Архіяпіскап горадзенскі — настаўнікам: «Вам на каленях трэба стаяць за ўсе фальсыфікацыі, за тую хлусьню, якую вы пхалі нашым дзецям»
Горадзенскі архіяпіскап Арцемій выступіў у нядзелю з казаньнем, у якім жорстка раскрытыкаваў улады. «Палітыкі ўсіх краін заўсёды будуць старацца падмяць пад сябе Царкву, каб Царква адпавядала патрабаваньням улады заможных». — заявіў ён.
«Мы кажам, што ўчыняецца беззаконьне! Нашы людзі зьвярэюць! І драпежаць сваіх жа братоў! Да нас, сьвятароў, прыходзяць і апавядаюць са сьлязьмі на вачах: „Што з маёй дачкой робяць?!“ Да нас прыходзяць і расказваюць пажылыя людзі: „На лавачцы сядзелі, а іх зьбілі, зьняважылі“! Яны жылі, кажа, за нашу Айчыну».
Ён папрасіў людзей не маўчаць, а адказных за беззаконьне заклікаў спыніцца.
«Трэба гаварыць. Вучыцца ў іх, у моладзі! А той, хто старэйшае пакаленьне, якое бурчыць, настаўнікі: „Мы там палітыку ўбачылі“ — вам на каленях трэба стаяць, за ўсе фальсыфікацыі, за тую хлусьню, якую вы пхалі нашым дзецям! За гэты БРСМ, за камсамол, за ўсё тое, што было... атэістычнае. Вось вынік вашага выхаваньня! Цяпер вашы выхаванцы з ланцуга сарваліся! Яны прагнуць крыві. Яны шалёныя».
Ён падзякаваў удзельнікам мірнага пратэсту за непрыняцьце гвалту.
Што Лукашэнка казаў пра катаваньні на Акрэсьціна: «Атрымалі тыя, хто там жа кідаўся на мянтоў»
Падчас візыту на МЗКЦ у Менску Аляксандар Лукашэнка сказаў, што ў ізалятары на Акрэсьціна застаецца ад 2000 да 2500 затрыманых.
Ён таксама пракамэнтаваў катаваньні затрыманых сілавікамі.
«На Акрэсьціна, не папулярна, але скажу, атрымалі тыя, хто там жа, на Акрэсьціна кідаўся на мянтоў. Вы ведаеце хто?».
У гэты момант яго пачалі асьвістваць і крычаць «Сыходзь!». Ён падзякаваў і неўзабаве пакінуў тэрыторыю заводу.
Рабочыя сышлі ад МЗКЦ. Калёна рухаецца ў цэнтар
З заводу колавых цягачоў да пратэстоўцаў ніхто ня выйшаў. Нягледзячы на тое, што з заводу вылецеў верталёт, некаторыя кажуць, што Лукашэнка ўсё яшчэ на МЗКЦ.
Ва ўсёй краіне на 10 хвілін зьнік інтэрнэт
Чытачы Свабоды зь Менску, Берасьця, Віцебску, Ліды, Нясьвіжу і іншых гарадоў Беларусі паведамляюць, што ў іх на кароткі час цалкам зьнікала інтэрнэт-сувязь.
Сытуацыя на прадпрыемствах выходзіць з-пад кантролю Лукашэнкі
Меркаваньне аглядальніка Свабоды Сяргея Навумчыка.
Лукашэнка ўсё ж зьявіўся на Менскім заводзе колавых цягачоў. Трэба прызнаць, што гэта сьмелы крок, меркавалася, што пасьля публічнага прызнаньня дырэктарам заводу паразы Лукашэнкі на новых выбараў, яго ня будзе.
Безумоўна, наведваньне МЗКЦ, як і мітынг падтрымкі ў нядзелю, разьлічаны на тэлевізійную карцінку. Але ўчора тэлевізар не спрацаваў: сёньня спыніліся руднікі ў Салігорску, пра страйк з патрабаваньнем адстаўкі Лукашэнкі заявілі некалькі буйных прадпрыемстваў Менску.
Але галоўнае, што стыхійны пратэст пачаў афармляцца арганізацыйна: на заводах утвараюцца страйкамы. І гэта выводзіць страйк на зусім іншы ўзровень, пры якім улада страчвае кантроль над сытуацыяй на прадпрыемствах, — лічыць палітычны аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык.
Лукашэнка: «Пакуль вы мяне не забʼяце, іншых выбараў ня будзе»
Тым часам на будаўніцтве комплексу «Минск Мир»
Віцябляне патрабуюць сустрэчы са старшынём аблвыканкаму
Вялікая Брытанія не прызнала вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі
Пра гэта заявіў міністар замежных справаў Дамінік Рааб.
«Сьвет з жахам глядзеў на насільле, якое беларускія ўлады выкарыстоўвалі для падаўленьня мірных пратэстаў», – сказаў палітык. Ён дадаў, што яго краіна будзе дзейнічаць, каб пакараць вінаватых у фальсыфікацыі.
Марыя Калесьнікава выступіла каля МЗКЦ
Прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі выступіла перад дэманстрантамі каля МЗКЦ. «26 гадоў улада прыніжае ўсіх нас. Дзякуй вам за салідарнасьць, за тое, што вы сюды сёньня прыйшлі». Людзі сустрэлі яе воклічамі «Малайчына». Яна сказала, што «мы будзем дабівацца адстаўкі былога прэзыдэнта» і кожны дзень «дзяўбці, дзяўбці, дзяўбці». Людзі падхапілі гэты лёзунг. Прахадная МЗКЦ дагэтуль зачыненая.
Калесьнікава заклікала людзей абʼядноўвацца, вылучаць сваіх прадстаўнікоў у раду па аднаўленьні дэмакратычнай Беларусі, каб разам дамагацца адстаўкі Лукашэнкі і вызваленьня палітычных вязьняў.
«Толькі адстаўка былога прэзыдэнта супакоіць людзей», — сказала яна.
Каля 11-й гадзіны калёна прыйшла да МЗКЦ. З тэрыторыі заводу ў гэты час вылецеў белы верталёт.
На мітынгу каля БТ заявілі, што будзе страйк на АНТ.
Некалькі вядоўцаў з радыё «Гродна» адхілілі ад эфіру
Горадня. Некалькі вядоўцаў з радыё «Гродна» адхілілі ад эфіру. У суботу, 15 жніўня, на радыёстанцыі паўдня ішлі выпускі навінаў, дзе вядоўцы расказвалі пра мітынгі ў Горадні, пра перамовы народу са старшынём гарвыканкаму Мечыславам Гоем. Далейшы лёс вядоўцаў пакуль невядомы.
Рабочыя з МТЗ і электратэхнічнага заводу пайшлі да МЗКЦ, дзе чакаецца прыезд Лукашэнкі
Сёньня на заводзе колавых цягачоў чакаецца прыезд Лукашэнкі.
Калёна з МТЗ і МЭТЗ ужо ідзе па ходніках Партызанскага праспэкту. Скандуюць «Верым, можам, пераможам!».
Паводле карэспандэнта Свабоды, іх некалькі тысяч.
Як сказаў Сяргей Білеўскі, сябра стачкаму МТЗ, патрабаваньні ў рабочых такія:
- адстаўка Лукашэнкі
- вызваленьне палітвязьняў
- новыя выбары
Рабочыя сказалі, што МТЗ і МЭТЗ часткова працуюць. Страйкуюць толькі тыя, хто ідзе ў калёне.
Андрэй Сусьлянкоў, намесьнік дырэктара МТЗ па кадрах і ідэалёгіі, ідзе разам з рабочымі. Кажа, ягоная задача — давесьці рабочых і вярнуць іх на завод.
У калёне нясуць плякаты «Ніякіх перамоў — толькі адстаўка». Некалькі бел-чырвона-белых сьцягоў. Скандуюць «Сыходзь». Аўтамабілісты сыгналяць.
МЗКЦ месьціцца каля кальцавой дарогі за гандлёвым цэнтрам «Мома».
Пратэст на БТ, сабралі 600 подпісаў за страйк
Пра гэта паведаміў апэратар зь Белтэлерадыёкампаніі Мікіта Шпак. Збор подпісаў працягваецца. Каля ўваходу ў будынак сабраліся людзі. Цяпер, паводле Шпака, у кіраўнік БТ Іван Эйсмант сустракаецца з рэдакцыямі і кажа, каму не падабаецца — хай звальняюцца. У некаторых работнікаў ужо не працуюць пропускі і яны ня могуць трапіць у будынак праз турнікет.
Апэратар Дзяніс Сакалоўскі сказаў, што апэратары Агенцтва тэлевізійных навінаў прыходзяць на працу, але не выяжджаюць на здымкі. Людзі на вуліцы, у тым ліку працаўнікі БТ, скандуюць «Выходзь» на адрас Івана Эйсманта.
Салігорск. Першае рудаўпраўленьне сёньня раніцай
Ціханоўская: Я гатовая прыняць на сябе адказнасьць і выступіць у якасьці нацыянальнага лідэра
Экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская выступіла са зваротам. Яна заявіла, што краіна перажывае цяпер вельмі складаны пэрыяд сваёй гісторыі і ў гэты пэрыяд людзі павінны зрабіць свой выбар.
«Я гатовая прыняць на сябе адказнасьць і выступіць у гэты пэрыяд у якасці нацыянальнага лідэра. З тым, каб краіна супакоілася, увайшла ў нармальны рытм. Каб мы вызвалілі ўсіх палітвязьняў і ў самыя кароткія тэрміны падрыхтавалі заканадаўчую базу і ўмовы для арганізацыі новых прэзыдэнцкіх выбараў. Рэальных, сумленных і празрыстых выбараў, якія будуць безумоўна прынятыя сусьветнай супольнасьцю», — заявіла сярод іншага Сьвятлана Ціханоўская.
«Беларусь ня востраў!» 1117 навукоўцаў з розных краінаў напісалі беларускім уладам
Акцыя салідарнасьці прайшла ў Філадэлфіі, паўтарамільённым горадзе ЗША