Пра зьнікненьне Дзьмітрыя Кудзялевіча паведаміў афіцыйны тэлеграм-канал страйкаму «Беларуськалію».
Там напісана, што Кудзялевіч перастаў выходзіць на сувязь у 11:17 у чацьвер 20 жніўня.
Паводле інфармацыі іншых удзельнікаў страйкаму, Кудзялевіч мог быць затрыманы невядомымі асобамі, калі знаходзіўся ва ўласным аўтамабілі.
Пра пачатак страйку і стварэньне страйкамаў на «Беларуськаліі» стала вядома ў панядзелак 17 жніўня. За першыя два дні, паводле агульнага страйкаму прадпрыемства, да забастоўкі далучыліся каля 4 тысяч супрацоўнікаў «Беларуськалію» (усяго на прадпрыемстве працуе каля 20 тысяч чалавек).
Сходы страйкоўцаў праходзяць на галоўнай плошчы Салігорску чацьвёрты дзень запар. Сябры страйкамаў гавораць пра ціск на ўдзельнікаў забастоўкі з боку кіраўніцтва.
Раніцай 20 жніўня «Беларуськалій» аднавіў працу амаль у поўным аб’ёме.