Проста Менск, проста від з вакна на Партызанскім праспэкце
Кіраўнік Эўрапейскай рады склікае саміт, каб абмеркаваць сытуацыю ў Беларусі
«Народ Беларусі мае права самастойна прымаць рашэньне аб сваёй будучыні і свабодна выбіраць свайго лідэра», — напісаў Шарль Мішэль у Twitter.
Ён асудзіў гвалт у дачыненьні да ўдзельнікаў акцыяў пратэсту і дадаў, што ЭЗ працягвае сачыць за сьведчаньнямі магчымага расейскага ўмяшаньня ў сытуацыю ў Беларусі.
Эўрапейская рада – гэта вышэйшы палітычны орган ЭЗ, які складаецца зь лідэраў дзяржаў і ўрадаў краін-чальцоў Эўразьвязу.
Два супрацоўнікі Міністэрства замежных справаў выйшлі на пікет
Яны заклікаюць сілавікоў «спыніць генацыд», ня біць ляжачых, бездапаможных, дзяцей, жанчын і старых; расьсьледаваць факты «беззаконьня і судовага свавольства».
Калёна, да якой далучыліся рабочыя з МАЗа, выйшла на Партызанскі праспэкт і рухаецца ў кірунку цэнтру.
У Менску каля прэзыдыюму Акадэміі навук стаяць сацыёлягі з Інстытуту сацыялёгіі
Віруснае відэа з калёнамі БТР у Беларусі — гэта не расейскія войскі
Пра гэта перадае ў сваіх сацыяльных сетках арганізацыя расьсьледвальнай журналістыкі Conflict Intelligence Team (CIT).
Відэа, на якім, як вынікае з камэнтароў апэратара, па тэрыторыі Беларусі ў раёне Віцебска едзе калёна БТР, учора шырока распаўсюджвалася ў сеціве.
«На фоне паведамленьняў аб перакідцы расейскай тэхнікі да межаў Беларусі многія палічылі гэта першым сьведчаньнем уводу расейскіх вайскоўцаў у Беларусь.
Мы ўспомнілі, што яшчэ 15 жніўня Лукашэнка аддаў загад перакінуць дэсантную брыгаду зь Віцебска ў Горадню. Мабыць, гаворка ідзе пра 103-ю асобную гвардзейскую паветрана-дэсантную брыгаду Сіл спэцыяльных апэрацый рэспублікі Беларусь».
Журналісты прааналізавалі відэа паказальнага выступу дэсантнікаў 103-й брыгады на дзень ПДВ 2 жніўня 2020 года і выявілі БТРы з аналягічным камуфляжам.
На БелАЗе рабочых зачыняюць у цэхах і не даюць сабрацца на нараду
Як расказалі працоўныя прадпрыемства карэспандэнту Свабоды, 17 жніўня яны хацелі сабрацца на агульны сход, каб сфармуляваць патрабаваньні і звярнуцца да кіраўніцтва заводу.
У адказ на гэта начальнікі падраздзяленняў пачалі зачыняць цэхі.
Рабочы з экспэрымэнтальнага цэху Аляксандар Смольскі расказаў, што а 12-й гадзіне на БелАЗе пачаўся абедзенны перапынак, і людзі, у якіх ёсць магчымасьць, сабраліся каля будынку заводакіраўніцтва. Агулам каля 200 чалавек, але рабочыя яшчэ падцягваюцца.
«Людзі цяпер стаяць, выкрыкваюць лозунгі «Лукашэнка, сыходзь!», — кажа Аляксандар. Ці сапраўды рабочых зачыняюць у цэхах, наш суразмоўца пацьвердзіць не змог. Людзі з экспэрыментальнага цэху, дзе ён працуе, маглі спакойна выйсці, бо, паводле Аляксандра, у іх ляяльны начальнік.
«Мы сабралі сход, мы не працуем і не зьбіраемся; дэ-факта мы бастуем, але дэ-юрэ гэта сход, на які мы маем права паводле калектыўнай дамовы», — кажа Аляксандар.
Некалькі соцень чалавек сабраліся перад будынкам, дзе месьцяцца тэлеканалы АНТ і СТВ
Пасьля прыезду Лукашэнкі на завод колавых цягачоў у краіне складваецца прынцыпова новая сытуацыя, піша аналітык Валер Карбалевіч
Дзейны кіраўнік дзяржавы разьюшыўся, закусіў цуглі і адмовіўся нават размаўляць па-чалавечы з народам. Ён заявіў, што пакуль жывы, не адмовіцца ад пасады прэзыдэнта і не на якія новыя выбары не пойдзе. Стаў казаць пра нейкую новую Канстытуцыю. Відавочна, што такая пазыцыя не зусім адэкватная.
