Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафкам жлобінскага БМЗ зьвярнуўся да праўладнай фэдэрацыі прафсаюзаў. На заводзе пакуль не страйкуюць


БМЗ, архіўнае фота
БМЗ, архіўнае фота

Свабодзе пацьвердзілі сапраўднасьць ліста ад старшыні прафсаюзнага камітэту Беларускага мэталюргічнага заводу ў Жлобіне да старшыні праўладнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі і кіраўніка выбарчага штабу Аляксандра Лукашэнкі Міхаіла Орды, які 11 жніўня апублікаваў Telegram-канал «Беларусь головного мозга».

Завод працуе, страйку няма, расказалі Свабодзе на заводзе. Днём раней у адным з цэхаў адбылася спроба страйку.

У лісьце старшыня прафсаюзнага камітэту БМЗ Аляксандар Каляда просіць Орду выразіць думку чальцоў прафсаюзу — яны «за справядлівыя выбары і сумленны падлік галасоў». Таксама Орду просяць паспрыяць у накіраваньні ў горад прадстаўнікоў пракуратуры для праўнай ацэнкі дзейнасьці асобных выбарчых камісіяў.

«Ёсьць участкі, на якіх адзін з кандыдатаў набраў 80% і больш, і гэта нерэальна, — гаворыцца ў лісьце. — Калі мы прасілі паказаць дакумэнты, нам адмаўлялі, а замест гэтага ў нашым горадзе затрымлівалі людзей і ўжывалі сілу супрацоўнікі РАУС і іншыя службы».

Раней прафсаюз, сказана ў лісьце, трымаў нэўтралітэт адносна выбараў, бо кожны чалец можа мець уласныя палітычныя погляды. Тое, што старшыня ФБП выказвае падтрымку аднаму з кандыдатаў, «нас абурае», пішуць Орду з БМЗ.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG