Лідэры пяці асноўных палітычных фракцый Эўрапарлямэнту 17 жніўня апублікавалі сумесную заяву з заклікам правесьці новыя, свабодныя выбары ў Беларусі і з асуджэньнем гвалту супраць мірных маніфэстантаў.
«Мы аплядуем беларускаму народу за яго мужнасьць і рашучасьць і моцна падтрымліваем яго імкненьне да дэмакратычных пераменаў і свабоды. Прэзыдэнцкія выбары 9 жніўня не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі, і вартыя даверу справаздачы паказваюць на перамогу Сьвятланы Ціханоўскай. Таму мы не прызнаем Аляксандра Лукашэнку пераабраным прэзыдэнтам Беларусі і лічым яго пэрсонай нон грата ў Эўразьвязе, — гаворыцца ў дакумэнце, апублікаваным на сайце Эўрапейскай народнай партыі.
Кіраўнікі палітычных фракцыяў Эўрапарлямэнту заявілі, што «далучаюцца да беларускага народу ў яго патрабаваньні новых і свабодных выбараў пад наглядам незалежных назіральнікаў».
«Мы рашуча асуджаем арышты і жахлівыя акты гвалту і катаваньняў, якія чыняцца супраць мірных дэманстрантаў, і заклікаем да поўнага расьсьледаваньня гэтых злачынстваў, якія ня могуць застацца беспакаранымі. У сувязі з гэтым нагадваем Аляксандру Лукашэнку аб адказнасьці», — падкрэсьліваюць лідэры фракцыяў.
«Мы заклікаем неадкладна вызваліць усіх незаконна затрыманых і палітычных зьняволеных, затрыманых да і падчас выбарчай кампаніі. Мы вітаем рашэньне міністраў замежных справаў ЭЗ унесьці ў чорны сьпіс усіх, хто нясе адказнасьць за гвалт і фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў. Мы настойліва заклікаем скласьці санкцыйны сьпіс як мага хутчэй, каб асобам, якія зрабілі гэтыя злачынствы, было забаронена наведваць ЭЗ, а іх актывы былі замарожаныя», — гаворыцца ў заяве.
Лідэры фракцыяў прапанавалі аднавіць мэтавыя праграмы дапамогі ЭЗ рэпрэсаваным у Беларусі і іх сем’ям.
На іхную думку, ЭЗ мусіць падрыхтаваць усебаковы агляд сваёй палітыкі ў дачыненьні да Беларусі і прызначыць спэцыяльнага прадстаўніка ў справах Беларусі, «каб падтрымаць працэс мірнай перадачы ўлады ў адпаведнасьці з воляй беларускага народу».
«Мы заклікаем Расейскую Фэдэрацыю ўстрымацца ад любога ўмяшаньня, схаванага або адкрытага, у Беларусі пасьля выбараў, і заклікаем інстытуты ЭЗ і дзяржавы-ўдзельніцы пільна процідзейнічаць любым дзеяньням Расеі ў гэтых адносінах», — адзначаецца ў заяве эўрапарлямэнтароў.