Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка перакананы, што цяпер наўмысна спрабуюць «разгойдваць» дзяржаўныя прадпрыемствы.
Выбары – 2020. 6-ы дзень пратэстаў. Выпускаюць затрыманых. Бастуюць заводы. АБНАЎЛЯЕЦЦА
Як паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА, адкрываючы 14 жніўня нараду аб актуальных пытаньнях функцыянаваньня будаўнічай галіны, Лукашэнка заявіў:
«Для пачатку: я пакуль жывы і не за мяжой, як тут некаторыя нашы паважаныя „сьвядомыя“ раскручваюць... Сёньня 14 жніўня, мы з вамі сустракаемся для таго, каб абмеркаваць працу будаўнічай галіны».
Рэагуючы на папярэджаньні некалькіх буйных прадпрыемстваў аб магчымым страйку, Лукашэнка сказаў:
«Калі мы спынімся, ніколі не раскруцім сваю вытворчасьць. Ніколі! Нас яшчэ ў гэтае балота і падштурхнуць. Людзям трэба гэта растлумачыць: хочаце — страйкуйце, хочаце працаваць — працуйце».
«Наша пазыцыя адназначная: мы ў цяжкія часы пандэміі нікога не нахілялі, не прымушалі. І тут таксама мы нікога не павінны трымаць. Калі людзі хочуць працаваць — калі ласка. Вось праца, прыходзьце, працуйце. Калі чалавек ня хоча працаваць, мы ж яго на аркане не зацягнем».