Старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова затрымлівалі ўчора на выбарчым участку ў Менску. Уначы Казлова вызвалілі і ён наведаў цэнтар сталіцы, дзе ішлі пратэсты супраць фальсыфікацыі выбараў.
Лідэра АГП і падпалкоўніка міліцыі ў запасе затрымалі на ўчастку для галасаваньня.
«Затрымлівалі вельмі брутальна. Прычым без усялякіх прычынаў і тлумачэньняў. Намагаліся зрабіць максымальна балюча і прынізіць. Я быў адзін, а іх было шмат. У майках і балкалавах. Клалі на падлогу, заціскалі рукі», — расказаў Мікалай Казлоў Свабодзе.
Спачатку палітыка перавезьлі ў іншы раён Менску, там перавялі ў аўтазак, а затым даставілі ў ізалятар на завулку Акрэсьціна. Празь некалькі гадзін без аніякага тлумачэньня Казлова вызвалілі. Адтуль ён адразу паехаў у цэнтар гораду.
«Я быў уражаны, што людзі нічога не баяліся і што гэта быў мірны пратэст. Ніхто не баяўся сьвятлашумавых гранатаў. Ніхто не баўся гэтага біцьця дручкамі аб шчыты, якое мусіла палохаць людзей. Яны грукалі вельмі рытмічна, але многія проста танцавалі ў такт. Было шмат прыгожых гісторыяў, адважных і мірных. Я нават ня ведаю, ці можна яшчэ больш мірна пратэставаць».
Паводле Казлова, пратэстоўцы заклікалі АМАП скласьці шчыты або апусьціць іх, крычалі «Міліцыя з народам».
«Не было агрэсіі». Прыйшлі два хлопцы зь нейкімі каламі — ня ведаю, дзе яны іх узялі, ад лаўкі адарвалі ці недзе яшчэ, але гэта былі ўнушальныя калы. Іх у гэтых хлопцаў адабралі. Дзяўчына нейкая забрала і сказала, што праз такіх дваіх могуць быць правакацыі».
Мікалай Казлоў расказаў Свабодзе, што такой колькасьці спэцыяльнай тэхнікі ў Менску ён яшчэ ня бачыў, асобныя адзінкі тэхнікі бачыў жыўцом упершыню. Ён выказаў думку, што ў сталіцы такога не было ад часу заканчэньня ІІ Сусьветнай вайны.