Асудзілі на арышт удзельніц Свабоднага тэатру
Затрыманыя ўдзельніцы Свабоднага тэатру Сьвятлана Сугака асуджаная на 10 сутак, Надзея Бродзкая — на 13 сутак арышту. Яны расказалі сваякам падчас суду, што ў камэры 36 чалавек. У мужчын у камэры па 50 чалавек. Зьняволеных зьбіваюць.
У розных месцах Віцебску адбываюцца адзінкавыя затрыманьні. Аўтазакі і АМАП стаяць там, дзе і стаялі. Картэж з машыны ДАІ, аўтобуса МАЗ з амапаўцамі і аўтазака езьдзіць, як і раней. На вачах карэспандэнтаў ён прыпыніўся і затрымалі дзяўчыну.
Хвілін 50 таму масавыя затрыманьні ў Віцебску адбыліся каля гіпэрмаркету Green у спальным мікрараёне Поўдзень на скрыжаваньні вуліц Чкалава і Воінаў-Інтэрнацыялістаў.
Машыны на вуліцах зрэдку гудуць.
Карэспандэнт Свабоды перадае зь менскай Серабранкі: на скрыжаваньні Ракасоўскага і Пляханава сабраліся некалькі сотняў людзей. Крычаць «Сыходзь». Выбухаюць пэтарды — не міліцэйскія снарады.
Літоўскі апэратар Tele2 зрабіў тэлефанаваньні ў Беларусь бясплатнымі да поўначы 13 жніўня
Дадатковых дзеяньняў ад абанэнтаў не патрабуецца. Грошы за тэлефанаваньні абяцаюць вярнуць у канцы месяца.
Каля 22.00 у Віцебску цэнтар гораду перакрылі. Да плошчы Перамогі не пад'ехаць. Машыны разварочваюць, яны сыгналяць.
Фотакарэспандэнту «Россия сегодня» Ільлі Піталеву, затрыманаму 10 жніўня ў Менску, забаранілі ўезд у Беларусь на 5 гадоў. Зроблена адпаведная адзнака ў расейскім пашпарце, – распавёў Sputnik сам Піталёў.
З вуліцы Прытыцкага перадае карэспандэнт Свабоды. Міліцыянты ў чорным «палююць» на пратэстоўцаў каля будаўнічай крамы «Мацярык» на канцавым прыпынку мэтро «Каменная Горка». Насупраць з боку гіпэрмаркету Green і «Алмі» некалькі дзясяткаў чалавек крычаць на нападнікаў: «Фашысты!». Сілавікі выкарыстоўваюць сьвятлашумавыя гранаты. Кінуліся на людзей на прыпынку, выціскаюць адтуль пасажыраў, якія чакаюць грамадзкага транспарту. У пераход на станцыю мэтро не пускаюць. Пасьля гэтага міліцыянты загрузіліся ў жоўты аўтобус МАЗ, які выкарыстоўваецца на гарадзкіх маршрутах, пераехалі да Green і жорстка скруцілі мужчыну і жанчыну.
22:18 На праспэкце Дзяржынскага ля інсталяцыі зубра «стаіць шмат аўтазакаў», напісала Свабодзе відавочца.
«Вясна»: толькі ў Менску вядомыя прозьвішчы 1000 затрыманых
Праваабарончы цэнтар «Вясна» зьбірае імёны затрыманых на акцыях пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у сьпісы па Менску (на сайце і ў табліцы) і іншых гарадах Беларусі (на сайце і ў табліцы).
Паводле праваабаронцаў, «у РУУСах і ізалятарах ня лічаць, што людзі маюць права ведаць пра лёс сваіх блізкіх», але інфармацыю пра месцазнаходжаньне спрабуюць здабываць.
Гарачая лінія «Вясны»: +375 17 394 63 11 і +375 29 841 39 81, @ViasnaSOS у Telegram.
Каля кавярні «Марконі» на праспэкце Перамогі ў Гомлі жанчыны адбаранілі двух маладых людзей у вайскоўцаў унутраных войскаў. На двух хлопцаў вайскоўцы напалі з дручкамі і зьбілі з ног. Тут з кавярні выскачылі дзьве наведніцы гадоў 50-ці і пачалі на вайскоўцаў моцна крычаць: «Што вы робіце? Мы вашы маці!». Тыя затрыманых адпусьцілі.
«Касманаўты на Касманаўтаў»
У Telegram адзначаюць прысутнасьць сілавікоў у шаломах — іх у народзе называюць «касманаўтамі» — на менскай вуліцы Касманаўтаў.
Менск: на Каменнай Горцы будуюць барыкаду, ляцяць шумавыя гранаты
Пратэстоўцы ўзводзяць барыкады каля мэтро «Каменная Горка», перадае карэспандэнт Свабоды. Пад барыкады прыстасоўваюць сьметніцы, камяні, іншыя вялікія прадметы. Рух транспарту быў спынены часткова. Байцы ўнутраных войскаў пачалі разбураць барыкаду, у іх кідаюць пэтарды і фаервэркі. Супраць пратэстоўцаў выкарыстоўваюць шумавыя гранаты. Карэспандэнт Свабоды налічыў 10 выбухаў сьвятлашумавых гранатаў. Натоўп спрабуюць разагнаць.
Перад тым пратэстоўцы закідалі пэтардамі мікрааўтобус міліцыі — затрымалі некалькі чалавек.
Жорсткае відэа: дэманстрантам пагражаюць пісталетам, зьбіваюць
Месца дзеяньня — Менск, мэтро «Ўручча», паводле «Медиазоны».
Марыя Калесьнікава: Сёньня ўвесь сьвет ведае, што мы моцны і горды эўрапейскі народ
Прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава правяла прэсавую канфэрэнцыю, на якой дала ацэнку таму, што адбываецца ў краіне.
«Мы бачым на вуліцах звычайных людзей, якія хочуць пераменаў. Бачым пэнсіянэраў, якія размаўляюць з АМАПам, бачым дарослых людзей, яны плачуць, гледзячы, як чатыры супрацоўнікі сілавых структураў цягнуць у аўтазак хлопца з заплечнікам.
Мы просім дзейную ўладу спыніць гвалт, прыслухацца да волі народу. Гэтыя людзі нікуды ня зьнікнуць, яны ўжо ня змогуць забыць пра тое, што адбываецца. Яны ня змогуць жыць як раней. Ім не сатрэш памяць, іх ня змусіш падпарадкавацца, не спужаеш, не залагодзіш. Ім патрэбныя перамены...»
Менск: гумовыя кулі і сьлезацечны газ на Каменнай Горцы
Каля крамы «Алмі» ў раёне «Каменнай Горкі» міліцыянты расстрэльваюць пратэстоўцаў гумовымі кулямі, паведамляе карэспандэнт Свабоды. Побач з маладым чалавекам выбухнула сьвятлашумавая граната, ён трымаецца за галаву, зь цяжкасьцю ўстае. З падручных матэрыялаў — пераважна стацыянарных вазонаў і сьметніцаў — удзельнікі пратэсту ўзьвялі загародку праз дарогу, але амапаўцы вызвалілі адну паласу, празь якую цяпер едзе транспарт.
Дзясяткі людзей заблякаваныя ў краме «Алмі», перадае карэспандэнт Свабоды. Тым часам уздоўж вуліцы Прытыцкага пусьцілі сьлезацечны газ, міліцыянты з помпавымі стрэльбамі напагатове, чакаюць, калі людзі пабягуць. Таксама страляюць па машынах, якія паволі едуць ці сыгналяць у падтрымку пратэстоўцаў.
Пратэстоўцы збудавалі са сьметніц і лавак яшчэ адну барыкаду, ды яна прастаяла каля 5 хвілінаў, пакуль яе не разабраў АМАП.
Менск: затрыманьні і шумавыя гранаты ў Серабранцы
Між «Гіпа» і трамвайнымі шляхамі на Ракасоўскага чуваць сьвятлашумавыя гранаты. Карэспандэнт Свабоды паведамляе пра масавыя затрыманьні ў дварах.
Мясцовыя кажуць пра сутычкі з АМАП і пацярпелых на скрыжаваньні Ракасоўскага і Пляханава. Кажуць, сілавікі выцягвалі людзей з машын, перадае карэспандэнт Свабоды. АМАП са шчытамі зьбіраецца зачышчаць тэрыторыю, кідае шумавыя гранаты. Праспэкт Ракасоўскага і вуліца Пляханава фактычна спыніліся, машыны сыгналяць.
На праспэкце Ракасоўскага да аўтазака, які абкружыў АМАП са шчытамі, пад’ехала «хуткая». З аўтазака выгрузілі чалавека, перадалі мэдыкам, бачыў карэспандэнт Свабоды.
У Горадні затрыманьні, пагрозы журналістам
Партал Tut.by паведамляе пра затрыманьні на вуліцы Савецкіх памежнікаў у Горадні. Карэспандэнта і фатографа абкружыў АМАП, прымусіў выдаліць некалькі здымкаў, пагражаў «праблемамі», калі будуць здымаць сілавікоў.
Рух па вуліцы Прытыцкага ў Менску аднавілі, машыны салідарна сыгналяць, людзі на ходніках абураюцца міліцэйскім гвалтам. Сьведкі кажуць, што насупраць крамы «Марцін» супрацоўнікі ДАІ спынілі легкавы аўтамабіль, беспрычынна зьбілі кіроўцу, разьбілі задняе шкло. Цяпер масава выцягваюць людзей з «Алмі», жорстка зьбіваюць дручкамі і нагамі і цягнуць да аўтазака. Карэспандэнт Свабоды налічыў блізу 10 чалавек. Перад машынай прымушаюць стаць на калені, а потым проста набіваюць людзьмі фургон.