Як расказалі Свабодзе ў стачкаме 4-га рудаўпраўленьня, цяпер на прадпрыемстве ствараецца агульны камітэт забастоўкі.
Пра намер абвясьціць забастоўку шахтары «Беларуськалію» абвясьцілі ў пятніцу 14 жніўня. Стварэньне стачкамаў на рудаўпраўленьнях пачалося ў панядзелак 17 жніўня. Тады ж шахтары агучылі свае асноўныя патрабаваньні, сярод якіх адстаўка Аляксандра Лукашэнкі і правядзеньне новых выбараў прэзыдэнта Беларусі.
Як паведамілі Свабодзе ў стачкаме 4-га рудаўпраўленьня «Беларуськалію», раніцай у аўторак 18 жніўня фармаваньне стачкамаў на ўсіх шасьці рудніках прадпрыемства завяршылася. Выдача руды на паверхню спынілася.
«Справы ідуць добра, на кожным рудаўпраўленьні сфармавалі свой стачкам, — расказаў адзін з удзельнікаў стачкаму 4-га рудаўпраўленьня „Беларуськалію“. — Усе яны аб’яднаныя ў адзін вялікі стачкам па ўсім прадпрыемстве. Ён будзе вырашаць, што рабіць. Мы сёньня на 4-м рудаўпраўлденьні прынялі рашэньне спыніць спускі ў шахты. Руда наверх не ідзе. Яшчэ будуць спускі для правядзеньня работ у шахтах, але самае галоўнае, што руда не ідзе. Такая ж сытуацыя на ўсіх прамысловых пляцоўках. Поўнае спыненьне „Беларуськалію“ — цяпер толькі пытаньне часу».
Па словах прадстаўніка стачкаму 4-га рудаўпраўленьня, шахтары разважаюць над іншымі формамі пратэсту. Адна зь іх — штодзённыя мітынгі ў цэнтры гораду.
«На 4-м рудаўпраўленьні мы сабралі больш за тысячу подпісаў за забастоўку, 1200 магчыма. Яшчэ народ далучаецца, калі бачыць, колькі сабрана подпісаў. Думаю, мы набяром яшчэ больш. Людзі настроеныя вельмі рашуча. Былі невялікія пытаньні наконт арганізацыі — зьмены не маглі скаардынавацца. Некаторыя людзі маладушнічалі, пачыналі працаваць, хаця далучыліся да стачкаму. Але гэтыя арганізацыйныя моманты ўжо вырашаныя. У далейшым усё пойдзе гладка. Цяпер шахтары на тэрыторыі рудаўпраўленьня. Вырашаем пытаньне, ці ехаць у 15 гадзін на мітынг у горад, каб сябе паказаць. Гэтае пытаньне яшчэ будзе вырашацца на паседжаньні стачкаму. Хутчэй за ўсё, заўтра мы на 8 гадзінаў выйдзем на працу, трэба некаторыя моманты вырашыць. Стачкам вырашыць, але, пэўна, мы ў 15 гадзін будзем выходзіць на мітынгі ў горад кожны дзень, каб сябе паказваць. Таму што па норах на рудніках нас ніхто не пачуе, не пабачыць».
Як паведамляла Свабода, 17 жніўня ў Салігорск прыяжджаў прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка. Яго бачылі ля галаўнога будынку «Беларуськалію». На мітынгу ў цэнтры Салігорску, дзе сабраліся некалькі тысяч чалавек, у тым ліку шахтароў, Галоўчанка выступаць ня стаў.