Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары-2020. Пратэсты, затрыманьні і салідарнасьць. Што адбываецца ў Беларусі

абноўлена

Апошнія навіны, камэнтары, стрымы Свабоды з выбарчых участкаў і вуліц у асноўны дзень галасаваньня на шостых прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.

  • Паводле зьвестак ЦВК, на выбарах прэзыдэнта Беларусі дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка набраў 80,23% галасоў, Сьвятлана Ціханоўская — 9,9%, Ганна Канапацкая — 1,68%, Андрэй Дзьмітрыеў — 1,04%, Сяргей Чэрачань — 1,13%.
  • Штаб Ціханоўскай не прызнаў перамогі Лукашэнкі, заклікаў да пераліку галасоў.
  • Увечары 9 жніўня ў Менску, усіх абласных цэнтрах і іншых гарадах Беларусі прайшлі стыхійныя акцыі пратэсту. Каля 3000 чалавек затрымалі, зь іх каля тысячы ў Менску.
  • Выбарчая кампанія ператварылася ў хроніку рэпрэсіяў. Праваабаронцы налічылі больш за 1360 адвольных затрыманьняў з 6 траўня па 5 жніўня.
  • Арыштаваныя ў межах Крымінальнага кодэксу патэнцыйны кандыдат Віктар Бабарыка, два кіраўнікі ініцыятыўных групаў — Эдуард Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі. На 8 жніўня праваабаронцы прызналі палітычнымі вязьнямі 26 чалавек.
19:31 9.8.2020

Чакаем вынікаў. Жывы эфір Свабоды

19:33 9.8.2020

У цэнтры Кіева праходзіць акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю. ШМАТ ФОТА

Беларускія і ўкраінскія актывісты сабраліся на майдане Незалежнасьці ў Кіеве, каб выказаць падтрымку беларусам, якія дэманструюць сваё жаданьне шляхам выбараў зьмяніць уладу.

Удзельнікі акцыі трымаюць плякаты з надпісамі «Свабоду Беларусі», «Люблю Беларусь», «Не палітычным рэпрэсіям, не катаваньням у турмах», «Я за сумленныя выбары».

Удзельнікі акцыі найперш выказвалі засьцярогі, што сытуацыя ў Беларусі будзе разьвівацца паводле сілавога сцэнару.

«Я ў думках малюся за беларусаў і сваіх беларускіх сяброў, выдатных пісьменьнікаў і паэтаў, якія выйдуць разам з народам. Няхай Гасподзь абароніць Беларусь. Цяпер насамрэч у краіне вызначальная сытуацыя, бо патрэба зьменаў насьпела бязьмежна, але мы ўсе разумеем, што Лукашэнка ўладу не аддасьць. Таму мы мусім падтрымаць Беларусь усялякімі спосабамі!», — заявіў украінскі пісьменьнік Аляксандар Ірванец.

19:59 9.8.2020

Затрымалі лідэра АГП і давераную асобу Ціханоўскай Мікалая Казлова

У Менску супрацоўнікі міліцыі затрымалі давераную асобу Сьвятланы Ціханоўскай і лідэра Аб'яднанай грамадзяскай партыі Мікалая Казлова.

Пра гэта Свабодзе паведаміла прэс-сакратарка штату Ціханоўскай Ганна Красуліна.

Ён стаў дзевятай даверанай асобай альтэрнатыўнай кандыдаткі, якіх затрымалі апошнімі днямі.

20:07 9.8.2020

Затрымалі афіцыйную прадстаўніцу «Белсату» ў Беларусі

Каля 19:30 у Менску затрымалі афіцыйную прадстаўніцу тэлеканалу «Белсат» у Беларусі Ірыну Слаўнікаву. Яе схапілі наўпрост на вуліцы. Цяпер яе вязуць у Ленінскі РАУС, паведамляе тэлеканал.

20:21 9.8.2020

Мэтро не спыняецца, цэнтар Менску перакрыты

Цягнікі менскага мэтро ўжо не спыняюцца і на станцыях Кастрычніцкая, Купалаўская, Першамайская, Няміга і Фрунзэнская — пра гэта абвяшчаюць у цягніках, паведамляе карэспандэнт Свабоды.

У накірунку Стэлы на праспэкце Незалежнасьці, якая называлася ў тэлеграм-каналах як магчымая пляцоўка для збору людзей, таксама ня ходзіць наземны траспарт.

