Заяву палітвязьня, паліттэхноляга Віталя Шклярава апублікаваў на сайце «Эхо Москвы» яго адвакат Антон Гашынскі.
— Як і ўсякі чалавек, які наважыўся крытыкаваць аўтарытарныя рэжымы, я разумеў, што заракацца ад турмы ня варта. Але калі мяне арыштавалі, я ўсё ж не чакаў, што траплю ў таталітарны засьценак. Надоўга. Нібы нейкая гнюсная машына часу адправіла мяне ў ГУЛАГ. Не, мяне пакуль ня бʼюць. Але спрабуюць зламаць. Усімі сіламі. Ціснуць, выкарыстоўваюць махровыя лягерныя мэтады.
Самае страшнае, што ў мяне няма перапіскі і сувязі з вонкавым сьветам. Я палітвязень, таму лісты, якія я празь дзень пішу маці, сыну, жонцы, сябрам, за сьцены турмы не прапускаюць.
На ўсялякі выпадак афіцыйна заяўляю: думак пра самагубства ня маю. Спадзяюся быць цалкам апраўданым, выйсьці на свабоду і працягнуць жыць свабодным сумленным жыцьцём, як жыў заўсёды.