Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка на ўчастку: «Я гатовы да дыялёгу з апанэнтамі, але на правакацыі адказ будзе адпаведны»


Аляксандар Лукашэнка на выбарчым участку
Аляксандар Лукашэнка на выбарчым участку

9 жніўня Аляксандар Лукашэнка прагаласаваў на ўчастку ва Ўнівэрсытэце фізычнай культуры. Вось, што ён сказаў журналістам.

Аляксандар Лукашэнка сказаў, што «гатовы да дыялёгу з апанэнтамі ўлады». Але не прамінуў тэму «правакацый». Ягоныя словы цытуе БелТА.

«Калі вы проста выказваеце сваю пазыцыю ці пазыцыю кагосьці, і там відаць, што гэта Пятроў, Сідараў, Іваноў, я гэта вітаю. Я гатовы з вамі асабіста весьці дыялёг. Калі вы тэндэнцыйна пачынаеце сябе паводзіць, я таксама гэта бачу, і стаўленьне адпаведнае.

А калі вы правакуеце, атрымаеце ў адказ тое ж самае. Вы што, хочаце спрабаваць скінуць уладу, зламаць нешта, укалоць, абразіць (як гэта вы рабілі спачатку больш, а цяпер менш) і чакаеце, што я ці хтосьці перад вамі стане на калені і будзе цалаваць пясок, па якім вы блукалі?

Ня будзе гэтага. Паводзьце сябе паводле закону, і ў нас прэтэнзій да вас ня будзе», — падкрэсьліў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама Лукашэнка заявіў, што «абстаноўка на выбарах ня выйдзе з-пад кантролю». Як падкрэсьліў кіраўнік Беларусі, з раніцы ён заслухаў даклад Дзяржаўнага памежнага камітэту: за апошні час ва ўезьдзе адмовілі 170 грамадзянам, бо яны «ці фальшывыя візы паказвалі, ці ўвогуле не маглі патлумачыць, навошта едуць».

Узмацнілі і кантроль на беларуска-расейскай мяжы, дадаў Лукашэнка, «і там былі людзі, якіх мы выдварылі з краіны».

«З-пад кантролю нічога ня выйдзе. Гэта я вам гарантую. Гэта галоўная задача дзейнай улады, ня толькі прэзыдэнта. Таму ў гэтым можаце ніколькі не сумнявацца, што б ні плянавалі асобныя людзі і іншае», — сказаў Лукашэнка.

Як перадае ананімны Telegram-канал «Пул первого», блізкі да прэс-службы Лукашэнкі, кіраўніка дзяржавы таксама спыталі, ці ўпэўнены ён у перамозе сёньня і цібудзе балятавацца ў наступныя разы.

«Калі буду жывы-здаровы, адкажу, ці буду я балятавацца ў далейшым, — сказаў Лукашэнка. — Што тычыцца ўпэўненасьці ў сваёй перамозе, я б ня быў так адназначны. Я спадзяюся!»

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG