Аляксандар Лукашэнка пасьля галасаваньня 9 жніўня адказаў на пытаньні журналістаў. Вось што ён сказаў.
Пра апанэнтаў
Аляксандар Лукашэнка сказаў, што «гатовы да дыялёгу з апанэнтамі ўлады». Але не абмінуў тэмы «правакацыяў». Ягоныя словы цытуе БелТА.
«Калі вы проста выказваеце сваю пазыцыю ці пазыцыю кагосьці, і там відаць, што гэта Пятроў, Сідараў, Іваноў, я гэта вітаю. Я гатовы з вамі асабіста весьці дыялёг. Калі вы тэндэнцыйна пачынаеце сябе паводзіць, я таксама гэта бачу, і стаўленьне адпаведнае.
А калі вы правакуеце, атрымаеце ў адказ тое ж самае. Вы што, хочаце спрабаваць скінуць уладу, зламаць нешта, укалоць, абразіць (як гэта вы рабілі спачатку больш, а цяпер менш) і чакаеце, што я ці хтосьці перад вамі стане на калені і будзе цалаваць пясок, па якім вы блукалі?
Ня будзе гэтага. Паводзьце сябе паводле закону, і ў нас прэтэнзій да вас ня будзе», — падкрэсьліў Аляксандар Лукашэнка.
Таксама Лукашэнка заявіў, што «абстаноўка на выбарах ня выйдзе з-пад кантролю». Як падкрэсьліў кіраўнік Беларусі, з раніцы ён заслухаў даклад Дзяржаўнага памежнага камітэту: за апошні час ва ўезьдзе адмовілі 170 грамадзянам, бо яны «ці фальшывыя візы паказвалі, ці ўвогуле не маглі патлумачыць, навошта едуць».
Пра рэпрэсіі
Аляксандар Лукашэнка паведаміў журналістам пасьля галасаваньня, што «ніхто ніякіх рэпрэсіяў не прадпрымаў».
«Ніхто ніякіх рэпрэсіяў у парушэньне закону не прадпрымаў і рабіць не будзе. Выконвайце закон. Закон і толькі закон!», — падкрэсьліў кіраўнік дзяржавы.
Сёлетняя выбарчая кампанія ў Беларусі ператварылася ў хроніку рэпрэсіяў. Праваабаронцы налічылі больш за 1360 адвольных затрыманьняў з 6 траўня па 5 жніўня.
Арыштаваныя ў межах Крымінальнага кодэксу патэнцыйны кандыдат Віктар Бабарыка, два кіраўнікі ініцыятыўных групаў — Эдуард Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі. На 8 жніўня праваабаронцы прызналі палітычнымі вязьнямі 26 чалавек.
Праваабаронцы паведамлялі пра шматлікія парушэньні падчас галасаваньня: завышэньне яўкі (на пэўных участках у 5–10 разоў), выдаленьні і затрыманьні незалежных назіральнікаў.
Пра каранавірус
Адказваючы на пытаньні журналістаў, Лукашэнка прыгадаў, як перахварэў на каранавірус. Пра каранавірус Лукашэнка, зь ягоных словаў, гаварыў падчас апошняй тэлефоннай размовы з Уладзімірам Пуціным.
«Я Пуціну даў параду: беражы сябе, бо хвароба вылечная (нашы лекары — малайцы, навучыліся), але такая прыкрая, што далей няма куды», — сказаў Лукашэнка.
Пра адносіны з Расеяй
Аляксандар Лукашэнка сказаў, што «расейска-беларускія адносіны будуць складвацца ў нармальным рэчышчы».
«Што тычыцца пэрспэктывы (беларуска-расейскіх адносін), калі хтосьці чакае, што ў нас абсалютна сапсаваліся адносіны з Расеяй, — памыляецеся!» — падкрэсьліў Лукашэнка.
Ён сказаў, што падчас размовы Ўладзімір Пуцін паабяцаў дэталёва разабрацца з усім, што адбываецца. Гаворка пра затрыманьне ў Беларусі 33 вайскоўцаў з прыватнай вайсковай арганізацыі «Вагнэр».
Потым Лукашэнка заяўляў пра перакідваньне ў Беларусь і іншых груповак.
Пра назіральнікаў
Пасьля галасаваньня Лукашэнка, згадваючы назіральнікаў, паведаміў, што «ня хоча, каб пра Беларусь гаварылі дрэнна».
«Ня трэба чакаць, што перад намі расшаркаюцца і скажуць: «Малайцы беларусы!». Палітыка — гэта барацьба, а для нас — мастацтва магчымага. Мы не хочам, каб пра нас казалі дрэнна, але зыходзіць будзем з інтарэсаў беларускага народу», — заявіў Лукашэнка.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.