Намесьнік камандзіра АМАПа Іван Юрко сёньня на афіцыйным мітынгу ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі на плошчы Незалежнасьці ў Менску заклікаў беларусаў «захоўваць разважлівасьць і не паддавацца на правакацыі, паведамляе БелТА.
«Я прашу ўсіх жыхароў Беларусі ня даць разваліць краіну, захаваць спакой, разважлівасьць. Не паддавайцеся на правакацыі», — заклікаў ён.
Іван Юрко зьвярнуў увагу, што «разам з адкрытымі сутыкненьнямі ідзе гнюсная вайна запалохваньня міліцыянтаў і іх сямейнікаў». «Мы ня хочам вайны. Увесь беларускі народ ня хоча вайны. Мы гэтую краіну не аддамо, таму што проста — любімых не прадаюць», — сказаў ён з трыбуны.
За першыя чатыры дні пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі затрымалі каля 7 тысяч чалавек. Прынамсі 2 пратэстоўцы загінулі, сотні чалавек атрымалі раненьні, цяжкія траўмы ў выніку страляніны, зьбіцьця і катаваньняў з боку АМАПу і іншых сілавых структур.