«Цяпер мы цябе будзем гвалціць». 20-гадовая Аляксандра пра катаваньні. Відэа
20-гадовую Аляксандру затрымалі 10 жніўня, калі яна вярталася дадому. Спачатку АМАПаўцы яе жорстка зьбілі пры затрыманьні, пасьля ў аўтазаку пагражалі згвалтаваньнем. А ў турме на Акрэсьціна яе біла жанчына ў чорнай форме.
У калектыве «Звязды» патрабуюць выкананьня закону аб СМІ. Могуць пачаць страйк
Частка калектыву газэты «Звязда» выступіла з патрабаваньнямі выконваць артыкулы 4 і 6 закону аб СМІ. Яны пра абавязак даваць правераную і ўсебаковую інфармацыю і паважаць правы й свабоды чалавека.
Каля СІЗА на Валадарскага ў Менску прымацавалі партрэты палітычных зьняволеных
Менск. Людзі прынесьлі кветкі і плякаты да Міністэрства замежных справаў — рабочыя неўзабаве прыбралі іх
У 7-тысячным Глуску Магілёўскай вобласьці на маршы пратэсту супраць вынікаў выбараў зьбіраецца штодня ад 50 да 300 чалавек
Фота Ігара Кірына
Прабітае лёгкае, ЧМТ, паламаная рабрына. Як затрымлівалі ўладальніка школы танцаў
Цяпер у кіраўніка школы танцаў Ігара Ярмолава прабіта лёгкае, паламанае рабро, чэрапна-мазгавая траўма і гематомы па ўсім целе. 12 жніўня да яго ў кватэру ўварваліся, цяпер хлопец ляжыць у вайсковым шпіталі.
12 жніўня маці Ігара Ярмолава Сьвятлана Іванаўна страціла сувязь з сынам, абодва ягоныя тэлефоны аказаліся недасяжнымі. Ігара ўдалося знайсьці толькі празь дзень, дзякуючы адвакатам. Ён быў пазначаны ў сьпісах СІЗА КДБ, але знайшоўся ў вайсковым шпіталі ў цяжкім стане.
Ігар быў валянтэрам штабу Віктара Бабарыкі, пасьля сканчэньня БДУ мог працаваць у ІТ, але вырашыў займацца танцамі. Ён стварыў школу танцаў Dance Cafe. Чытаць далей
Амбасадар Беларусі ў Гішпаніі выказаўся за перападлік галасоў на выбарах і суд над вінаватымі ў гвалтоўных дзеяньнях
Амбасадар Беларусі ў Гішпаніі Павел Пуставой зьвярнуўся да суродзічаў з заклікам «у спакойных і мірных абставінах абмеркаваць усе праблемы, якія хвалююць людзей».
Супрацоўнікі Міністэрства замежных справаў выходзяць на абед, іх вітаюць гараджане
У Менску каля філярмоніі зноў музыка
Я ляжаў, а тры сьледчыя білі дубінкамі». Турыст з Расеі вызваліўся з турмы
Мэркель абмеркавала з Пуціным пратэсты ў Беларусі
Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель правяла тэлефонную размову з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, падчас якой абмяркоўвалася сытуацыя ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня.
Як паведамляе прэс-служба Мэркель, канцлер падкрэсьліла, што беларускія ўлады павінны ўстрымацца ад гвалту ў дачыненьні да мірных дэманстрантаў, неадкладна вызваліць палітычных вязьняў і ўступіць у агульнанацыянальны дыялёг з апазыцыяй і грамадзтвам для пераадоленьня крызісу.
Вугоршчына: у Беларусі павінны прайсьці паўторныя выбары зь міжнароднымі назіральнікамі
Міністар замежных спраў Вугоршчыны Пэтэр Сіярта заявіў пра салідарную з Польшчай, Літвой, Латвіяй і Эстоніяй пазыцыю сваёй краіны ў ацэнцы сытуацыі ў Беларусі.
У паведамленьні, разьмешчаным на афіцыйным сайце Міністэрства замежных спраў, Пэтэр Сіярта ўдакладніў, што гаворка ідзе аб неабходнасьці правесьці ў Беларусі паўторныя выбары пры ўдзеле міжнародных назіральнікаў.
Пэтэр Сіярта дадаў, што гэтая пазыцыя была ўзгоднена ў часе ягоных тэлефонных размоў з калегамі зь Літвы, Латвіі, Эстоніі і Польшчы, а пасьля іх — у тэлефоннай размове прэм'ер-міністра Вугоршчыны Віктара Орбана зь кіраўніком ураду Польшчы Матэвушам Маравецкім
У Салігорску а 15-й зьбіраецца мітынг
Салігорск. Стачкам «Беларуськалію» піша, што прынялі рашэньне аб зборы ўсіх працаўнікоў прадпрыемства і неабыякавых людзей на цэнтральнай плошчы гораду а 15-й. Дырэктар «абяцаў прысутнічаць і ў выпадку кепскага надвор’я абяцаў прадставіць залю Дому культуры»
Берасьцейскі рок-гурт Sciana пасьля доўгага маўчаньня выдаў новую песьню. З назвы вынікае, што яна пра 2020 год
Кангрэс незалежных прафсаюзаў заклікаў стварыць нацыянальны страйкавы камітэт
Такі заклік на сайце Беларускага кангрэсу незалежных прафсаюзаў апублікаваў старшыня кангрэсу Аляксандар Ярашук.
«Паралельна са стварэньнем страйкавых камітэтаў на прадпрыемствах нам неабходна як мага хутчэй, у бліжэйшыя 2–3 дні, стварыць Нацыянальны страйкавы камітэт (НСК). І ад яго імя ўступіць у прамы дыялёг з уладнымі структурамі пра транзыт улады ў краіне», — гаворыцца ў закліку.
Ярашук адзначае, што ён і яго калегі з Кангрэсу незалежных прафсаюзаў бяруць на сябе ролю каардынатараў НСК.
Менск. Каля турмы на Валадарскага становіцца больш людзей. Запускаюць у паветра белыя і чырвоныя балёнікі
Менск. Каля заводу «Атлянт» заклікаюць да забастоўкі, часам выходзяць асобныя рабочыя
100 супрацоўнікаў гімназіі-каледжу мастацтваў імя Ахрэмчыка падтрымалі мірныя пратэсты і страйкі
Сто выкладчыкаў і супрацоўнікаў гімназіі-каледжу мастацтваў імя Ахрэмчыка выказалі салідарнасьць і падтрымку тым, хто «знайшоў моц і мужнасьць не скарыцца пад ціскам цяперашняга рэжыму»:
- настаўнікам, якія праўдзіва праводзілі падлік галасоў;
- журналістам, якія справядліва асьвятляюць апошнія падзеі;
- мэдыкам, якія бясстрашна змагаюцца за жыцьцё і здароўе пакалечаных і затрыманых;
- усім беларусам, якія актыўна выяўляюць сваю грамадзянскую пазыцыю.
Людзі зьбіраюцца каля СІЗА, БТ і заводаў
Менск. На тэрыторыі МТЗ адбываецца сход супрацоўнікаў. Зь імі размаўляе намесьнік дырэктара па ідэалёгіі. Каля прахадной сабралася група актывістаў, якія падтрымліваюць рабочых. Некаторыя рабочыя, якія выходзяць з прахадной, кажуць, што завод працуе