Беларусь пакуль не зьвярталася ў сакратарыят Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) з просьбай аб аказаньні дапамогі. Пра гэта паведаміў у суботу прэс-сакратар АДКБ Уладзімір Зайнэтдзінаў.
«Цяпер у сакратарыят АДКБ ніякіх зваротаў ад Беларусі аб аказаньні дапамогі не паступала», — адзначыў Зайнэтдзінаў.
Як ён удакладніў, у выпадку атрыманьня такога звароту ад беларускага боку ён будзе разгледжаны ва ўстаноўленым у арганізацыі парадку.
«Падставы для аказаньня дапамогі прапісаныя ў Дамове калектыўнай бясьпекі ў артыкуле 4 (прысьвечаны агрэсіі якой-небудзь краіны або краін у дачыненьні да дзяржавы-ўдзельніцы АДКБ) і ў статуце арганізацыі. Аднак усе рашэньні аб аказаньні дапамогі прымаюцца ў арганізацыі толькі пасьля правядзеньня адпаведных кансультацый з усімі дзяржавамі-ўдзельніцамі АДКБ», — растлумачыў прэс-сакратар.
Як паведаміў раней сёньня Аляксандар Лукашэнка, Расея на першы запыт акажа дапамогу ў справе забесьпячэньня бясьпекі яго краіны ў выпадку зьнешняй пагрозы. Кіраўнік Беларусі ўдакладніў, што «гаворка ідзе пра вайсковы складнік» у дамове з Расейскай Фэдэрацыяй у рамках «саюзнай дзяржавы» і АДКБ.
У артыкуле нумар 4 Дамовы аб калектыўнай бясьпецы АДКБ, у прыватнасьці, сказана, што калі супраць адной зь дзяржаваў арганізацыі адбудзецца агрэсія з боку якой-небудзь краіны або групы краін, гэта будзе разглядацца як акт агрэсіі супраць усіх удзельнікаў АДКБ. Усе дзяржавы АДКБ акажуць пацярпелай краіне-ўдзельніцы неабходную дапамогу, у тым ліку і вайсковую.