Але ўсё гэта азначае, што цяпер ніякага кампрамісу, дыялёгу быць ня можа. Беларускі канфлікт можа вырашыцца толькі перамогай аднаго з бакоў. Ці то ў выніку адпадзеньня ад рэжыму ўсё новых структур (кшталту БТ, працоўных калектывах буйнейшых прадпрыемстваў) — тады Лукашэнка акажацца палкаводцам бяз войска. Ці Лукашэнка ўвядзе надзвычайнае становішча і ажыцьцявіць сілавы сцэнар.
МАЗ далучыўся да страйку
Каля прахадной аўтазаводу іх сустрэлі воклічамі «Малайцы» рабочыя зь іншых заводаў.
У Віцебску гараджане заклікаюць чыгуначнікаў да страйку. Але рабочыя пакуль не выходзяць
Работнікі «Белэнэргасеткапраекта» абвясьцілі забастоўку
Фота ад чытачоў
Рабочыя заводаў выйшлі на вуліцу. Стрым Свабоды
Сёньня на завод колавых цягачоў прыязджаў Лукашэнка. Калёна з МТЗ і МЭТЗ і іншых прадпрыемстваў па ходніках Партызанскага праспэкту прыйшла да заводу. Скандавалі «Верым, можам, пераможам!». Пасьля яна рушыла ў бок МАЗу.
Генпракуратура апублікавала сьпіс людзей, якія ўсё яшчэ знаходзяцца за кратамі за ўдзел у акцыях пратэсту
Кіраўнік «Беларуськалія» загадаў забастоўнікам вярнуцца да працы
4-е рудаўпраўленне «Беларуськалія», якое зранку далучылася да забастоўкі, наведаў кіраўнік кампаніі Іван Галаваты.
Ён загадаў людзям выйсьці на працу. Некалькі соцень рабочых сабраліся на прахадной, вырашаюць, што рабіць. А 15-й гадзіне тут будзе агульны сход супрацоўнікаў, а 18-й яны зьбіраюцца ў цэнтры Салігорску.
Тым часам супрацоўнікі «Беларуськалія» працягваюць сход каля 4-га рудаўпраўленьня. Асноўнае патрабаваньне — адстаўка Лукашэнкі і прызначэньне новых выбараў.
Некалькі соцень чалавек сабраліся перад будынкамі СТВ і АНТ на Камуністычнай вуліцы ў Менску
Тут выступае Марыя Калесьнікава. Яна кажа пра салідарнасьць і стварэньне каардынацыйнага камітэту, у які могуць увайсьці прадстаўнікі прадпрыемстваў.
Людзі трымаюць плякаты «Праўду», «Пакажыце людзям праўду», бел-чырвона-белыя сьцягі.
Юлія Мацука з АНТ распавядае, што ўпершыню калектыў выйшаў на страйк пятніцу, іх было няшмат.
«Але сёньня нас спачатку было 30 чалавек, колькі цяпер, я ня ведаю. Нас пачалі звальняць. У суботу мне пазваніў кіраўнік і сказаў, што я звольненая і мяне ня пусьцяць. Гэта гвалт над нашай пазыцыяй, гвалт з нас. Ёсьць тыя, хто звыкся і ня хоча нічога мяняць. Што будзе з тымі, хто застаўся, я ня ведаю. Калі нас будзе выходзіць больш, то цалкам магчыма, што выйдуць усе».
На «БелАЗе» працоўных зачыняюць у цэхах і не даюць сабрацца на нараду, — Белсат
Мяккае, неагрэсіўнае грамадзтва раптам зайшлося ад жаху, болю і крыўды — і прачнулася
«Слухаючы прамову Лукашэнкі на мітынгу 16 жніўня, часам здавалася, што ён не тутэйшы, чужаземец, што ён ня бачыць і не разумее народу, якім кіруе», — піша Валянцін Жданко ў сваім блогу.
Прэзыдэнт Францыі Макрон: ЭЗ павінен падтрымаць мірныя пратэсты ў Беларусі
«Эўрапейскі зьвяз павінен працягнуць мабілізацыю на баку соцень тысяч беларусаў, якія мірна выступаюць за выкананне іх правоў, свабоды і сувэрэнітэт» — такі запіс зрабіў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон на сваёй старонцы ў «Твітэры» у ноч на 17 жніўня.
Ідзе забастоўка каля будынка тэлеканалу АНТ