- By АБ
Першыя выракі за акцыю 9 жніўня ў Магілёве: 10 чалавек асудзілі на 15 сутак
Сталі вядомыя першыя выракі па затрыманых у Магілёве падчас акцыі пратэсту 9 жніўня. 10 чалавек асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту кожнага, судзьдзі — Панасенка і Палякова.
Судзілі затрыманых у ізалятары часовага ўтрыманьня. Фактычна, працэсы былі закрытыя. 10 чалавек асудзілі менш чым за гадзіну.
Родныя асуджаных «з боем» дамагаліся зьвестак пра тое, які вынік разгляду судоў.
У Ленінскім судзе Магілёва 11 жніўня будуць судзіць 37 чалавек, мяркуючы з вывешаных сьпісаў. Колькі будуць судзіць у Кастрычніцкім судзе пакуль невядома: у канцылярыі кажуць, што ня ведаюць, сьпісы адміністратыўных спраў не вывешваюць.
Больш за паўмільёна даляраў сабралі на дапамогу затрыманым і параненым у вулічных пратэстах
Ініцыятыва BY_help 11 жніўня сабрала 540 тысяч даляраў на дапамогу параненым на вулічных пратэстах, а таксама затрыманым.
Грамадзянская кампанія BY_help аплачвае штрафы затрыманым, дапамагае ў рэабілітацыі пацярпелым і затрыманым.
Таксама ініцыятыва шукае ў мэдыягрупу людзей, якія:
- могуць перакладаць на замежныя мовы інфармацыю пра сытуацыю ў Беларусі;
- маюць кантакты супрацоўнікаў мэдыяў, у краінах, дзе яны жывуць.
МУС ведае, але не называе імя загінулага
«Імя загінулага 10 жніўня падчас пратэстаў у Менску чалавека спэцслужбам вядомае», сказала Свабодзе прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава.
Аднак яна адмовілася назваць імя, сказаўшы, што працуе сьледча-апэратыўная група. Таксама Чамаданава не паведаміла іншыя падрабязнасьці пра загінулага. Прычыну сьмерці прэс-служба паведамляла на сваім тэлеграм-канале.
Гэта першы афіцыйна пацьверджаны выпадак гібелі ўдзельнікі акцый пратэсту супраць прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, якія суправаджаюцца вулічнымі сутыкненьнямі.
Паводле інфармацыі МУС, каля 23.00 на вуліцы Прытыцкага адзін з пратэстоўцаў спрабаваў кінуць неўстаноўленую выбуховую прыладу ў бок спэцназаўцаў. Яна выбухнула ў руцэ, мужчына атрымаў траўмы, несумяшчальныя з жыцьцём. Паводле вэрсіі МУС, натоўп будаваў барыкады для блякаваньня руху.
«Наша Ніва» пісала, што дэманстрантаў у гэты час «масіравана абстрэльвалі» — раней з Прытыцкага неаднаразова паведамлялі пра выбухі сьвятлошумавых гранатаў. «Белсат» перадаваў, што выбухі чуваць і пасьля паведамленьня МУС.
«Ня дай бог апынуцца перад выбарам, перад якім апынулася я». Пасьля ад’езду Ціханоўская апублікавала відэазварот
11 жніўня кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская апублікавала ў Youtube відэазварот да беларусаў. З раніцы стала вядома, што яна зьехала ў Літву.
На відэа Ціханоўская выглядае даволі прыгнечанай і ўсхваляванай. Дзе і пры якіх абставінах запісаны відэазварот, невядома.
Тэкст звароту цалкам:
«Вы ведаеце, я думала, што ўся гэтая кампанія мяне вельмі моцна загартавала і надала мне столькі сіл, што я вытрымаю ўсё.
Але, напэўна, я так і засталася той слабой жанчынай, якой была першапачаткова. Я прыняла вельмі цяжкае для сябе рашэньне. Гэта рашэньне я прыняла абсалютна самастойна: ні сябры, ні родныя, ні штаб, ні Сяргей ніякім чынам на яго проста не маглі паўплываць.
І я ведаю, што многія мяне зразумеюць, многія мяне асудзяць, а многія і зьненавідзяць. Але, ведаеце, ня дай бог апынуцца перад такім выбарам, перад якім апынулася я.
Таму, людзі, беражыце сябе, калі ласка — ніводнае жыцьцё ня варта таго, што цяпер адбываецца. Дзеці — гэта самае важнае, што ёсьць у нашым жыцьці», — гаворыць Ціханоўская.
Улады выштурхалі Ціханоўскую за мяжу. Ці дапаможа гэта зьбіць хвалю пратэсту?
Беларусь уступіла ў пэрыяд вострага палітычнага крызысу з элемэнтамі грамадзянскай вайны. І прычына яго вельмі банальная, такое адбывалася шмат дзе ў сьвеце. Аўтарытарны лідэр, прайграўшы выбары, адмаўляецца саступаць уладу пераможцу. Паводле ацэнак штаба Сьвятланы Ціханоўскай, на тых участках, дзе галасы палічылі сумленна, яна набрала 60-70%, піша палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.
Сьцісла:
- Пратэсты маюць шырокі ахоп. Паводле ацэнак МУС, у ноч з 9 на 10 жніўня пратэстныя акцыі адбыліся ў 33 гарадах.
- Пратэст моцна радыкалізаваўся. Ягоныя удзельнікі ўступалі у жорсткія сутычкі з супрацоўнікамі МУС.
- Нягледзячы на затрыманьне ў першую ноч каля 3 тысяч чалавек, гэта не зьбіла пратэстную хвалю на наступны дзень.
- Няма канкрэтнага суб’екту, які б рэпрэзэнтаваў патрабаваньні абуранага народу.
- У беларускім расколатым грамадзтве няма палітычных сілаў, якія б паспрабавалі узяць на сябе ролю пасярэднікаў, прапанавалі мэханізм мірнага вырашэньня крызысу.
Прэзыдэнт Літвы: відэазапісы Сьвятланы Ціханоўскай былі зробленыя пад ціскам
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа ўпэўнены, што відэазапісы кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай, якія зьявіліся ў аўторак, былі зробленыя пад ціскам, паведамляе delfi.lt.
«Ніводзін чалавек у здаровым розуме не паверыць, што відэа Ціханоўская запісала добраахвотна. Гэта толькі яшчэ адзін доказ таго, якія мэтады выкарыстоўваюць, каб зламаць чалавека і дух народу. Мы на працягу апошніх некалькіх тыдняў назіралі гэтыя спробы», – пісаў у фэйсбуку Наўседа.
Кіраўнік Літвы акцэнтуе, што цяпер Ціханоўскай трэба ачуняць пасьля перажытага шоку і фізычных выпрабаваньняў.
«Літва заўсёды даць прытулак сілам, гатовым ствараць свабоду і дэмакратыю. Гэтую сытуацыю і новыя падзеі ў Беларусі я сёньня абмяркую з старшынём Эўрапейскай рады Шарлем Мішэлем», — сказаў ён.
Арцыбіскуп Кандрусевіч заклікаў спыніць гвалт у Беларусі, сесьці за стол перамоваў
Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 11 жніўня выдаў адмысловы зварот у сувязі са «складанай грамадзка-палітычнай сытуацыяй у Беларусі», піша «Наша ніва».
Кандрусевіч піша, што апошнія дні ў Беларусі назіралася «нябачаная дагэтуль напружанасьць», адбыліся сутыкненьні, «пралілася першая кроў, і ёсьць пацярпелыя з абодвух бакоў».
«Упершыню ў сучаснай гісторыі Беларусі брат падняў руку на брата», — заяўляе Кандрусевіч. Ён нагадвае біблейскую гісторыю пра Каіна, які забіў брата Абэля.
Арцыбіскуп заклікаў усе бакі спыніць гвалт у «імя Бога бязьмежнай міласэрнасьці, любові і супакою».
«З даўніх часоў наш народ вырашаў складаныя пытаньні на агульных сходах, якія ў старажытных славянаў называліся вечам, — нагадаў ён. — З улікам гэтага каштоўнага досьведу, дзеля хутчэйшага пераадоленьня крызісу ў грамадзтве і спыненьня гвалту прапаную неадкладна склікаць адмысловы круглы стол, каб за ім, а не на барыкадах, вырашаць далейшы лёс нашай Бацькаўшчыны».
Затрыманым у Гомлі прысуджаюць па 10–15 дзён арышту, на суды не пускаюць, інфармацыю сваякам не даюць
Затрыманым у Гомлі 10 жніўня даюць па 10-15 дзён арышту, кажуць родныя. Суды праходзяць у выязным рэжыме ў будынках РАУС, ІЧУ і СІЗА. На суды нікога не дапускаюць.
Сваякам ані ў міліцыі, ані ў судзе не даюць ніякай інфармацыі. Толькі некаторыя сваякі здолелі даведацца пра тэрміны арышту. Адбываць арышт людзей развозяць па розных ІЧУ вобласьці.
«Сыну далі 12 сутак. У гомельскім ІЧУ адмаўляюцца казаць, дзе ён. Сказалі — шукайце яго ці ў Каленкавічах, ці ў Брагіне. Гэта поўнае беззаконьне!» — пракамэнтаваў Свабодзе жыхар Гомля Анатоль.
Іншым сваякам, якія чакаюць зьвестак пра сваіх блізкіх пад СІЗА, міліцыя адказвае так: «Усім — ад 10 да 15 сутак». Натальлі ў Цэнтральным РАУС паведамілі, што яе сын атрымаў прысуд на 7 сутак. А ў канцылярыі суду Цэнтральнага раёну сказалі, што на 15.
«Гэта нейкі жах, сваволя, бязьмежжа, я ў шоку. Ён проста ішоў да сваёй дзяўчыны», — абураецца Натальля. Яе сыну 18 гадоў. Ён вучыцца ў адным з каледжаў.
Беларускія «сэнатары» назвалі дзеяньні міліцыі адэкватнымі
Чальцы Савета Рэспублікі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Беларусі выступілі з заявай, у якой «катэгарычна асуджаюць спробы нешматлікіх ангажаваных груп раскалоць грамадзтва і дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне», паведамляе БелТА.
«Нельга дапусьціць, каб моладзь Беларусі стала разьменнай манэтай у жаданьні разгайдаць сытуацыю. Кожны грамадзянін абавязаны выконваць законы, а дзяржава — забясьпечваць правапарадак і спакой. Дзеяньні праваахоўных органаў адэкватныя правакацыям удзельнікаў несанкцыянаваных акцый. Шлях гвалту не прымальны для беларускага народа», — гаворыцца ў заяве па выніках прэзыдэнцкіх выбараў.
Затрыманых пратэстоўцаў вывозілі з Наваполацку і Полацку, бо не было дзе трымаць
Два дні запар у Наваполацку і Полацку ідуць акцыі пратэсту. Вось што расказаў Радыё Свабода адзін са сьведкаў разгону ўвечары 10 жніўня.
— Акцыі былі мірныя, выходзіла ня толькі моладзь, але і старэйшыя людзі, нават людзі зь дзецьмі, але супраць людзей ужылі сьвятлашумавыя гранаты.
АМАП перакрыў цэнтральную плошчу, і пачаў выцясьняць людзей з навакольлья. Пратэстоўцы нічога ня кідалі ў ампаўцаў, але тыя некалькі разоў пачыналі кідаць сьвятлашумавыя гранаты ў людзей.
Было два аўтобусы людзей у спэцыяльнай экіпіроўцы, і некалькі мікрааўтобусаў зь людзьмі ў чорным і людзьмі ў цывільным. Былі затрыманыя дзясяткі людзей.
Кіраўнік МЗС Літвы пра ад’езд Ціханоўскай: у яе не было асаблівага выбару
Сьвятлана Ціханоўская знаходзіцца ў бясьпецы разам са сваімі дзецьмі, паведаміў міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус на прэс-канфэрэнцыі ў Вільні.
Па словах Лінкявічуса, яна прыехала ў Літву пасьля ціску з боку ўладаў Беларусі, а службовыя асобы гэтай краіны «не перашкаджалі ад’езду, нават дапамаглі». «(...) у яе не было асаблівага выбару, як толькі пакінуць краіну», — сказаў Лінас Лінкявічус.
Міністар дадаў, што ў Ціханоўскай была нацыянальная літоўская віза, а яе дзеці прыехалі ў Літву яшчэ раней.
«У яе была нацыянальная віза Літвы, гэта значыць, што яна можа знаходзіцца ў Літве на працягу году без абмежаваньняў, і, мабыць, гэта вызначыла яе выбар зьехаць у Літву», — сказаў міністар.
Паводле ягоных словаў, Ціханоўская знаходзіцца ў выдзеленым дзяржавай жыльлі, ёй далі ахову. Па словах Лінкявічуса, у Літву разам з кандыдаткай прыехала кіраўніца яе штабу Марыя Мароз, яе дзеці таксама ў Літве.
У Менску закрылі 7 станцый мэтро
У Менску сем станцый мэтро закрытыя на ўваход і выхад: «Кастрычніцкая», «Плошча Леніна», «Купалаўская», «Няміга», «Фрунзенская», «Маладзёжная», «Пушкінская», паведамляюць «Наша Ніва» і KyKy.org у Тэлеграме. Цягнікі на іх не спыняюцца.
Цэнтар Менску ачэплены
Цэнтар Менску (праспэкт Незалежнасьці вакол Кастрычніцкай) ачэплены. Стуль выпускаюць, туды не прапускаюць, паведамляе «Наша Ніва».
Па цэнтры Менску езьдзіць хуткая, якой кіруюць людзі ў масках. ФАТАФАКТ
Каля Палацу Рэспублікі ў Менску заўважаная хуткая дапамога, якой кіруюць людзі ў масках. Фотаздымак, які гэта пацьвярджае, мы атрымалі ад чытача.
У панядзелак увечары сьведкі пратэсту каля ўнівэрсаму «Рыга» паведамілі Свабодзе, што калі прысутныя запусьцілі ў кола некалькі машын хуткай дапамогі і людзі раступіліся, каб прапусьціць гэтыя 3 машыны, адтуль з вокнаў выкінулі пакеты зь невядомым зьмесьціва і паехалі далей.
На скрыжаваньні праспэкту Пушкіна і Прытыцкага затрымалі каля дзясятка чалавек
На скрыжаваньні праспэкту Пушкіна і Прытыцкага станцыя мэтро закрытая, усе ўваходы атачыў АМАП і ўнутраныя войскі ў поўнай экіпіроўцы (шчыты, дубінкі, шаломы). На падыходах да станцыі мэтро сілавікі затрымалі каля дзясятка чалавек, іх утрымліваюць каля крамы «Кветкі», у адкрытай кавярні, у атачэньні сілавікоў. Працягваюць затрымліваюць. Таксама затрымалі раварыста, пасадзілі ў грузавік.
Усё перакрытае аўтобусамі ўнутраных войскаў.
Машыны гудзяць. Людзі абураюцца. Транспарт ходзіць.
Агароджа вакол станцыі мэтро, дзе 10 жніўня загінуў чалавек, упрыгожаная кветкамі. Кветкі таксама ляжаць на праезнай часткі.
У мэтро супрацоўнікаў папярэдзілі, што будзе адключаная сувязь.
Затрыманьні на праспэкце Пушкіна ў Менску ВІДЭА
Чэрачань падаў скаргу ў ЦВК і падтрымаў ад'езд Ціханоўскай
Былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі, старшыня партыі «Грамада» Сяргей Чэрачань падаў скаргу ў ЦВК на вынікі выбараў. У інтэрвію Свабодзе ён камэнтуе падзеі апошніх двух дзён і ад’езд Сьвятланы Ціханоўскай у Літву.
— Як вы ацэньваеце вынікі выбараў і свой вынік у іх?
— На сёньняшні момант сіламі нашых назіральнікаў за маім подпісам мы падалі скаргу ў ЦВК і Генэральную пракуратуру аб тым, што выбары былі праведзеныя са шматлікімі парушэньнямі, і што дадзены вынік не дазваляе нам іх прызнаць.
— Як вы пракамэнтуеце ўчорашні ад’езд Сьвятланы Ціханоўскай у Літву?
— У дадзеным выпадку гэта была вымушаная мера. Яна цудоўна разумела, што яе могуць арыштаваць, і пад пэўным ціскам яна, на мой погляд, зрабіла для сябе апраўданы выбар і прыняла правільнае рашэньне.
У Кіеве на дронах запусьцілі вялізны бел-чырвона-белы сьцяг. ВІДЭА
Украінская прыватная кампанія DRONARIUM, якая займаецца аэраздымкамі і надае паслугі дронаў, правяла сваю акцыю салідарнасьці зь Беларусьсю. Вялікі бел-чырвона-белы сьцяг сёньня лунаў над Дняпром і Ўладзімірскай горкай у Кіеве.
«Гэта мінімум таго, што мы, ва Ўкраіне, можам зрабіць для Беларусі. Мы зрабілі тое, што ўмеем. І гэта выйшла прыгожа. Найбліжэйшым часам мы правядзем яшчэ некалькі такіх акцый ужо ў іншых градах Украіны», — сказаў Свабодзе кіраўнік кампаніі Руслан Бяляеў.
Ініцыятыва «Сумленныя людзі»: пратаколы выбарчых камісій указваюць на фальсыфікацыю
Такія высновы агучыла ініцыятыва «Сумленныя людзі» паводле папярэдніх дадзеных грамадзянскага кантролю на 15:00 11 жніўня. Больш за 400 атрыманых пратаколаў яшчэ не апрацаваныя, гаворыцца ў прэс-рэлізе ініцыятывы.
Валянтэры «Сумленных людзей» сабралі і прааналізавалі зьвесткі з 749 выбарчых участкаў па ўсёй Беларусі.
Таксама яны зафіксавалі 8406 парушэньняў, якія ўключалі нядопуск назіральнікаў і неразьмяшчэньне пратаколаў у агульнадаступным месцы: людзі зьбіраліся каля ўчасткаў, але камісія пакідала будынкі з АМАПам праз чорны выхад. Таксама зафіксавалі неаднаразовыя адмовы чальцоў выбаркамаў падпісваць фальсыфікаваныя пратаколаў.
У Магілёве затрымалі журналістаў «Белсату»
Затрыманыя журналісты тэлеканалу «Белсат» Аліна Скрабунова і Аляксандар Сідарэўскі, яны пасьпелі адправіць сыгнал SOS, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна» ў Тэлеграме. Паводле БАЖ, журналісты былі ў Магілёве.