На пасяджэньні Савета бясьпекі з удзелам кіраўнікоў рэгіёнаў па відэасувязі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дзеючай уладзе ёсьць на каго абаперціся. Так ён пракамэнтаваў мітынгі ў сваю падтрымку, перадае БЕЛТА.
«Тыя, хто сёньня, асабліва за мяжой (гэта ўжо відавочна бачна), шашкі точыць, атрымае сур’ёзны адпор. Гэта не галаслоўна. Ужо ў Горадні вывешваюць польскія сіцягі. Гэта недапушчальна. І такія рэчы будуць спыненыя кардынальным чынам», — дадаў Лукашэнка.
Імаверна кіраўнік краіны меў на ўвазе некалькі польскіх сьцягоў, якія зьявіліся на акцыях салідарнасьці ў Горадні. У горадзе жыве шмат прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасьці Беларусі.
Лукашэнка сьцьвярджае, што «ўладзе ёсьць на каго абаперціся».
«Таму мы не задрыжым. Мы свой шлях пройдзем так, як гэта трэба», — падкрэсьліў Лукашэнка.