Першыя «ланцугі салідарнасьці» пачалі зьяўляцца на вуліцах Віцебску ад самай раніцы 14 жніўня. Спачатку яны налічвалі па некалькі дзясяткаў чалавек. Увечары калёна зь мірных дэманстрантаў вырасла да некалькіх тысяч.
Гараджане шпацыравалі цягам усяго дня з кветкамі, балёнікамі і самаробнымі плякатамі супраць міліцэйскага гвалту. Час ад часу людзі скандавалі «Віцебск, выходзь!», «Жыве Беларусь!» Валянтэры падвозілі людзям у ланцугах ежу і напоі.
Людзі спыняліся каля мэдычных установаў і дзякавалі мэдыкам, падыходзілі да гарадзкіх прадпрыемстваў, у тым ліку да «Марка» і «Белвесту».
Пасьля чатырох гадзін дня каля тысячы чалавек сабраліся каля будынку Віцебскага аблвыканкаму ў цэнтры гораду. Людзі патрабавалі, каб да іх выйшлі прадстаўнікі ўлады, зьбіралі подпісы пад пэтыцыяй аб прызнаньні фальсыфікацый на выбарах і вызваленьні зьняволеных.
Чыноўнікі ня выйшлі да людзей. А пятай гадзіне ў іх скончыўся працоўны дзень. Гараджане вырашылі сабрацца разам на пляцоўцы перад аблвыканкамам у нядзелю. А таксама прыйсьці ў панядзелак — а 8-й раніцы.
Пасьля людзі рушылі да Віцебскага гарвыканкаму на беразе Віцьбы ў гістарычным цэнтры. Але і там працоўны дзень быў скончаны.
Шматлюдная калёна скіравалася праз Кіраўскі мост празь Дзьвіну да прывакзальнай плошчы. Побач, на мосьце Мэталістаў, пікетавалі чыгуначнікі. Гараджане дзякавалі працаўнікам Беларускай чыгункі.
Калёна вырасла да некалькіх тысяч чалавек, калі наблізілася да плошчы Перамогі. Да яе далучыліся мэдыкі, якія выходзілі на знак салідарнасьці да мэдычнага ўнівэрсытэту. Большая частка плошчы ўжо некалькі дзён агароджаная, таму дэманстранты пайшлі шпацыраваць далей — па Маскоўскім праспэкце.
Мірнае шэсьце расьцягнулася на сотні мэтраў.
Пасьля восьмай гадзіны гараджане падышлі да віцебскага ізалятару часовага ўтрыманьня, які месьціцца на ўскраіне гораду. Каб падтрымаць віцяблян, якіх затрымалі ў папярэднія дні, людзі ў калёне скандавалі «Адпускай!»
Масавае шэсьце скончылася на плошчы Перамогі каля дзясятай гадзіны вечара — людзі невялікімі групамі пачалі разыходзіцца.