Пасьля працяглай паўзы адновяцца матчы футбольнага чэмпіянату Беларусі.
Як паведамляе Беларуская фэдэрацыя футболу, гульні пройдуць без гледачоў. Прычыны не называюць, функцыянэры спасылаюцца толькі на «сытуацыю, якая склалася».
«Бюро выканаўчага камітэту АБФФ прыняло рашэньне аб правядзеньні матчаў наступнага туру чэмпіянату Беларусі ў футболе сярод камандаў найвышэйшай, першай і другой лігаў, а таксама сярод жаночых камандаў без гледачоў на стадыёнах», — гаворыцца на сайце фэдэрацыі.
Забарону наведваць футбольныя матчы ня ўводзілі нават у разгар пандэміі каранавірусу. Таму, як лічаць самі заўзятары, прычына ў боязі праяваў «палітычнай актыўнасьці».
Напярэдадні дня галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 7 і 8 жніўня перанесьлі сустрэчы паміж камандамі «Дынама» (Менск) — «Смалявічы», а таксама «Менск» — «Славія» (Мазыр).
Раней, 6 жніўня, падчас матчу паміж салігорскім «Шахтаром» і берасьцейскім «Дынама» над стадыёнам «Будаўнік» разносіўся вокліч «Жыве Беларусь!». Так заўзятары адрэагавалі на адмену мітынгу ў горадзе кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай — на арэне нечакана спатрэбілася рамантаваць каналізацыю.
Менскія аматары футболу заклікалі падтрымаць флэшмоб салігорцаў і максымальна запоўніць трыбуны на «Дынама» і «Трактары». Фанаты заплянавалі пэрформанс з выявай бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня».
Аднак апэратар Ticketpro атрымаў загад спыніць продаж квіткоў, а неўзабаве зьявілася інфармацыя пра скасаваньне паядынкаў.