Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітынг шахцёраў-страйкоўцаў у Салігорску 19 жніўня
Мітынг шахцёраў-страйкоўцаў у Салігорску 19 жніўня

Новая сьмерць. Страйк на Беларуськаліі. АМАП каля МТЗ. Што адбываецца на 11-ы дзень пратэстаў

Што адбываецца ў Беларусі на 11-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

10:34 19.8.2020

Пакуль без галадоўкі. Страйкам «Беларуськалія» вырашыў працягваць забастоўку

Гэтае рашэньне агучыў прадстаўнік страйкаму пасьля паўгадзіннай нарады. Галадоўка, якую прапанаваў Анатоль Бокун, сустаршыня страйкаму, пакуль адкладзеная. Да патрабаваньняў забастоўшчыкаў дададзены яшчэ адзін пункт — прававая гарантыя ўдзельнікам страйку.

Сёньня падтрымаць шахцёраў у Салігорск прыедзе гурт J: МОРС. Канцэрт адбудзецца ўвечары ў цэнтры гораду.

10:26 19.8.2020

Міліцыя заблякавала Купалаўскі тэатар у Менску

Міліцыя заблякавала Купалаўскі тэатар у Менску

У Купалаўскі тэатар увялі міліцыю, уваходы заблякаваныя, міліцыя не прапускае тых актораў і супрацоўнікаў, якія падалі заявы на звальненьне, — паведаміў Свабодзе звольнены Мінкультам дырэктар тэатру Павал Латушка.

Частка работнікаў тэатрe, якія павінныя забясьпечыць ягонае функцыянаваньне як установы, не падавалі заяваў на звальненьне, іх пускаюць, кажа Латушка.

«Гэта беспрэцэдэнтная сытуацыя, каб у XXI стагодзьдзі ва ўстанову культуры ўводзілі сілавікоў. Аб якой свабодзе мастацтва і творчасьці можа быць мова ў такіх умовах?» — сказаў Латушка.

Актор Купалаўскага тэатру Сяргей Чуб паведаміў Свабодзе:

«Учора новы дырэктар заключыў дамову з Дэпартамэнтам аховы МУС. І вось сёньня міліцыя ў сіняй форме блякавала ўсе ўваходы ў тэатар. Мяне асабіста груба выштурхалі з дзьвярэй, калі я пытаў, на якой падсатве ўсё блякавана. Адмовіліся адказваць.

Цяпер 20 актораў і супрацоўнікаў тэатру стаяць на вуліцы, абвешчаныя два выходныя дні. Пакуль нашы заявы не падпісаныя, то мы яшчэ фармальна ня звольненыя і маем права доступу. Нас ня могуць звольніць усіх разам. Цяпер мы рыхтуем сход прафсаюзу. Зразумела, што тэатар пакуль працаваць ня будзе.

Усяго было больш за сто заяваў на звальненьне, але і паловы хапіла б, каб паралізаваць працу. На паперцы на дзьвярах тэатру напісана, што у сувязі з санітарна-эпідэміялягічнай сытуацыяй, вядзецца апрацоўка ўсіх памяшканьнях тэатру, і 19 ды 20 жніўня абвешчаныя як выходныя дні».

Паводле Сяргея Чуба, цяпер вядуцца праверкі памяшканьня тэатру, кабінэтаў і грымёрак, і супрацоўнікі хвалююцца, каб чаго не падкінулі.

10:09 19.8.2020

Жанчыны прайшлі па вуліцах Менску гораду з маршам жалобы ў салідарнасьць з пацярпелымі ад гвалту

10:07 19.8.2020

На ММЗ ад рабочых, якія прыйшлі падтрымаць страйк на МТЗ, патрабуюць тлумачальных

Ад 25 працаўнікоў Менскага маторнага заводу патрабуюць пісаць тлумачэньні, чаму яны сёньня не былі на працы. Гэтыя працаўнікі сёньня а 8-й гадзіне прыйшлі да прахадной МТЗ і стаялі там разам зь іншымі рабочымі прыкладна гадзіну, пакуль не зьвіўся АМАП і не адагнаў людзей ад прахадной.

Пра гэта паведаміў працаўнік ММЗ Андрусь Комлік-Ямацін. Зь ягоных словаў, каля МТЗ разам зь людзьмі, якія прыйшлі падтрымаць страйк рабочых, было каля 500 чалавек, некаторых затрымаў АМАП.

Прэсавая служба МУС пакуль не дала камэнтару да падзей каля МТЗ. «Сачыце за тэлеграм-каналам МУС«, — сказала прэсавы сакратар Вольга Чамаданава.

Тэлефон лідэра стачкаму МТЗ Сяргея Дылеўскага недасяжны.

09:50 19.8.2020

Падтрымаць шахцёраў прыйшлі салігорскія настаўніцы

Пакуль страйкам «Беларуськалія» абвясьціў перапынак і вырашае пытаньне галадоўкі, на сцэне перад прысутнымі прамаўляюць настаўніцы. Яны прыйшлі падтрымаць забастоўку шахцёраў.

«Дзякуй за ваш шахцёрскі рух. За вашу адвагу. Калі вы сёньня не аб’яднаецеся і ня станеце да канца, у нашых дзяцей свабоднай будучыні ня будзе», — сказала адна зь іх, дадаўшы, што 1 верасьня ў школе пачне з хвіліны маўчаньня па загінулых у пратэстах.

«Нам здрадзілі, калі мы прагаласавалі. Нашыя дзеці аказаліся пад раздачай. Гэта ня здрада? Тое, як з намі размаўляе ўлада? Гэта ня здрада? Здрада. У нас няма правоў, усе правы ў іх. Я ня бачу будучыні, калі мы не дамо рады», — сказала іншая настаўніца.

На цэнтральнай плошчы Салігорску адбываецца сход рабочых «Беларуськалія».

09:24 19.8.2020

Страйкам «Беларуськалія» прапануе рабочым абвясьціць галадоўку

На цэнтральнай плошчы Салігорску адбываецца сход рабочых «Беларуськалія».
Сустаршыня страйкаму прадпрыемства Анатоль Бокун вынес прапанову аб галадоўцы рабочых. Паводле яго, на рабочых учыняецца беспрэцэдэнтны ціск, каб адмовіцца ад забастоўкі. Бокун лічыць, што рабочым не пакінулі іншай магчымасьці пратэставаць.
Неўзабаве на плошчы адбудзецца галасаваньне рабочых па пытаньні галадоўкі.

08:59 19.8.2020

Забастоўка на «Беларуськаліі». Стрым Свабоды з Салігорску

ААТ «Беларуськалій», у штаце якога каля 15 тысяч супрацоўнікаў, — адзінае буйное прадпрыемства Беларусі, дзе спыненая вытворчасьць. Як раней паведамляла Свабода, цяпер рабочыя не здабываюць руду і рыхтуюцца да поўнага бясьпечнага безаварыйнага спыненьня вытворчасьці. Раніцай 19 жніўня рабочыя зьбіраюцца на цэнтральнай плошчы Салігорску.

08:58 19.8.2020

Валер Цапкала лічыць Ціханоўскую пераходным прэзыдэнтам і не разумее крытэраў і задач Каардынацыйнай рады

Сьвятлану Ціханоўскую трэба прызнаць пераходным прэзыдэнтам, а новыя выбары правесьці празь пяць-шэсьць месяцаў, заявіў «РИА Новости» экс-прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Валер Цапкала, якога ў Беларусі расшукваюць і які знаходзіцца за мяжой.

«Яна (Ціханоўская) зьяўляецца пераходным прэзыдэнтам. Яна становіцца кіраўніком дзяржавы. Прызначаюцца новыя выбары — празь пяць-шэсьць месяцаў у адпаведнасьці з Канстытуцыяй», — сказаў Цапкала, адказваючы на пытаньне, як павінен быць разьвязаны палітычны крызіс у Беларусі.

08:41 19.8.2020

Святлана Ціханоўская заклікала эўрапейскіх лідэраў не прызнаваць выбары ў Беларусі

У сваім зварот да Эўрапейскай Рады яна заявіла, што пратэсты ў Беларусі працягваюцца другі тыдзень, а выбары не былі сумленнымі і празрыстымі.


«Людзі, якія выйшлі абараняць свае галасы на вуліцы гарадоў па ўсёй Беларусі, былі жорстка зьбітыя, пазбаўленыя свабоды, падвергліся катаваньням рэжымам, які сутаргава чапляецца за ўладу», — сказала Ціханоўская.

Яна нагадала, што стварыла каардынацыйную раду, якая павінна спрыяць мірнай перадачы ўлады.

«Паважаныя кіраўнікі дзяржаў Эўропы, я заклікаю вас падтрымаць абуджэньне Беларусі. Я заклікаю ўсе краіны паважаць прынцыпы міжнароднага права. Я заклікаю паважаць сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь і выбар беларускага народа» — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

08:27 19.8.2020

Берасьцейскі драмтэатар выступіў супраць гвалту і ў падтрымку купалаўцаў

«Беларускі народ перажывае драматычны пэрыяд у сваёй гісторыі. І мы, акторы, рэжысэры, музыкі, работнікі тэхнічных і адміністрацыйных падразьдзяленьняў Берасьцейскага акадэмічнага тэатру драмы, ня можам стаяць у баку. Мы абавязаныя сёньня сказаць сваё слова. І спадзяёмся, што нас пачуюць.

Гвалту ў Беларусі неабходна пакласьці канец. Немагчыма сілай, страхам і перасьледам людзей за іншую думку навязаць грамадзву шчасьлівую будучыню. Сёньня самавольства і турэмныя катаваньні спрабуюць выдаць за кантроль над сытуацыяй. Але зьдзекі з свайго народу — гэта прыкмета бездапаможнасьці і слабасьці. Такая пазыцыя вядзе да расколу грамадзтва.

Мы, дзеячы культуры і мастацтва, хочам, каб нашае грамадзтва грунтавалася на даверы і ўзаемадапамозе. Любая творчасьць будуецца на выражэньні ўласнай думкі. Перасьлед творчай асобы за яе асаблівую думку — гэта зьнішчэньне самой сутнасьці мастацтва.

Мы патрабуем спыніць перасьлед творчых людзей. Выражаем падтрымку ўсяму калектыву Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы, чыя будучыня аказалася пад пагрозай.

Лічым неабходным аднавіць на пасадзе генэральнага дырэктара першага драматычнага тэатру краіны Паўла Паўлавіча Латушку, унёсак якога ў разьвіцьцё беларускай культуры немагчыма пераацаніць.

Мы разам!»

07:35 19.8.2020

Пратэстоўцаў каля МТЗ сустрэў АМАП

Не было яшчэ 7-й гадзіны раніцы, як людзі пачалі зьбірацца каля прахадной Менскага трактарнага заводу, каб падтрымаць рабочых, што абвясьцілі страйк з патрабаваньнем сумленных выбараў, спыненьня гвалту і вызваленьня палітвязьняў. У адрозьненьне ад папярэдніх дзён, сёньня каля МТЗ стаяць амапаўцы, і людзі былі вымушаны перайсьці на іншы бок вуліцы, паведамляюць відавочцы ў Тэлеграме.

XS
SM
MD
LG