Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у пытаньнях зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі Жузэп Барэль 17 жніўня заявіў, што Эўразьвяз падтрымлівае тых жыхароў Беларусі, якія выйшлі на дэманстрацыі ў Беларусі 16 жніўня і запатрабавалі зьменаў у краіне ўжо цяпер.
«У нядзелю, 16 жніўня, прайшоў найбуйнейшы ў найноўшай гісторыі Беларусі мітынг. Сотні тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы па ўсёй Беларусі, каб узяць удзел у „Маршы за свабоду“, — гаворыцца ў заяве Барэля. — У гэтых мірных дэманстрацый былі выразныя патрабаваньні: вызваленьне ўсіх незаконна затрыманых, судовы перасьлед вінаватых у жорсткасьці міліцыі і правядзеньне новых прэзыдэнцкіх выбараў. Чыстыя лічбы ясна паказваюць, што жыхары Беларусі хочуць пераменаў ужо цяпер. ЭЗ падтрымлівае іх».
Барэль адзначыў, што «з улікам штораз больш шакавальных паведамленьняў пра бесчалавечныя ўмовы і абыходжаньне ў месцах утрыманьня пад вартай» Эўразьвяз чакае стараннага і празрыстага расьсьледаваньня ўсіх парушэньняў, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.
Барэль нагадаў, што цяпер ЭЗ працуе над новымі санкцыйнымі сьпісамі ў адносінах да асобаў, якія адказныя за «гвалт, задушэньне мірных пратэстаў і фальсыфікацыю вынікаў выбараў».
Эўразьвяз лічыць выбары прэзыдэнта Беларусі сфальсыфікаванымі і не прызнае іх вынікаў. Пра гэта паведаміла Эўрапейская служба зьнешніх дзеяньняў пасьля пазачарговай сустрэчы Рады міністраў замежных спраў ЭЗ 14 жніўня.