Былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бясьсьмертны (2010–2011) заявіў, што Ўкраіна або іншыя краіны — суседзі Беларусі павінны ініцыяваць тэрміновае пасяджэньне Рады Бясьпекі ААН для разгляду беларускага пытаньня.
«Трэба тэрмінова ініцыяваць пытаньне пра разгляд сытуацыі ў Беларусі на Радзе Бясьпекі ААН. Бо калі яна разглядае ўвядзеньне ва Ўкраіне закону пра мову, то тым больш, калі ў суседняй дзяржаве парушаныя асноўныя дакумэнты — Міжнародны пакт аб палітычных правах, Капэнгагенскі заключны акт — і на гэта ніяк не рэагуе Рада Бясьпекі, то пра што размаўляць?», — сказаў Раман Бясьсьмертны на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве.
Дыплямат таксама перакананы, што ўкраінская ўлада мусіць максымальна актывізаваць міжнародныя кансультацыі на плятформах розных арганізацыяў — Рады Эўропы, АБСЭ ды Эўрапейскага Зьвязу.
«У Менску, абласных і іншых гарадах Беларусі адбываецца паядынак не паміж Лукашэнкам, ягонымі сатрапамі і беларускім народам, а паміж беларускім народам і Крамлём. Мы бачым яшчэ адзін від вайны супраць сувэрэннай нацыі і сувэрэннай дзяржавы. Лукашэнка ніколі ня быў патрыётам Беларусі, ён — гэта рука Крамля, якому патрэбны чалавек, пастаўлены кіраўніком Беларусі любым чынам. Вось пра што ідзецца, — дадаў Бясьсьмертны.
Паводле яго, Украіна павінна актывізаваць такую міжнародную супрацу:
«Існуюць усе падставы, каб Эўропа заняла больш жорсткую пазыцыю, і ня толькі ў санкцыйнай палітыцы. Яе трэба аднавіць, пашырыць, а на фоне інфармацыі пра магчымае выкарыстаньне на вуліцах беларускіх гарадоў расейскіх войскаў трэба разглядаць пытаньне і пра ўзмацненьне санкцыяў супраць Крамля. Бо ўваход Расеі ў Беларусь — гэта пачатак кантынэнтальнай вайны. Трэба прачнуцца і зразумець, што пасьля гэтага ўпадуць балтыйскія краіны і Ўкраіна. Трэба рэальна паглядзець на рэчы, бо мова ідзе пра бясьпеку на эўразійскім кантынэнце».
Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Мікола Княжыцкі паведаміў, што ў парлямэнце ўжо зарэгістраваны праект заявы аб непрызнаньні выбараў у Беларусі:
«Мы як грамадзяне Ўкраіны, у Канстытуцыі якой замацаваная эўрапейская ды эўраатлянтычная інтэграцыя, ня можам маўчаць і заплюшчваць вочы. Мы павінны цяпер шчыльней праводзіць кансультацыі зь міжнароднымі арганізацыямі, але адначасова ўкраінская дыпляматыя мусіла б актывізаваць перамовы зь лідэрамі эўрапейскіх краін — Нямеччыны, Францыі, Польшчы ды Літвы».
Ва Ўкраіне акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю
Сёньня ў двух гарадах Украіны — Кіеве і Харкаве — адбудуцца акцыі салідарнасьці з Беларусьсю.
У Харкаве гэта будзе ўжо другая акцыя пад назвай «Беларусы маюць права на мірны пратэст». На ёй аб падзеях у Беларусі раскажа беларуская актывістка «Народнай грамады» і «Эўрапейскай Беларусі» Алена Філатава. Яна пад пагрозай перасьледу зьехала зь Беларусі ва Ўкраіну.
У Кіеве беларускія і ўкраінскія актывісты традыцыйны зьбяруцца ля беларускай амбасады, каб патрабаваць незаангажаванага расьсьледаваньня фактаў гвалту і перасьледу ўдзельнікаў мірных акцыяў, а таксама вызваленьня ўсіх палітычных актывістаў, затрыманых напярэдадні выбараў. Увечары на майдане Незалежнасьці пройдзе акцыя «Ланцуг салідарнасьці».
Сустаршыня Руху салідарнасьці «Разам» Алена Талстая заклікала ўкраінцаў падтрымаць гэтыя акцыі: «За краты трапілі тысячы грамадзян, іхны лёс залежыць ад рэакцыі міжнароднай супольнасьці. Альбо мы зможам абараніць гэтых людзей, альбо супраць іх і далей будуць чыніць ціск».