Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Халезін: Будуць беспрэцэдэнтныя санкцыі, якія ўвядуць у шок сэгмэнты ўлады Лукашэнкі


Мікалай Халезін, кіраўнік Беларскага Свабоднага тэатру
Мікалай Халезін, кіраўнік Беларскага Свабоднага тэатру

Кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатру Мікалай Халезін — пра санкцыі, якія будуць беспрэцэдэнтныя, і мірныя працяглыя формы пратэсту бяз лідэра, якія дасягаюць посьпеху.

— Мікалай, у Менску шмат ваеннай тэхнікі, міліцыі, спэцыяльных войскаў, адбываюцца затрыманьні, ідзе супрацьстаяньне... Якія шанцы ў мірнага пратэсту, дэкляраванага аб’яднаны штабам альтэрнатыўнай кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай.

— Канечне, размова ідзе пра негвалтоўны супраціў. Беларусы ўмеюць існаваць у гэтым рэжыме. Улада ўжывае сілу, бо відавочна, што нават блізка ніякай перамогі Аляксандра Лукашэнкі няма. Мне нават ня хочацца абмяркоўваць гэтыя варʼяцкія лічбы, якія яны агучылі. Атрымліваецца, што ўсе людзі ірваліся на ўчасткі, стаялі ў велізарных чэргах, каб прагаласаваць за Аляксандра Лукашэнку. Што гэта за трызьненьне.

Выбары-2020: жорсткія сутыкненьні дэманстрантаў зь міліцыяй і затрыманьні ў Менску, Віцебску, Горадні і іншых гарадах

Я ведаю, што самы пэрспэктыўны мэханізм супрацьстаяньня, які ёсьць, і самы эфэктыўны, які быў у апошнія гады — гэта супрацьпаставіць бязь лідэра ў рэжыме арганізаванага хаосу. Гэта па сутнасьці ганконская мадэль, якая ў стане раскачаць уладу і вывесьці яе зь раўнавагі. Так было ў 2011 годзе з акцыямі з маўклівымі аплядысмэнтамі, так было з маршамі дармаедаў. Гэта ўсё працуе і вельмі добра працуе ў лякальных кропках, у правінцыі, дзе ўлады ідуць на размовы, спрабуюць неяк пагасіць, таму што яны ў прынцыпе не гатовыя да супрацьстаяньня. Я думаю, што гэты арганізаваны хаос і вымотваньне ўлады можа прынесьці вынік. Любая спроба арганізаваць працэс зь лідэрам прывядзе проста да пасадкі лідэра і да дэпрэсіі.

— Сёлета на выбарах у Беларусі няма назіральнікаў АБСЭ, увогуле няма ніякіх міжнародных назіральнікаў. Якой можа быць міжнародная рэакцыя ў выпадку жорсткага разгону ўладамі мірных пратэстаў? Яна ўжо ёсьць, у тым ліку і дзякуючы Беларускаму свабоднаму тэатру.

— Мы займаемся гэтым. Цяпер у нас цалкам разьвязаныя рукі. Калі да моманту выбараў мы яшчэ думалі, што могуць быць нейкія мяккія рэжымы ціску, то цяпер мы разумеем, што ў нас цалкам разьвязаныя рукі. Мы можам гаварыць пра беспрэцэдэнтныя санкцыі, якія ўвядуць у шок цэлыя сэгмэнты ўлады Лукашэнкі. Я гавару пра санкцыі ў дачыненьні да людзей з Адміністрацыі прэзыдэнта, судовай сыстэмы, сілавікоў і сябраў выбарчыя камісіі. Цяпер мы праводзім вялікія кансультацыі з тымі людзьмі, які працавалі над «сьпісам Магніцкага». Думаем, як мы можам узаемна дапамагаць адзін аднаму і пашыраць гэты ціск. Іншых варыянтаў быць ня можа.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG