Менск: Вялікі затор на скрыжаваньні Данілы Сердзіча і Прытыцкага
Людзей на Прытыцкага ня стала меней. Шмат бел-чырвона-белых сьцягоў. Рух машын павольны, але ёсьць. Амапаўцы перагрупоўваюцца каля кальца. У 23.20 пачаўся абстрэл пратэстоўцаў з выкарыстаньнем шумавых гранатаў з боку сілавікоў. Адна зь іх трапіла ў салён тралейбуса каля кінатэатра «Аўрора», прабіўшы столь у кабіне кіроўца. Ніхто не пацярпеў.
Паведамляюць пра затрыманьні на плошчы Якуба Коласа, плошчы Перамогі, у парку Горкага.
Параненая карэспандэнтка «Нашай нівы»: «У журналістаў цэлілі наўмысна»
Сьвятлана Ціханоўская выйшла на сувязь
Кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская выйшла на сувязь а палове на 12-ю, піша ў Telegram «Страна для жизни». Яе не маглі знайсьці пасьля таго, як днём яна панесла ў Цэнтральную выбарчую камісію скаргу на вынікі выбараў.
Менск: да «Рыгі» дабраліся сілавікі, пачалася зачыстка, чуваць шумавыя гранаты
На будаваньне барыкад ля ўнівэрсаму «Рыга» некаторыя пратэстоўцы рэагуюць нэгатыўна, напісаў відавочца. У раёне пратэсту зьявіліся сілавікі — працяглы час яны не маглі туды дабрацца. «Белсат» піша, што бачылі БТР. Шэраг каналаў паведамляе пра жорсткую зачыстку, выбухі шумавых гранатаў, тое ж паведамляе Свабодзе відавочца.
Тым часам з Пушкінскай пратэстоўцы не сыходзяць. «Наша ніва» піша, што там пачынаюць будаваць барыкады. На Кальварыйскай зноў чуваць шумавыя гранаты.
МУС: Загінуў чалавек на праспэкце Прытыцкага
Паводле праваахоўнікаў, у яго ў руцэ нібыта выбухнула самаробная выбуховая прылада. «Наша Ніва» ж заяўляе, што дэманстрантаў у гэты час «масіравана абстрэльвалі» — раней з Прытыцкага неаднаразова паведамлялі пра выбухі сьвятлошумавых гранатаў. «Белсат» піша, што выбухі чуваць і пасьля паведамленьня МУС. Шэраг выданьняў паведамляе, што ў бок Пушкінскай сьцягваюцца дадатковыя сілы праваахоўнікаў, «каля 20 аўтазакаў».
Менск: Чарга хуткіх у кірунку «Рыгі», чуваць выбухі
Каля «Рыгі» некалькі тысяч чалавек. Некалькі дзясяткаў амапаўцаў спрабавалі шумавымі гранатамі разагнаць пратэстоўцаў. Аднак урэшце самі зьбеглі ў бок Кульман, перадае карэспандэнт Свабоды.
Аўтобусы і тралейбусы ўтварылі ланцуг, цалкам перакрыўшы праезд з боку Бангалор.
Людзі будуюць барыкады на праезнай частцы са сьметніц, платоў, каменьня.
У адказ сілавікі пусьцілі сьлезацечны газ, людзі разьбягаюцца ў розныя бакі, раздаюць адзін аднаму маскі.
Людзям каля ўнівэрсаму «Рыга» патрабуецца мэдычная дапамога, людзі крычаць «Хуткая!». Відавочца піша, што шчыпле нос і пяршыць у горле. Людзі чхаюць, камусьці шчыпле вочы.
Цэнтар Магілёва ачэплены, рух спынены. У Віцебску моцныя праблемы з сувязьзю
Менск: да «Рыгі» дабраліся сілавікі, пачалася зачыстка, чуваць шумавыя гранаты, будуюцца барыкады
У раёне пратэсту зьявіліся сілавікі — працяглы час яны не маглі туды дабрацца. «Белсат» піша, што бачылі БТР. Шэраг каналаў паведамляе пра жорсткую зачыстку, выбухі шумавых гранатаў.
Каля «Рыгі» некалькі тысяч чалавек. Некалькі дзясяткаў амапаўцаў спрабавалі шумавымі гранатамі разагнаць пратэстоўцаў. Аднак урэшце самі пабеглі ў бок Кульман, перадае карэспандэнт Свабоды.
Аўтобусы і тралейбусы ўтварылі ланцуг, цалкам перакрыўшы праезд з боку Бангалор.
Людзі будуюць барыкады на праезнай частцы са сьметніц, платоў, каменьня.
Telegram-каналы: АМАП хаваецца ў машынах «хуткай дапамогі»
Шэраг Telegram-каналаў, у ліку якіх Nexta, «Беларуь головного мозга» і «Чай з малінавым варэньнем», паведамляе, што сілавікі ў Менску хаваюцца ў машынах «хуткай дапамогі» — выкарыстоўвае іх як прыкрыцьцё, каб падабрацца да пратэстоўцаў раптоўна.
У цэнтар Менску тым часам сьцягваюць вайсковую тэхніку: апоўначы карэспандэнт «Белсату» бачыў яе рух з плошчы Якуба Коласа ў напрамку Кастрычніцкай.
Менск: Каля «Рыгі» — разгон, сьлезацечны газ
Бліжэй да поўначы да ўнівэрсаму «Рыга» па вуліцы Сурганава паехалі 7 карэтаў хуткай дапамогі, на скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці і Сурганава адчуваецца пах газу, перадае карэспандэнт Свабоды. «Белсат» паведамляе пра сьлезацечны газ і каля «Рыгі».
Апоўначы каля «Рыгі» пачаўся разгон дэманстрантаў, перадае карэспандэнт Свабоды. АМАП адціскае людзей па вуліцы Бяды ў бок Сурганава. Перад гэтым людзі кідалі каменьне і бутэлькі ў бок міліцыі. Бальшыня пратэстоўцаў сыходзіць. Калі Акадэміі навук, у бок якой таксама адціскаюць пратэстоўцаў, стаіць шмат аўтазакаў.
На скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці і Сурганава аўтамабісты заблякавалі рух. Машыны стаяць на праежджай частцы дыяганальна, перадае карэспандэнт Свабоды.
Onliner.by піша, што пасьля разгону людзі ўжо вяртаюцца да «Рыгі».
Менск: будуюць барыкады на «Спартыўнай» і «Пушкінскай», сутычкі пратэстоўцаў з АМАП, сьлезацечны газ
Некалькі тысяч чалавек ссунуліся па вуліцы Прытыцкага ад скрыжаваньня з вуліцай Данілы Сердзіча да скрыжаваньня зь Бельскага. Там будуюць барыкады з гіпэрмаркетных тачак-рашотак. У раёне пратэстаў знаходзяцца некалькі тысяч чалавек, перадае карэспандэнт Свабоды.
Сілавікі прарвалі барыкаду, ужываюць сьлезацечны газ, шумавыя гранаты. У адказ ляцяць камяні. Пад націскам АМАПу людзі разьбягаюцца — хто па Прытыцкага, хто па Бельскага і прылеглых дварах.
Сутыкненьні ў Кобрыні, пацярпелы ў Горадні
У Менску працягваюцца пратэсты і сутычкі каля мэтро «Пушкінская», а таксама каля плошчы Бангалор
Каля ўнівэрсаму «Рыга» барыкады разабралі, пратэстоўцаў адцясьнілі. Але некалькі сотняў чалавек вярнуліся да «Рыгі» пасьля зачысткі, пачалі будаваць новыя барыкады.
У Telegram распаўсюджваюць відэа таго, як нешта падобнае да сьвятлошумавой гранаты трапіла проста ў пратэстоўца ў Менску.
Менск: каля «Пушкінскай» жорстка зьбілі чалавека, які на машыне заехаў за шэрагі АМАП
Ля ўнівэрсаму «Рыга» тым часам стаяць 10 карэтаў хуткай дапамогі: выглядае, што дапамагаюць людзям на месцы. У паветры чуваць пах сьлезацечнага газу, перадае карэспандэнт Свабоды.
У Берасьці ў бок сілавікоў запускалі фэервэркі
Чалавек у вайсковай форме крайне агрэсіўна выцягвае жанчыну з машыны. Людзей у такой форме бачылі вечарам 10 жніўня ў Менску
Менск: пачалі кідаць «кактэйлі Молатава»?
Шэраг выданьняў паведамляе, што ў Менску бачылі, як пратэстоўцы кідаюць у сілавікоў штосьці падобнае да бутэлек з гаручай сумесьсю, так званых «кактэйляў Молатава».
Тым часам пратэсты каля станцыі мэтро «Спартыўная» працягваюцца, піша Эўрарадыё, аўтамабілісты заблякавалі дарогу, АМАП «страляе па машынах» (пра ўжываньне баявой зброі не паведамлялі — верагодна, гаворка пра шумавыя гранаты або гумовыя кулі).
Затрыманьні журналістаў