Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітынг на Плошчы незалежнасьці, Менск, 14 жніўня 2020 года.
Мітынг на Плошчы незалежнасьці, Менск, 14 жніўня 2020 года.

Шосты дзень пратэстаў. Масавыя шэсьці і мітынгі рабочых у Менску, Салігорску, Віцебску, Горадні. Жлобіне

14 жніўня ўначы пачалі выпускаць затрыманых у Жодзіне і Менску. З самай раніцы зьявіліся «ланцугі салідарнасьці». Пратэсты прайшлі на многіх прадпрыемствах у розных гарадах Беларусі.

  • Увечары рабочыя «Беларуськалія» на шматтысячным мітынгу запатрабавалі ў салігорскіх уладаў новых выбараў, вызваленьня затрыманых і расфармаваньня АМАПу.
  • У Менску марш рабочых МТЗ зьліўся з калёнай менчукоў і дайшоў да плошчы Незалежнасьці.
  • У Жлобіне шматтысячны мітынг выказаў пратэст кіраўніцтву раёна і горада, якія выйшлі да людзей.

ГОРАДНЯ: старшыня гарвыканкаму Мечыслаў Гой размаўляе з пратэстоўцамі

Мечыслаў Гой
Мечыслаў Гой

Пад гомельскім СІЗА бацькі патрабуюць вызваленьня дзяцей

З гомельскага сьледчага ізалятару ўчора пачалі адпускаць затрыманых на акцыях. Сёньня тут сабраліся бацькі і патрабуюць вызваленьня ўсіх арыштаваных. Яны распавядаюць свае гісторыі, большасьць якіх — падобныя: зьбіцьцё супрацоўнікамі АМАП, перанаселенасьць камэр, брак любой інфармацыі.

З ранку затрыманых адпускаюць невялікімі групамі, па 5 чалавек. Адміністрацыя СІЗА не дае ніякай інфармацыі — калі і каго выпусцыць.

Перад мітынгоўцамі ля Дому ўраду выступіў паэт Уладзімер Някляеў

Перад мітынгоўцамі на плошчы Незалежнасьці ў Менску выступіў паэт і палітык Уладзімер Някляеў, які ня выключыў правакацыі з боку сілавікоў і прапанаваў прайсьці маршам па цэнтральных вуліцах горада. Але ўдзельнікі яго не падтрымалі.

Каля помніка Леніну вышыхтываліся паўсотня спэцназаўцаў, якія назіраюць за тым, што адбываецца. Дэманстранты патрабуюць на размову «мэра» – раней прэм’ер-міністар тракатарабудаўнікоў праігнараваў.

ВІЦЕБСК. Людзі рушылі на чыгуначны вакзал

Віцябляне не дачакаліся, калі да іх выйдуць улады. Сумесна вырашылі сабрацца ў нядзелю. Частка людзей рушыла да гарвыканкаму. Частка — падтрымаць чыгуначнікаў і мэдыкаў, якія выйшлі ў іншых частках гораду.

З гарвыканкаму да гараджан таксама ніхто не выйшаў. Вялікай калёнай людзі рушылі на чыгуначны вакзал. Людзі скандуюць «Свабоду», «Сыходзь», «Жыве Беларусь!»

У Віцебску на мост мэталістаў каля чыгуначнага вакзала выйшлі чыгуначнікі.

МЕНСК: Калёны вайсковай тэхнікі едуць у цэнтар

18.05 Некалькі калёнаў вайсковай тэхнікі, у тым ліку вадамёты, едуць у цэнтар Менску з кірункаў Уручча, Маякоўскага, праспэкту Дзяржынскага, Ціміразева, паведамляюць сьведкі.

Мітынгоўцы на плошчы Незалежнасьці селі на зямлю ў знак таго, што пратэст мірны. І скандуюць лёзунгі дня.

Вайсковая тэхніка не паехала на плошчу Незалежнасьці, спынілася ў двары каля БДУ з боку вуліцы Бабруйскай.

На плошчы Незалежнасьці працягваецца мірны пікет, сотні людзей гуляюць па праспэкце Незалежнасьці з нацыянальнымі сьцягамі і самаробнымі плякатамі.

Камандзір Унутраных войскаў, які ахоўвае Дом ураду, вёў дыялёг зь мітынгоўцамі.

У Менску ля Дому ўраду сабралася каля 3-5 тысяч дэманстрантаў

Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч ацэньвае колькасьць дэманстрантаў ля Дома ўраду на Плошчы Незалежнасьці ў Менску ў 3— 5 тысяч чалавек, але людзі яшчэ знаходзяцца і на праспэкце Незалежнасьці. Частка дэманстрантаў села ля помніка Леніну. Людзі скандуюць «Сьвета — прэзыдэнт».

Да Дому ўраду прыйшоў былы кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Дзьмітрыеў, піша Tut.by. Ён заявіў, што пойдзе ў Вярхоўны суд, і расказаў пра «народныя позвы» — папрасіў выбарнікаў даказаць, за каго яны галасавалі.

Цапкала рыхтуе дакумэнты супраць Лукашэнкі для накіраваньня ў Міжнародны суд

Апазыцыйны палітык Валер Цапкала заявіў, што ягоны Фронт нацыянальнага ўратаваньня Беларусі рыхтуе матэрыялы для адкрыцьця крымінальнай справы на Аляксандра Лукашэнку.

«Фронт нацыянальнага ўратаваньня Беларусі рыхтуе матэрыялы для адкрыцьця крымінальнай справы на грамадзяніна Беларусі Лукашэнку. Перадусім гэта дакумэнтальныя фота- і відэаматэрыялы, якія пацьвярджаюць факты зьдзяйсьненьня крымінальных злачынстваў супраць беларускага народу», — цытуе «Інтэрфакс» заяву Цапкалы. Цалкам чытайце па спасылцы.

Рабочыя «Беларуськалію» патрабуюць новых выбараў, вызваленьня затрыманых і расфармаваньня АМАПу

Журналісты налічылі на мітынгу каля 4 тысяч супрацоўнікаў прадпрыемства. З словаў генэральнага дырэктара Івана Галаватага, быў затрыманы 31 чалавек, цяпер 24 адпушчаныя.

Людзі запатрабавалі расфармаваць АМАП, правесьці новыя выбары з новым складам Цэнтральнай выбарчай камісіі, вызваліць усіх палітзьняволеных.

Іван Галаваты сказаў, што «ён з калектывам», але тэму палітычных пытаньняў не закранаў. Людзі вельмі эмацыйна зьвярталіся да чыноўніка і крычалі «Сыходзь!», «Вызваляць!» і «Бастуем!».

Таксама людзі запатрабавалі выплаціць заробак затрыманым за той час, пакуль яны былі за кратамі. Людзі казалі пра зьверствы сілавікоў і патрабавалі працягнуць вінаватых да адказнасьці. Таксама працоўныя прыгразілі спыніць вытворчасьць, «пакуль патрабаваньні ня будуць выкананыя».

ГОРАДНЯ. Каля 30 тысяч чалавек не зьмяшчаюцца на плошчы Леніна

18.35 Да дэманстрантаў на плошчы Леніна падышлі некалькі тысяч супрацоўнікаў «Гродна Азот», «Гроднажылбуд» і іншых прадпрыемстваў. Усе не зьмяшчаюцца на плошчы, займаюць прылеглыя вуліцы. Скандуюць «Жыве Беларусь», «Верым, можам, пераможам». Улады сышлі ў будынак гарвыканкаму. Дзясяткі людзей стаяць у чарзе пакінуць подпіс пад пэтыцыяй, якую перадалі ў гарвыканкам.


Дырэктар стадыёна «Нёман» Віктар Шумель, які падтрымаў Сьвятлану Ціханоўскую і якога затрымлівалі падчас мірных акцый, заклікаў да бестэрміновай забастоўкі да зьмены ўлады.

18.50 На плошчы каля 30 тысяч чалавек. Людзі скандуюць «Сыходзь», «Верым, можам, пераможам». Расьцягнулі бел-чырвона-белы даўжынёй некалькі дзясяткаў мэтраў. Свабодны мікрафон.

Рада Эўропы гатовая дапамагчы Менску ў правядзеньні рэформаў, — генэральны сакратар арганізацыі

Генэральны сакратар Рады Эўропы Марыя Пэйчынавіч-Бурыч заклікала ўлады Беларусі забясьпечыць свабоду сходаў і слова і паведаміла пра гатоўнасьць арганізацыі дапамагчы Менску ў правядзеньні рэформаў. «Сытуацыя ў Беларусі працягвае выклікаць занепакоенасьць», — гаворыцца ў яе заяве, перададзенай у пятніцу ў «Інтэрфакс» прэс-службай Рады Эўропы.

Сталы каардынатар ААН у Беларусі заклікала ўлады неадкладна перадухіліць катаваньні зьняволеных

Выклікаюць вялікую занепакоенасьць паведамленьні аб катаваньнях і іншых формах жорсткага абыходжаньня зь людзьмі, затрыманымі на акцыях пратэсту ў Беларусі, заявіла сталы каардынатар ААН у Беларусі Яанна Казана-Вісьнявецкая.

«Катаваньні, іншыя формы жорсткага, бесчалавечнага і зьневажальнага для чалавечай годнасьці абыходжаньня абсалютна забароненыя і для іх ня можа быць ніякіх апраўданьняў», — сказала Казана-Вісьнявецкая.

Сталая каардынатарка ААН у Беларусі просіць тэрміновай сустрэчы зь міністрам унутраных справаў, а таксама забясьпечыць доступ супрацоўнікам ААН у два цэнтры ўтрыманьня пад вартай у Менску.

Ангела Мэркель асудзіла гвалт над пратэстоўцамі ў Беларусі

Канцлер Нямеччыны абураная затрыманьнямі тысяч удзельнікаў мірных пратэстаў у Беларусі. Афіцыйны Бэрлін нагадаў Менску аб праве на свабоду выказваньня меркаваньняў і заклікаў неадкладна вызваліць затрыманых, паведамляе Deutsche Welle.

Ангела Мэркель рашуча асуджае жорсткасьць і гвалт у дачыненьні да мірных пратэстоўцаў у Беларусі. Пра гэта паведаміў 14 жніўня афіцыйны прадстаўнік ураду Нямеччыны Штэфэн Зайберт). Асаблівую крытыку Мэркель выклікала затрыманьне тысяч удзельнікаў мірных акцый пратэсту і паведамленьні аб недапушчальным абыходжаньні зь імі.

Людзі выйшлі на пратэст у Слоніме

Да Бабарыкі зноў не пускаюць адвакатаў

Віктар Бабарыка
Віктар Бабарыка

Адвакатаў экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі па-ранейшаму не пускаюць да падабароннага — сёмы дзень запар, паведамляе БелаПАН.

Паводле адваката Дзьмітрыя Лаеўскага, днём абаронцы пабывалі на прыёме ў Генэральнай пракуратуры, дзе праінфармавалі аб «неабходнасьці пераканацца ў тым, што Віктар Дзьмітрыевіч знаходзіцца ва ўмовах маральнай і фізычнай бясьпекі».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG