Жыхарка Гомлі Натальля Марчанка абвясьціла галадоўку пад гомельскім ізалятарам часовага ўтрыманьня. Там адбывае суткі яе сын Кірыла. Яго схапілі і жорстка зьбілі 12 жніўня.
У Менску разьвітваюцца з загінулым падчас пратэстаў Аляксандрам Тарайкоўскім. СТРЫМ СВАБОДЫ
«Ён моцна зьбіты. Мне расказаў пра гэта яго сябра, які выйшаў учора. Я хачу, каб яго выпусьцілі, бо ў тым стане, у якім ён знаходзіцца, для якога кожная хвіліна там — гэта пекла. Я сама 12 жніўня была пад Цэнтральным РАУС, я чула, як там моцна крычалі людзі, іх страшна зьбівалі. Калі я прыйшла пад міліцыю, то чула, як іх білі, майго сына білі, я сама чула! Было чуваць з вокнаў.
Калі мы зь іншымі бацькамі пачалі крычаць: „Навошта вы б’яце нашых дзяцей?“, яны проста зачынілі вокны. Калі я пачала абурацца, яны мне сказалі: „Ты таксама хочаш так? Дык заходзь!“ — я зайшла. Я на першым паверсе стаяла, яны мяне абшукалі, пагражалі мне — амапаўцы. Жорстка біў АМАП. У мяне такі добры сын. Уроды, проста ўроды... Я бачыла іх твары, гэта зьвяры, у іх зьвярыныя вочы.
Чатыры „хуткія“ прыяжджалі у той дзень, 12 жніўня, пакуль мы там стаялі. Аднаго выносілі — ён ледзь жывы быў, хрыпеў... Дзяўчынку адну выводзілі, яе доўга адкачвалі... Яна была проста ў неадэкватным стане... Людзі, гэта проста пекла. Я ня думала, што такое можа быць... Дзяўчынку пры мне ў АМАП адбівала „хуткая“ — ёй было блага, а АМАП не хацеў яе аддаваць. Яны адбілі яе, мэдыкі. Нас там было шмат, мы чулі, як білі дзяцей, мы крычалі, мы лямантавалі там... Мяне выперлі адтуль, за каўнер узялі і выкінулі, гэта пекла і жах...», — распавяла Натальля Марчанка.