Прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава правяла прэсавую канфэрэнцыю, на якой дала ацэнку таму, што адбываецца ў краіне.
Выбары-2020. Ціханоўская зьехала. Што адбываецца ў Беларусі
«Мы спачуваем усім пацярпелым і іх сваякам. Мы гатовыя дапамагчы тым, хто гэтага патрабуе. Зараз мы хочам сканцэнтравацца на ўзаемадапамозе. Заклікаем усіх неабыякавых далучыцца да валянтэрскага руху і дапамагаць пацярпелым.
Мы з болем глядзім на тое, што адбываецца ў краіне. Мы просім дзейную ўладу не ігнараваць волю людзей. Не тапіць яе ў вадзе з вадамётаў, не глушыць гранатамі, не калечыць кулямі, не забіваць дубінкай, не зачыняць у камэрах.
Мы бачым на вуліцах звычайных людзей, якія хочуць пераменаў. Бачым пэнсіянэраў, якія размаўляюць з АМАПам, бачым дарослых людзей, яны плачуць, гледзячы, як чатыры супрацоўнікі сілавых структураў цягнуць у аўтазак хлопца з заплечнікам.
Мы просім дзейную ўладу спыніць гвалт, прыслухацца да волі народу. Гэтыя людзі нікуды ня зьнікнуць, яны ўжо ня змогуць забыць пра тое, што адбываецца. Яны ня змогуць жыць як раней. Ім не сатрэш памяць, іх ня змусіш падпарадкавацца, не спужаеш, не залагодзіш. Ім патрэбныя перамены...»
Марыя Калесьнікава заявіла, што адказнасьць за тое, што адбываецца нясуць перш за ўсё ўлады. Большасьць людзей, сказала яна, хочуць жыць у мірнай свабоднай краіне, хочуць бачыць новую ўладу. Абавязак дзяржавы чуць іх і забясьпечваць іх правы і бясьпеку.
«Беларусы, увесь сьвет ганарыцца вамі! Мы ганарымся вамі! Сёньня ўвесь сьвет ведае, што мы моцны і горды эўрапейскі народ», сказала Калесьнікава.