» ад Курапатаў да Акрэсьціна, дзясяткі проксі-сэрвэраў заблякавалі. Найважнейшае за 21 жніўня

«Ланцуг пакаяньня» ад Курапатаў да Акрэсьціна, заблякаваныя дзясяткі проксі-сэрвэраў. Найважнейшае за 21 жніўня.

Увечары 21 жніўня ў Менску ад мэмарыялу ў Курапатах да турмы на Акрэсьціна людзі сталі ў 13-кілямэтровы «ланцуг пакаяньня».

Сьвятлана Ціханоўская і Ганна Канапацкая падалі скаргі ў Вярхоўны суд аб прызнаньні прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі.

Ціханоўская дала першую прэсавую канфэрэнцыю ў Вільні. Гвалт трэба спыніць, палітычных зьняволеных — выпусьціць на волю, трэба правесьці свабодныя выбары, — сказала Ціханоўская. Яна спадзяецца, што Лукашэнка пачуе жаданьне народу, пойдзе на дыялёг і правядзе новыя выбары — празрыстыя і справядлівыя.

Аляксандар Лукашэнка сёньня пацьвердзіў, што замест журналістаў БТ, якія звольніліся на знак пратэсту супраць палітыкі ўладаў, беларускія ўлады запрасілі журналістаў з Расеі. Таксама, паводле яго, разглядаецца варыянт запрасіць шахтароў з Украіны замест працаўнікоў, якія страйкуюць на «Беларуськаліі».

МУС паведаміла, што ў першыя дні пасьля 9 жніўня былі сотні зваротаў аб зьнікненьні людзей. Паводле МУС, цяпер засталося ўсяго некалькі дзясяткаў. Міністэрства паведамляе, што большасьць тых, каго лічылі зьніклымі, знайшліся на адміністрацыйным арышце ці былі вызваленыя.

У Беларусі афіцыйна заблякавалі онлайн-плятформы альтэрнатыўнага падліку галасоў і дзясяткі проксі-сэрвісаў, з дапамогай якіх пры адсутнасьці доступу да інтэрнэту 9–11 жніўня некаторыя карыстальнікі адкрывалі папулярныя мэсэнджары.

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей зьвярнуўся да калегаў-міністраў з краінаў Эўразьвязу. Ён наракаў, што пры «першых сур’ёзных выпрабаваньнях для станаўленьня нашай краіны» яны зноў адразу заклікаюць да санкцыяў. «Гэта ня першыя санкцыі ў нашай гісторыі. І наша гісторыя на гэтым ня скончыцца. Мы іх пройдзем гэтак жа, як і папярэднія. Вынік іх дзеяньня вам вядомы. Усе разам мы дакладна страцім час», — заявіў міністар.

У МУС адбылася сустрэча міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева зь мітрапалітам Менска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Караеў паскардзіўся мітрапаліту Кандрусевічу на СМІ і сказаў, што пратэсты не былі мірнымі.

«Беларуськалій» працуе, але сытуацыя на прадпрыемстве незразумелая, заявіў старшыня нізавой арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу гарнякоў Юры Захараў. Паводле яго, з аднаго боку, дзейнічае страйкам, з другога, людзі ходзяць на працу. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што прафсаюз не вядзе страйку.

Сябра Каардынацыйнай рады Павал Латушка ў інтэрвію Свабодзе заявіў, што Каардынацыйная рада не выступае супраць выхаду Беларусі з Саюзнай дзяржавы і ЭАЭС. «Мы проста не разглядаем гэтых пытаньняў, гэтага няма ў парадку дня нашых дыскусій, у нас іншы парадак дня, унутраны. А то цяпер пачнуць гаварыць, што мы нібыта прарасейскія. Мы прабеларускія», — заявіў ён.

XS
SM
MD
LG