Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітынг на Плошчы незалежнасьці, Менск, 14 жніўня 2020 года.
Мітынг на Плошчы незалежнасьці, Менск, 14 жніўня 2020 года.

Шосты дзень пратэстаў. Масавыя шэсьці і мітынгі рабочых у Менску, Салігорску, Віцебску, Горадні. Жлобіне

14 жніўня ўначы пачалі выпускаць затрыманых у Жодзіне і Менску. З самай раніцы зьявіліся «ланцугі салідарнасьці». Пратэсты прайшлі на многіх прадпрыемствах у розных гарадах Беларусі.

  • Увечары рабочыя «Беларуськалія» на шматтысячным мітынгу запатрабавалі ў салігорскіх уладаў новых выбараў, вызваленьня затрыманых і расфармаваньня АМАПу.
  • У Менску марш рабочых МТЗ зьліўся з калёнай менчукоў і дайшоў да плошчы Незалежнасьці.
  • У Жлобіне шматтысячны мітынг выказаў пратэст кіраўніцтву раёна і горада, якія выйшлі да людзей.

БАБРУЙСК. Як страйкавалі супрацоўнікі «Белшыны». Відэа

Нарада Лукашэнкі з чальцамі Савету бясьпекі.Галоўныя высновы ад палітычнага аглядальніка Валера Карбалевіча

1. Ён абсалютна ня хоча ні бачыць, ні чуць, што адбываецца ў краіне. Ніяк не заўважыў, што патрабуюць працоўныя калектывы. Паводле яго ацэнак, на вуліцах пратэстуюць падлеткі ва ўзросьце 16–17 гадоў, якія выйшлі з-пад кантролю бацькоў. Плюс панаехалі замежнікі з розных краін. І ўсё. Як ён упэўнены, насамрэч народу на вуліцах няма.

То бок ён ня толькі ня хоча размаўляць з народам, ён не прызнае ягонага існаваньня. У гэтую карціну сьвету дакладна кладуцца сёньняшнія высновы Цэнтральнай выбарчай камісіі.

2. Падчас вулічных сутыкненьняў пацярпелі ня мірныя жыхары, а супрацоўнікі АМАПу. Яны — галоўныя ахвяры. І гэтыя ахвяры прагнуць помсты.

3. Адсюль галоўная выснова: «Вы хочаце, каб я сядзеў і чакаў, пакуль Мінск дагары нагамі перакуляць? Дык мы потым не стабілізуем абстаноўку. Таму трэба спыніцца, узяць галаву ў рукі і супакоіцца. І даць нам навесьці парадак, разабрацца з тымі, хто прыехаў сюды».

Таму ніякага сцэнару вырашэньня канфлікту, акрамя сілавога, Лукашэнка ня бачыць. Гэта выразны сыгнал тым, хто пасьпяшаўся сьвяткаваць перамогу рэвалюцыі.

Фэнамэнальны прыклад палітычнай сьлепаты і глухаты. Цяжка знайсьці яшчэ падобныя прыклады, аналёгіі ў гісторыі.

Крыптабіржа Пракапені вылучыць 100 тысяч даляраў на рэабілітацыю пацярпелых падчас пратэстаў

Крыптабіржа беларускага бізнэсоўца Віктара Пракапені currency.com вылучыць 100 тысяч даляраў у фонд пацярпелых падчас разгону вулічных пратэстаў, якія пойдуць на іх рэабілітацыю. Пра гэта IT-прадпрымальнік напісаў у Фэйсбуку.

Пракапеня паабяцаў, што ў бліжэйшыя дні будзе адкрытая магчымасьць ахвяраваць грошы пацярпелым для ўсіх кліентаў currency.com, а таксама заклікаў далучыцца да гэтай ініцыятывы IT- і бізнэс-супольнасьць.

Эўракамісар Вархэі: санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі рыхтуюцца поўным ходам

Эўракамісар Эуразьвязу ў пытаньнях суседзтва і пашырэньня Олівер Вархэі даў эксклюзіўнае інтэрвію Радыё Свабода адразу пасьля паседжаньня кіраўнікоў МЗС краінаў ЭЗ. Галоўнае:

  • Пастанова аб санкцыях Эўразьвязу супраць рэжыму ў Менску, магчыма, набудзе канчатковы варыянт на нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў МЗС краінаў ЭЗ 27–28 жніўня ў Бэрліне.
  • Эўракамісія створыць фонд для ахвяраў рэпрэсіяў.
  • Эўразьвяз дашле ў Беларусь азнаямляльную місію, якая вывучыць сытуацыю на месцы. Зь вялікай верагоднасьцю выбары трэба будзе правесьці паўторна.
  • Функцыянэры Эўразьвязу падтрымліваюць сталы кантакт зь беларускім МЗС.

Інтэрвію цалкам чытайце па спасылцы.

МЗС Чэхіі: «Паўторныя выбары павінны адбыцца пад кантролем назіральнікаў»

Чэскі міністар замежных спраў Томаш Пэтршычак заявіў у інтэрвію Радыё Свабода:

«Пазыцыя Чэхіі ў тым, што паўторныя выбары павінны адбыцца, і яны павінны кантралявацца міжнароднымі назіральнікамі».

Ён таксама сказаў, што вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль гатовы прыехаць у Беларусь.

«Мы просім Жузэпа Бурэля неадкладна пачаць перамовы зь беларускім рэжымам пра гэта. І спадар Бурэль сказаў нам, што гатовы ехаць у Менск, каб выказаць пазыцыю ЭЗ як беларускай грамадзкасьці, так і прадстаўнікам беларускага ўраду. Мы гатовыя зрабіць гэта. Наш прыярытэт — дамагчыся прамых перамоваў бакоў». Цалкам чытайце па спасылцы.

XS
SM
MD
LG