Галава БАПЦ архіяпіскап Сьвятаслаў Логін з Канады выступіў са зваротам у сувязі з апошнімі падзеямі ў Беларусі.
Хрысьціянская вера, піша архіяпіскап, заўсёды вучыць змагацца за праўду і дабро, паважаць іншых людзей. «У гэтыя дні пакутуюць беларусы, бо бязбожная ўлада ўжыла зброю супраць свайго народу, які выйшаў на мірныя пратэсты супраць хлусьні і зла. Увесь цывілізаваны сьвет салідарны зь людзьмі, якія адстойваюць сваю годнасьць і свой голас на выбарах прэзыдэнта Беларусі і асуджаюць гвалт супраць іх».
Архіяпіскап Сьвятаслаў Логін рэзка выказваецца ў адрас кіраўніка Беларускага экзархату РПЦ мітрапаліта Паўла:
«На жаль, ня ўсе хрысьціянскія цэрквы ў Беларусі падтрымліваюць і моляцца за свой народ. Напрыклад, кіраўнік Беларускага Экзархату РПЦ (прысланы з расейскае Разані) яшчэ да афіцыйнай аб’явы пераможцы на выбарах павіншаваў дыктатара. (Сьвятое Пісьмо кажа: „Па пладах іхных пазнаеце іх“. Мц.7:16)».
Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, піша архіяпіскап Логін, заклікае беларускі народ абараніць свабоду свайго выбару і будучыню свае дзяржавы. «Молімся за супакой загінулых суайчыньнікаў і за здароўе параненых і зьняволеных, за ўвесь народ наш. Няхай Госпад дабраслаўляе ўсіх на добрыя справы і збаўляе нас ад лукавага».
Як паведаміў напярэдадні Свабодзе прэсавы сакратар Беларускага экзархату РПЦ айцец Сергій Лепін, мітрапаліт Павал папрасіў прабачэньня за заўчаснае віншаваньне Лукашэнкі, якое абурыла вернікаў.