Увесь цэнтар Менску перакрыты.

Каля цырку з абодвух бакоў, на скрыжаваньні з вуліцай Янкі Купалы, стаіць ачапленьне: 11 міліцыянтаў з аднаго боку і 9 — з другога боку вуліцы. Але людзей пакуль прапускаюць.

Плошча Незалежнасьці заблякаваная па пэрымэтры з усіх бакоў, пачынаючы ад вуліц Мясьнікова, Валадарскага, Карла Маркса, Ленінградзкай і г.д. На паштамт прайсьці не даюць. У студэнцкім гарадку БДУ поўна спэцтэхнікі. Выхад з мэтро на плошчу Незалежнасьці таксама закрылі. Выхад з мэтро ў бок чыгуначнага вакзалу адкрыты.

20:26 9.8.2020

Вынікі дзяржаўных экзыт-полаў: Лукашэнка — 79,7%, Ціханоўская — 6,8%

Моладзевая лябараторыя сацыялягічных дасьледаваньняў РСОО «БКМО» на замову нацыянальнага прадстаўніцтва Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір» у Беларусі правяла нацыянальны exit poll (апытаньне на выхадзе з выбарчых участкаў) на выбарах прэзыдэнта Беларусі, паведамляе БелТА.

Апытаньне праводзілі на 320 участках па ўсёй Беларусі, ананімна. Задавалася пытаньне аб тым, за каго рэспандэнт аддаў свой голас. Адказалі на пытаньне 67,6%, адмовіліся ад адказу 32,4%. Усяго апыталі 12 340 чалавек.

Вынікі:

  • Аляксандар Лукашэнка — 79,7%,
  • Сьвятлана Ціханоўская — 6,8%,
  • Ганна Канапацкая — 2,3%,
  • Андрэй Дзьмітрыеў 1,1%,
  • Сяргей Чэрачаньнь — 0,9%.

Супраць усіх, прагаласавалі 9,2% выбарнікаў.

20:29 9.8.2020

Ярмошына: у шпіталях за Лукашэнку 82%, у войску, — 93,7%

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына распавяла пра вынікі галасаваньня на закрытых участках.

У шпіталях за Лукашэнку прагаласавала 82%, за Ціханоўскую — 5%.

У войску на закрытых участках галасавала каля 7 тысяч чалавек. За Лукашэнку ў войску — 93,7%, за Ціханоўскую — 3,8%. У войску 2 чалавекі адмовіліся галасаваць, сказала Ярмошына па БТ.

Ня ўсе ўчасткі закрыліся: дзе былі чэргі, менскія ўлады ўлады дазволілі дагаласаць людзям, паведаміла Ярмошына

20:29 9.8.2020

Напружаная сытуацыя ў цэнтры Віцебску

Плошча перамогі у цэнтры Віцебска пустая. Пад'ехалі чатыры аўтобусы з фіранкамі. Рух не перакрыты, стаіць палівальная машына, шмат супрацоўнікаў ДАІ і ў службовых, і ў цывільных машынах.

Трохі людзей стаяць на ходніках.

Паблізу стаяць тры пустыя аўтобусы МАЗ.

На пад'ездах да плошчы разьмешчаныя знакі «Рух забаронены».

Паводле неправеранай інфармацыі ў сетках заклікаюць прыходзіць у цэнтар гораду да 22-й гадзіны.

20:37 9.8.2020

Некалькі выбарчых участкаў у Менску працягнулі працаваць пасьля 20-ай гадзіны

Некалькі выбарчых участкаў у Менску, ля якіх утварыліся вялікія чэргі, працягваюць працаваць, паведаміла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1». Галасаваньне там не прыпынілі а 20-ай гадзіне.

Так вырашылі менскія ўлады і тэрытарыяльныя камісіі, падкрэсьліла Ярмошына, яна сама была супраць І лічыць гэта «разгільдзяйствам» з боку выбарнікаў. На ўчастках паабяцалі, што будуць працаваць да апошняга чалавека.

20:43 9.8.2020

Зь менскай школы выгналі міжнародных назіральнікаў з брытанскай амбасады

Зь менскай школы № 59 выгналі таксама і міжнародных назіральнікаў з брытанскай амбасады. Ім пагражалі прымяненьнем фізычнай сілы, паведамляе «Наша Ніва» ў Тэлеграме.

Яны былі вымушаныя сысьці. Побач са школай застаюцца каля 150 чалавек, яны проста пляскаюць у ладкі.

20:45 9.8.2020

Цэнтральныя плошчы Гомлі і Жлобіна ачэпленыя

Плошча Леніна ў Гомлі ачэпленая міліцыяй і АМАПам. Стаяць два аўтазакі. На кожным скрыжаваньні на Савецкай (цэнтральная вуліца гораду) стаяць пасты ДАІ, якія часта спыняюць машыны для праверкі.

Пад участкамі ў Гомлі людзей мала.

У Жлобіне таксама супрацоўнікамі ДАІ і міліцыі ачэпленая цэнтральная плошча.

20:46 9.8.2020

Чарга ля менскай школы № 28. Фатафакт

20:53 9.8.2020

Беларусы Кіева сустрэлі навіны аб папярэдніх выніках галасаваньня крыкамі «Ганьба»

У Кіеве беларусы, якія не змаглі прагаласаваць, сустрэлі навіны аб папярэдніх выніках галасаваньня выгукамі «Ганьба» і «Лукашэнка, сыходзь».

Перад беларускімі грамадзянамі выступіў Вадзім Пракоп'еў, які заклікаў падтрымаць усіх, хто будзе рэпрэсаваны. «Я разьлічваю, што беларусы нічога не прабачаць. Усе карацелі мусяць быць гатовыя да адказнасьці».

21:00 9.8.2020

Ля менскага ўчастку № 8 людзей, якія стаялі ў чарзе, разагнала міліцыя, некалькі чалавек затрымалі

Каля менскага ўчастку № 8 (школа № 73) у раёне Акадэміі навук пасьля закрыцьця ўчастку сабралася некалькі дзясяткаў людзей, якія не пасьпелі прагаласаваць. Выйшлі міліцыянты, чалавек дзесяць, сказалі сыходзіць.

Людзі сталі спрачацца, тады міліцыянты падагналі пару мікрааўтобусаў. Людзі самі разышліся, але міліцыянты затрымалі некалькі чалавек. Паводле сьведак, яны супраціўляліся, міліцыянты пабілі іх дручкамі і запхалі ў мікрааўтобус.

21:06 9.8.2020

На Кастрычніцкай плошчы аўтамабіль з налепкай з гербам «Пагоня» спыніла ДАІ. Тым часам праход уздоўж праспэкту Незалежнасьці і праезд па ім адкрытыя.

21:14 9.8.2020

Віцебск пачынае гудзець

Усе вуліцы Віцебску, што вядуць да плошчы Перамогі, перакрытыя. Прапускаюць грамадзкі транспарт і пешаходаў.

Легкавікі пачалі актыўна сыгналіць.

21:29 9.8.2020

Людзі зьбіраюцца на праспэкце Машэрава ў Менску

На праспэкце Машэрава ў Менску ў раёне гатэлю «Плянэта» знаходзяцца дэманстранты. Чуваць лёзунгі «Жыве Беларусь» і «Ганьба».

21:37 9.8.2020

У Менску і іншых гарадах Беларусі зьнік інтэрнэт

У Менску і шэрагу іншых гарадоў Беларусі сынхронна зьнік інтэрнэт і часткова мабільная сувязь.

21:39 9.8.2020

У цэнтры Горадні пратэст, затрымалі каля 10 чалавек

У Горадні на Савецкай плошчы сабраліся некалькі соцень чалавек. Празь некаторы час туды прыехаў АМАП і пажарныя машыны. Каля паўсотні амапаўцаў пачалі выціскаць людзей з плошчы і затрымліваць.

Па стане на 21.15 затрыманыя каля 10 чалавек, утым ліку журналісты Сяргей Людкевіч, Аляксей Кайрыс, Аляксандар Саенка. Людзі спрабуюць схавацца ў фарным касьцёле.

21:42 9.8.2020

На праспэкце Машэрава ў Менску пачаліся сутыкненьні дэманстрантаў з АМОНам. Ідуць брутальныя затрыманьні

На праспэкце Машэрава ў раёне гатэлю «Плянэта» знаходзяцца дэманстранты. Чуваць лёзунгі «Жыве Беларусь» і «Ганьба».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG