Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купалаўскі тэатар — пад бел-чырвона-белымі сьцягамі
Купалаўскі тэатар — пад бел-чырвона-белымі сьцягамі

10-ы дзень пратэстаў. Праўладныя мітынгі ў Магілёве і Гомлі. Дзень нараджэньня Ціханоўскага пад Валадаркай

Што адбываецца ў Беларусі 18 жніўня, на дзясяты дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

11:39 18.8.2020

Тым часам падыходы да будынку Белтэлерадыёкампаніі закрылі загародкамі

Перад БТ учора і пазаўчора пратэставалі ў тым ліку супрацоўнікі дзяржаўнай тэлевізіі, іх падтрымлівалі іншыя менчукі, нават рабочыя з заводаў

11:38 18.8.2020

«Стачкам сфармаваны». Шахтары «Беларуськалію» плянуюць штодня выходзіць у цэнтар гораду

Як паведамілі Свабодзе ў стачкаме 4-га рудаўпраўленьня «Беларуськалію», раніцай у аўторак 18 жніўня фармаваньне стачкамаў на ўсіх шасьці рудніках прадпрыемства завяршылася. Выдача руды на паверхню спынілася.

11:36 18.8.2020

Купалаўцы выставілі ўльтыматум міністру культуры: Латушку аднавіць, міністра ў адстаўку

Размова купалаўцаў зь міністрам культуры Юрыем Бондарам скончылася тым, што купалаўцы заявілі, што наступнага тэатральнага сэзону ня будзе, паклалі перад міністрам заявы аб звальненьні.

Купалаўцы скандавалі міністру «Сыходзь». Акторы далі яшчэ адны суткі, каб міністэрства прыняло рашэньне аднавіць на пасадзе Латушку і каб дзейны міністар падаў у адстаўку.

Міністар тлумачыў, што Павал Латушка звольнены законна, а ў тэатры будзе прызначаны ўпраўляючы ад Міністэрства культуры. Ён і будзе разглядаць заявы аб звальненьні.

Калі міністар культуры Юры Бондар прыехаў у Купалаўскі тэатар, на вуліцы яго сустрэлі воклічамі «Ганьба». На сустрэчы міністра з калектывам тэатру прысутнічалі журналісты.

11:13 18.8.2020

150 жыхароў Крычава патрабуюць «неадкладнай адстаўкі Лукашэнкі»

Таксама ў ліку іхных патрабаваньняў —

  • вызваленьне палітвязьняў,
  • арышт кіраўніцтва сілавых структураў, вінаватых у гвалце супраць мірных дэманстрантаў,
  • арышт старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі,
  • прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай прэзыдэнтам.

Такую рэзалюцыю «Сходу жыхароў Крычава» падпісалі больш за 150 чалавек. У ёй сярод іншага адзначаецца, што мясцовая ўлада мае забясьпечыць стварэньне «Рады народнага даверу грамадзян Крычава» і гарантаваць свабоду Сходу, паведаміў крычаўскі праваабаронца і сябра АГП Сяргей Няроўны.

Рэзалюцыю адрасаваная старшыні райвыканкаму Андрэю Седукову, пракурору, кіраўнікам мясцовых аддзяленьняў міліцыі і КДБ.

У Крычаве, найбуйнейшым райцэнтры ўсходняй Магілёўшчыны, цягам апошніх трох дзён пратэсты супраць вынікаў выбараў зьбіраюць ад 300 да 1500 чалавек.

11:06 18.8.2020

Міністар культуры Юры Бондар прыехаў у Купалаўскі тэатар

На вуліцы го сустрэлі воклічамі «Ганьба». У гэтыя хвіліны распачалася сустрэча з калектывам тэатру. На ёй прысутнічаюць журналісты.

11:05 18.8.2020

«Рэжым Лукашэнкі хісткі, як ніколі раней». Цытаты зь міжнароднай прэсы

Падзеі ў Беларусі асьвятляюцца цяпер на першых старонках вядучыў выданьняў у сьвеце. Прачытаць падборку цытатаў з публікацый апошніх дзён можна тут.

11:04 18.8.2020

Амбасадар Беларусі ў Славаччыне, які падтрымаў пратэсты ў Беларусі, падаў у адстаўку

Амбасадар Беларусі ў Славаччыне, экс-памочнік прэзыдэнта Ігар Ляшчэня падаў заяву аб адстаўцы. За некалькі дзён да гэтага ён запісаў відэазварот, у якім падтрымаў беларусаў, што выйшлі на мірныя пратэсты.

11:03 18.8.2020

Лукашэнка ўзнагародзіў сілавікоў. Сярод іх амапаўцы, кіроўцы аўтазакаў, наглядальнікі ізалятараў

13 жніўня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб узнагароджаньні» за «ўзорнае выкананьне службовых абавязкаў».

Ва ўказе на 25 старонак пералічваюцца сілавікі з рознымі функцыямі: ад выкладчыкаў Акадэміі МУС і сьледчых да кіроўцаў аўтазакаў і байцоў АМАП.

10:57 18.8.2020

Каля Купалаўскага выступіла Марыя Калесьнікава са словамі падтрымкі Паўла Латушкі і калектыву тэатру

«Ніякія міністэрствы, ніякія чыноўнікі не павінны ўплываць на творчасьць. Творчасьць павінна быць свабоднай», — сказала яна. Калесьнікава сказала, што знаёмая з Латушкам. Яна лічыць, што ен шмат зрабіў для беларускай культуры на пасадзе міністра культуры.

10:55 18.8.2020

Сьледчы СК падаў у адстаўку і заклікаў беларусаў змагацца да канца

У Інстаграме зьявілася фота службовага пасьведчаньня сьледчага і яго рапарт на звальненьне з заклікам да беларусаў.

Карыстальнік astap_mystery, які называе сябе капітанам юстыцыі, сьледчым Партызанскага раённага аддзелу Сьледчага камітэту па горадзе Менску Андрэем Астаповічам, зьвярнуўся да беларусаў:

«Суграмадзяне змагайцеся да пераможнага канца, выганяючы дыктатара і беззаконнасьць разам зь ім!»

10:52 18.8.2020

Купалаўскі тэатар пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Чакаюць мінстра культуры

Карэспандэнт Свабоды перадае ад Купалаўскага тэатра:

Актор і рэжысэр Раман Падаляка выйшаў да людзей, якія сабраліся каля тэатру, і паведаміў, што міністар культуры прыедзе аб 11 гадзіне.

Падаляка сказаў, што патрабаваньні купалаўцаў застаюцца ранейшымі: калі звольненага з пасады дырэктара Паўла Латушку ня вернуць і калі міністар ня звольніцца, то акторы пададуць заявы на звальненьне.

Будынак тэатру ўпрыгожаны бел-чырвона-белымі сьцягамі, людзі трымаюць плякаты «Купалаўцы — гонар і сумленьне Беларусі», «Страху больш няма» і іншыя.

Раман Падаляка
Раман Падаляка

10:37 18.8.2020

Дом друку не надрукаваў нумар «Камсамолкі», прысьвечаны маршу свабоды 16 жніўня

«„Комсомольская правда“ в Белоруссии» паведаміла ў Тэлеграме, што ў аўторак быў сарваны выхад штодзённага выпуску газэты.

«Прычыны — нашая позьняя здача нумара ў друк (але гэта не перашкаджала друкаваць газэту ў апошнія два тыдні) і паломка друкарскай машыны ў друкарні», — паведаміла «Камсамолка».

Нумар пагадзілася надрукаваць іншая друкарня. Пазьней рэдакцыя плянуе яго выкласьці ў інтэрнэт.

Папярэдні нумар газэты раскупілі за некалькі гадзін пасьля таго, як ён трапіў у продаж. У ім расказвалася пра брутальныя затрыманьні і гвалт міліцыі супраць мірных дэманстрантаў.

09:39 18.8.2020

Мітрапаліт Павел наведаў у лякарні пацярпелых падчас пратэставых акцый

17 жніўня мітрапаліт Павел, прыехаў у лякарню хуткай мэдыцынскай дапамогі ў Менску. Ён сказаў пацярпелым, што ў Беларускай праваслаўнай царкве ўзносяць малітвы аб іх як мага хутчэйшым ачуньваньні, і выказаў надзею на справядлівае расьсьледаваньне злачынстваў, учыненых падчас нядаўніх пратэставых акцый.

09:06 18.8.2020

«Ня бойцеся і не спыняйцеся», — заклікаў беларусаў Зянон Пазьняк


Лідэр Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк, які ад 1996 году знаходзіцца ў палітычнай эміграцыі, зьвярнуўся да беларускага народу зь відэазваротам.

Пазьняк павітаў самаарганізацыю і «цуды мірнага супраціву людзей» у беларускіх гарадах. Пазьняк заклікаў расфармаваць АМАП і прызнаць яго злачыннай арганізацыяй, а таксама ствараць органы самакіраваньня па ўсёй Беларусі.


Паводле Зянона Пазьняка, ня трэба праводзіць новыя прэзыдэнцкія выбары пасьля таго, калі Лукашэнкі ня будзе ва ўладзе. Паводле лідэра КХП БНФ, трэба перайсьці да парлямэнцкай рэспублікі і правесьці выбары ў парлямэнт.

Палітык лічыць, што нацыянальныя сьцяг і герб вернуцца аўтаматычна, бо рэфэрэндум аб зьмене сымболікі быў незаконным. «Ня бойцеся і не спыняйцеся», — заклікаў беларусаў Зянон Пазьняк.

09:05 18.8.2020

«Некаторыя застануцца інвалідамі», — мянчук атрымаў тры кулявыя раненьні і быў зьбіты

Павал Якімчык 11 жніўня ўвечары вяртаўся дадому. Убачыў АМАП, пабег — атрымаў тры раненьні гумовымі кулямі і быў жорстка зьбіты ў міліцэйскім бусіку.

09:01 18.8.2020

Канада, Ірляндыя не прызналі вынікі выбараў у Беларусі

🇨🇦Міністар замежных справаў Канады Франсуа-Філіп Шампань заявіў, што Канада не прызнае вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і заклікае правесьці новыя.

«Мы не прымаем вынікі гэтых сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і заклікаем да свабодных і сумленных выбараў», — цытуе Шампаня Radio Canada International.

«Канада далучаецца да сваіх партнэраў у міжнароднай супольнасьці з асуджэньнем расправы зь мірнымі пратэстоўцамі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі», — дадаў Шампань.

Канадзкі міністар таксама заклікаў АБСЭ правесьці дакладнае расьсьледаваньне падзей, зьвязаных з выбарамі і міліцэйскім гвалтам у Беларусі.

🇮🇪Вынікаў беларускіх выбараў не прызнала таксама Ірляндыя. Міністар замежных справаў Ірляндыі Сайман Кавэні заявіў, што ягоная краіна ня лічыць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі легітымнымі.

«Гэтыя вынікі не былі легітымнымі, пра што сьведчаць запалохваньні і затрыманьні, якія адбываліся да і пасьля выбараў, і рэакцыя дзяржаўных уладаў на маштабныя і пераважна мірныя акцыі пратэсту, якія цяпер праходзяць па ўсёй краіне», — адзначыў міністар замежных справаў Ірляндыі Сайман Кавэні ў заяве, разьмешчанай на сайце свайго ведамства.

«Ірляндыя не ўспрымае вынікі выбараў як сапраўднае адлюстраваньне дэмакратычнай волі беларускага народу», — дадаў Кавэні.

08:43 18.8.2020

Дзень нараджэньня Ціханоўскага адзначаць песьняй «Муры» пад Валадаркай

Каманда «Краіны для жыцьця» ў сваім тэлеграм-канале абвясьціла, што 18 жніўня апоўдні зьбярэцца каля СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску, дзе знаходзіцца пад арыштам іх лідэр Сяргей Ціханоўскі.

«Мы адзначым гэты дзень як мага бліжэй да Сяргея, сьвяточна прасьпяваем „Разбуры турмы муры“ і запусьцім у неба шары з папяровымі тапкамі», — напісала каманда.

08:34 18.8.2020

Мітынгі #за_бацьку пройдуць у Магілёве і Гомлі

18 жніўня ў Магілёве і Гомлі пройдуць праўладныя мітынгі. Сайт «Праўда Гомель» пад загалоўкам «Не дамо разваліць краіну» піша:

«Беларусы доўга назіралі за беспарадкамі, якія ладзяць асобна ўзятыя грамадзяне пад прыкрыцьцём так званых „мірных акцый“. Але пасьля народнага веча ў Менску, якое сабрало больш за 70 тысяч беларусаў, выразіць адкрыта сваю падтрымку краіне вырашылі яшчэ раз гамельчукі».

Пад «70-тысячным вечам» маецца на ўвазе мітынг Аляксандра Лукашэнкі перад зьвезенымі з усёй краіны людзьмі на плошчы Незалежнасьці 16 жніўня.

Тэгі мітынгу — #ЗА_БАЦЬКУ, #ЗА_БЕЛАРУСЬ #ЛЮБИМУЮ_НЕ_ОТДАДИМ.

Гомельскі мітынг пачнецца а 18-й гадзіне на плошчы Леніна.

У Магілёве мітынг пройдзе а 17-й гадзіне на плошчы з такой самай назвай.

XS
SM
MD
LG