Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітынг на Плошчы незалежнасьці, Менск, 14 жніўня 2020 года.
Мітынг на Плошчы незалежнасьці, Менск, 14 жніўня 2020 года.

Шосты дзень пратэстаў. Масавыя шэсьці і мітынгі рабочых у Менску, Салігорску, Віцебску, Горадні. Жлобіне

14 жніўня ўначы пачалі выпускаць затрыманых у Жодзіне і Менску. З самай раніцы зьявіліся «ланцугі салідарнасьці». Пратэсты прайшлі на многіх прадпрыемствах у розных гарадах Беларусі.

  • Увечары рабочыя «Беларуськалія» на шматтысячным мітынгу запатрабавалі ў салігорскіх уладаў новых выбараў, вызваленьня затрыманых і расфармаваньня АМАПу.
  • У Менску марш рабочых МТЗ зьліўся з калёнай менчукоў і дайшоў да плошчы Незалежнасьці.
  • У Жлобіне шматтысячны мітынг выказаў пратэст кіраўніцтву раёна і горада, якія выйшлі да людзей.

Дырэктара Купалаўскага тэатру выклікалі ў Міністэрства культуры

Раней трупа тэатру абʼявіла забастоўку.

Менск. Некалькі соцень чалавек ідуць калёнай па вуліцы Валадарскага

Ланцуг салідарнасьці будаўнікоў на вуліцы Кіжатава, побач зь якой будуецца мікрараён «Менск-сьвет»

На будынку Белтэлерадыёкампаніі нехта вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг


Менск. Лекары цэнтру пераліваньня крыві заклікалі спыніць гвалт

Лукашэнка згубіў якасьць, якая выратоўвала яго заўсёды, — камэнтар палітычнага аглядальніка Свабоды.

Тое, што на сёньняшняй нарадзе па пытаньнях будаўніцтва Лукашэнка сказаў пра «20 чалавек» страйкоўцаў «на МАЗе ці МТЗ», якіх нібыта падбухторылі «сьвядомыя», ня сьведчыць пра адсутнасьць у яго праўдзівай інфармацыі. Такія прыёмы прыменшваньня колькасьці сваіх апанэнтаў ён прымяняе з 1994 году. Але раней гэта тычылася нацыянальна арыентаванай часткі грамадзтва і спрацоўвала. Сёньня гэта ўжо не ўспрымаецца. Тым больш што ніякія апазыцыйныя арганізацыі і нават штаб Ціханоўскай ня маюць да арганізацыі страйкаў дачыненьня.

Калі б вакол Лукашэнкі былі здольны сказаць некамплімэнтарныя рэчы, яму б параілі зьбіраць не нараду па праблемах будаўніцтва, а ў прамым эфіры правесьці «разбор палётаў» паводзінаў АМАПу з паказальнымі адстаўкамі сілавых міністраў. Гэта не палепшыла б агульную сытуацыю, але, магчыма, зьменшыла б напружаньне. Але Лукашэнка яшчэ ў першыя гады прэзыдэнцтва пазбавіўся ад такіх людзей. Цяпер, калі інтэрнэт перапоўнены жудаснымі здымкамі вынікаў катаваньняў на Акрэсьціна, градус нянавісьці да ўлады расьце.

Лукашэнка згубіў якасьць, якая выратоўвала яго ўсю ягоную палітычную кар’еру — адчуваньне настояў людзей, — падсумоўвае палітычны аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык.

ЦВК: 80,1% за Лукашэнку, канчаткова

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі абвясьціла 14 жніўня канчатковыя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў. Прагаласавалі 5 818 956 чалавек, зь іх 2 806 640 датэрмінова.

Скаргі аб непрызнаньні выбараў ад Ціханоўскай, Канапацкай і Дзьмітрыева адхіленыя, ад Чэрачня нібыта «не паступала»: давераных асобаў не пусьцілі падаць скаргу ў ЦВК, яны выслалі яе поштай.

Галасы, паводле ЦВК, разьмеркаваліся так:

  • Лукашэнка: 80,1% (4 661 075 чалавек);
  • Ціханоўская: 10,1% (588 622 чалавека);
  • Дзьмітрыеў: 1,2% (70 671 чалавек);
  • Канапацкая: 1,67% (97 489 чалавек);
  • Чэрачань: 1,14% (66 613 чалавек);
  • супраць усіх: 4,59% (267 360 чалавек).

Ланцуг салідарнасьці ў Віцебску

Вынік страйку на Беларускім мэталюргічным заводзе

Чытач перадае з Менскага аўтамабільнага заводу: «Выставілі патрабаваньні, у панядзелак а 12.00 дадуць справаздачу. З умовай, што калі адказаў ня будзе, сыходзім у страйк».

На МТЗ створаны страйкам, чакаюць прэм'ера Галоўчанку

Рабочы МТЗ Сяргей Дрылеўскі ў размове са Свабодай пацьвердзіў, што ў выпадку невыкананьня палітычных патрабаваньняў ягоныя калегі масава выйдуць на вуліцу. Ён сябра страйкаму ў колькасьці 23 чалавекі.

Цяпер на пляцаўцы перад МТЗ мітынг з удзелам 3-4 тысяч рабочых. Паводле Сяргея Дрылеўскага адміністрацыя робіць усё, каб абмежаваць масавасьць. Напрыклад, рабочых зборочнага цэху зачынілі і не выпускаюць. Гендырэктар Віталь Воўк запэўнівае, што ніякага страйку няма, проста некаторыя асобы ўчынілі «несанкцыянаваны мітынг». Рабочыя запэўніваюць, што размова менавіта пра страйк.

Belarus - The Strike at the Minsk Tractor Plant, August 14, 2020
Belarus - The Strike at the Minsk Tractor Plant, August 14, 2020


Токар Эдвард Сьвінцецкі працуе ў корпусе зборкі трактароў. Сказаў, што ўсе рабочыя абураныя віэакадрамі затрыманьня і зьбіцьця мірных пратэстоўцаў, здымкамі пацярпелых, якія выходзяць з ізалятараў і знаходзяцца ў шпіталях. Менавіта гэта сталася апошняй кропляй. Ён падкрэсьлівае, што ў іх няма эканамічных патрабаваньняў — гатовыя патрываць, калі на час страйку зьменшацца прыбыткі. Але больш не гатовыя цярпець, што за народныя падаткі сілавікі зьбіваюць людзей, якіх абавязаныя абараняць.

Свае прэтэнзіі яны агучылі кіраўнцітву завода яшчэ раніцай, той праз некалькі гадзінаў канстатаваў, што вырашаць такія пытаньня самастойна ня можа.

Таму быў запрошаны прэм’ер-міністар, яго чакаюць а 15.00-15.30.

«Аўганцы» патрабуюць пакараць міліцыянтаў за перавышэньне паўнамоцтваў

Вэтэраны баявых дзеяньняў у Аўганістане асудзілі беспрычынную жорсткасьць сілавікоў і запэўнілі, што ў выпадку неабходнасьці будуць абараняць беларускі народ. Калектыўны зварот дасланы ў рэдакцыю Свабоды.

«Пранікальнае раненьне ў грудзі, кулявыя раны вока». Што кажуць дактары пра пацярпелых ад сілавікоў

Свабода пагутарыла зь лекарамі, якія прымалі траўмаваных пацыентаў з масавых акцыяў у першыя дзьве ночы пратэстаў.

У Горадні работнікі мясакамбінату выйшлі на перамовы з кіраўніцтвам вобласьці

Сотні работнікаў мясакамбінату сабраліся на тэрыторыі прадпрыемства, каб абмеркаваць з кіраўніцтвам заводу і вобласьці пытаньне гвалту на вуліцах і вынікі выбараў.

Прысутнічае намесьніца старшыні аблвыканкаму Зоя Кулеша, начальнік Ленінскага РАУС Алег Карпушкін, прадстаўнічка мясамалпраму.

Сустрэча з гендырэктарам сёньня на МТЗ

Айцішнікі выйшлі каля ПВТ

МТЗ

«Лепш вам гэтага ня бачыць». На волю выйшлі затрыманыя — вялікі відэарэпартаж

Так выглядае чалавек, які выйшаў з ізалятара ў Магілёве

Наваполацак, Стоўпцы, Ліда

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG