Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выкладчыка ўнівэрсытэту Джорджа Вашынгтона вызвалілі з турмы КДБ, — адвакатка


Пратэсты і затрыманьні ў Магілёве. 10 жніўня 2020 г.
Пратэсты і затрыманьні ў Магілёве. 10 жніўня 2020 г.

Адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што яе падабароннага Стаса Гарэліка, дактаранта ўнівэрсытэту Джорджа Вашынгтона, вызвалілі зь СІЗА КДБ.

Яго затрымалі 12 жніўня. Да Гарэліка ў кватэру ўварваліся спэцслужбы, правялі ператрус, перад затрыманьнем ён пасьпеў патэлефанаваць бацьку і сказаць, што яму інкрымінуюць артыкул 342 Крымінальнага кодэксу — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ўдзел у іх».

У Менску разам з Гарэлікам была ягоная жонка-амэрыканка Марыса, яе не затрымалі.

Стас Гарэлік — дактарант унівэрсытэту Джорджа Вашынгтона. Ягоныя навуковыя інтарэсы — сучасныя аўтарытарныя рэжымы. Апошнім часам ён шмат пісаў пра беларускія выбары. Паводле назіральнікаў, гэта можа быць зьвязана з справай паліттэхноляга Віталя Шклярава, якога затрымалі яшчэ перад прэзыдэнцкімі выбарамі.

6 жніўня Аляксандар Лукашэнка сказаў, што сярод затрыманых ёсьць «уладальнікі амэрыканскіх пашпартоў, жанатыя з амэрыканкамі, якія працуюць на Дзярждэп».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG