Супрацоўнікі зьбіраюць подпісы пад лістом, які плянуюць накіраваць у прэзыдэнцкую адміністрацыю і Міністэрства інфармацыі.
З патрабаваньнямі спыніць цэнзуру ў выданьні частка калектыву выступіла 17 жніўня. Супрацоўнікі кажуць, што да іх ужо прыяжджаў на размову міністар інфармацыі Ігар Луцкі і супрацоўніца адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Шпілеўская.
«Кампрамісу не знайшлі», — паведаміла Свабодзе журналістка Ірэна Кацяловіч.
Цяпер супрацоўнікі падрыхтавалі зварот і зьбіраюць пад ім подпісы. Ужо падпісалася 50 супрацоўнікаў.
Адкрыты зварот калектыву газэты «Звязда»
Мы, супрацоўнікі газэты «Звязда», падпарадкоўваемся нормам журналісцкай этыкі, Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусі. Нашу прафэсійную дзейнасьць рэгулюе Закон аб СМІ, паводле яго артыкула 4 адзін з асноўных прынцыпаў дзейнасьці СМІ — разнастайнасьць меркаваньняў. Артыкул 6 абвяшчае:
«Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржаўнымі органамі, палітычнымі партыямі, іншымі грамадзкімі аб’яднаньнямі, юрыдычнымі або фізычнымі асобамі не дапускаецца».
СМІ ня проста маюць права — яны АБАВЯЗАНЫЯ ўсебакова, аб’ектыўна і неангажавана асьвятляць падзеі, якія адбываюцца ў краіне і сьвеце. Мы лічым недапушчальным ціск на журналістаў з боку Міністэрства інфармацыі, адміністрацыі прэзыдэнта і любых іншых дзяржаўных структураў. Міфічнай «дзяржаўнай пазіцыі», якой журналісты нібыта павінны трымацца, не існуе: дзяржава ўяўляе сабой грамадзян Беларусі з аднолькавымі канстытуцыйнымі абавязкамі і правамі, сярод якіх — гарантаванае Канстытуцыяй (артыкул 34) права на атрыманьне поўнай, своечасовай, дакладнай інфармацыі.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў калектыў неаднаразова выказваў кіраўніцтву жаданьне сумленна працаваць паводле журналісцкіх задач і прынцыпаў, шматбакова асьвятляць падзеі ў краіне і прадстаўляць палярныя думкі, аднак у першачарговых пытаньнях аб’ектыўнасьці і парытэтнасьці каманда не дасягнула пагадненьня.
Нашыя патрабаваньні:
- спыніць цэнзуру, тэндэнцыйнасьць і спробы з боку дзяржаўных структураў паўплываць на зьмест газеты «Звязда»;
- з 20 жніўня даць магчымасьць калектыву працаваць у адпаведнасьці з Законам аб СМІ, публікаваць праўдзівую, аб’ектыўную і рознабаковую інфармацыю;
- спыніць перасьлед, ціск, маральны і фізычны гвалт у дачыненьні да журналістаў, якія выконваюць прафэсійны абавязак на тэрыторыі Беларусі.
У выпадку невыкананьня патрабаваньняў супрацоўнікі Выдавецкага дому «Звязда» абвяшчаюць забастоўку з 20 жніўня.