Участковыя камісіі ўвядуць прапускны рэжым пры ўваходзе на ўчасткі ў выпадку вялікай колькасьці людзей, сказала ў эфіры «Беларусь-1» старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.
Яна зьвярнулася да выбарнікаў, каб яны «не зацягвалі» і прыходзілі на ўчасткі «ўсё ж такі ў асноўным у ранішні або дзённы час».
«Бо ў вечаровыя гадзіны прынамсі апанэнты ўлады абяцаюць навалу людзей. Гэта значыць, што ва ўчастковых выбарчых камісіях будзе ўстаноўлены прапускны рэжым, будзе запускацца толькі тая колькасьць выбарнікаў, колькі чальцоў камісіі выдаюць выбарчыя бюлетэні. А іх увечары будзе менш, у сілу таго, што частка паедзе зь пераноснымі скрынямі забясьпечваць галасаваньне дома», — сказала Лідзія Ярмошына.
Яна таксама папярэдзіла, што а 20-й гадзіне ўчасткі закрыюць, і калі будуць чэргі, то ахвочыя прагаласаваць могуць не пасьпець гэтага зрабіць.
У звароце ад 6 жніўня, апублікаваным на сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі, Лідзія Ярмошына таксама засьцерагала ад галасаваньня ў час перад закрыцьцём выбарчых участкаў.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.