Партал dev.by апублікаваў адкрыты ліст, які склалі заснавальнікі, кіраўнікі, а таксама супрацоўнікі беларускіх ІТ-кампаніяў. Зварот ужо падпісалі 150 чалавек.
У ім гаворыцца, што ў апошнія месяцы назіраецца раскручваньне сьпіралі гвалту, выбарнікі і назіральнікі зафіксавалі шматлікія парушэньні, якія сьведчаць пра фальсыфікацыю вынікаў выбараў.
«Мы мяркуем, што выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі былі сфальсыфікаваныя. Затрымалі і асудзілі тысячы людзей. Мірныя акцыі пратэсту разганяюць з неадэкватным ужываньнем сілы. Звычайных людзей затрымліваюць без усякай нагоды, зьбіваюць і арыштоўваюць. Некалькі дзён ува ўсёй краіны быў абмежаваны доступ да сеткі інтэрнэт. Кожнаму здароваму чалавеку балюча на гэта глядзець. Працаваць у такіх умовах вельмі цяжка».
Падпісанты ліста канстатуюць, што ў краіне фармуюцца ўмовы, у якіх тэхналягічны бізнэс ня зможа функцыянаваць, і прагназуюць масавы адток спэцыялістаў за мяжу, адкрыцьцё офісаў у суседніх краінах, запаволеньне тэмпаў росту IT-сэктару, зьмяншэньне інвэстыцыяў у беларускія IT-кампаніі, зьмяншэньне падатковых паступленьняў.
«Ёсьць рызыка за кароткі час перакрэсьліць усе дасягненьні ў сфэры высокіх тэхналёгіяў. Стартапы не нараджаюцца ў атмасфэры страху і гвалту. Стартапы нараджаюцца ў атмасфэры свабоды і адкрытасьці».
Кіраўнікі IT-кампаніяў, інвэстары і праграмісты заклікаюць дзяржаўныя органы:
- Спыніць гвалт у дачыненьні да мірных грамадзян і прыбраць атмасфэру страху з вуліц.
- Вызваліць усіх палітвязьняў і затрыманых.
- Правесьці новыя празрыстыя выбары Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі.
- Забясьпечыць грамадзянам Рэспублікі Беларусі вольны доступ да інфармацыі.