Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары-2020. Пратэсты, затрыманьні і салідарнасьць. Што адбываецца ў Беларусі

абноўлена

Апошнія навіны, камэнтары, стрымы Свабоды з выбарчых участкаў і вуліц у асноўны дзень галасаваньня на шостых прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.

  • Паводле зьвестак ЦВК, на выбарах прэзыдэнта Беларусі дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка набраў 80,23% галасоў, Сьвятлана Ціханоўская — 9,9%, Ганна Канапацкая — 1,68%, Андрэй Дзьмітрыеў — 1,04%, Сяргей Чэрачань — 1,13%.
  • Штаб Ціханоўскай не прызнаў перамогі Лукашэнкі, заклікаў да пераліку галасоў.
  • Увечары 9 жніўня ў Менску, усіх абласных цэнтрах і іншых гарадах Беларусі прайшлі стыхійныя акцыі пратэсту. Каля 3000 чалавек затрымалі, зь іх каля тысячы ў Менску.
  • Выбарчая кампанія ператварылася ў хроніку рэпрэсіяў. Праваабаронцы налічылі больш за 1360 адвольных затрыманьняў з 6 траўня па 5 жніўня.
  • Арыштаваныя ў межах Крымінальнага кодэксу патэнцыйны кандыдат Віктар Бабарыка, два кіраўнікі ініцыятыўных групаў — Эдуард Бабарыка і Сяргей Ціханоўскі. На 8 жніўня праваабаронцы прызналі палітычнымі вязьнямі 26 чалавек.
11:16 11.8.2020

Адзін з затрыманых 10 жніўня ўдзельнікаў экскурсіі ў Магілёве — рэжысэр Магілёўскага драматычнага тэатру

У Магілёве ўвечары 10 жніўня падчас затрыманьня ўдзельнікаў экскурсіі каля 20-ай гадзіны затрымалі таксама рэжысэра Магілёўскага драматычнага тэатру Ўладзімера Пятровіча.

Вядома, што яго завезьлі ў Ленінскі аддзел міліцыі. Сувязь зь ім перарвалася. Дзе ён знаходзіцца цяпер, невядома.

11:16 11.8.2020

У Магілёве затрымалі ўладальніка беларускамоўнай кавярні

У Магілёве затрымалі ўдальніка кавярні, якая абслугоўвае наведнікаў на беларускай мове, «Шпаркі лось» Вадзіма Бабкова. Паводле жонкі Аксаны яго схапілі экіпіяваныя міліцыянты 10 жніўня блізу 23 гадзіны. Яны пераскочылі праз агароджу, якая аддзяляе ходнік ад праезнай часткі зацягнулі ў аўтазак, а потым завезьлі ў Ленінскі аддзел міліцыі.

Пра далейшы лёс Бабкова яго жонка Аксана нічога ня ведае.

10:44 11.8.2020

Афіцыйна: у Горадні ўвечары 10 жніўня затрымалі дзясяткі чалавек

У Горадні ўвечары 10 жніўня затрымалі дзясяткі чалавек, паведаміў 11 жніўня афіцыйны прадстаўнік УУС Горадзенскага аблвыканкаму Яўген Дудко.

Інфармацыю пра наезд на чалавека аўтазакам міліцыя пакуль не пацьвярджае і не абвяргае.

Колькасьць пацярпелых падчас пратэстаў міліцыя не паведамляе. Увечары 10 жніўня па Горадні езьдзілі дзясяткі машын хуткай дапамогі.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

09:40 11.8.2020

Што адбываецца на месцы сутыкненьняў, дзе ўначы былі барыкады

Каля гандлёвага цэнтру «Рыга», на скрыжаваньні вуліц Сурганава і Леаніда Бяды, недзе да паловы 9-й раніцы камунальнікі працягвалі прыбіраць абгарэлыя сьмецьцевыя кантэйнэры і мэталёвыя шчыты, якія выкарыстоўвалі пратэстоўцы для будаваньня барыкадаў.

Вывозяць шыны, друз, сьмецьце. Дасюль пахне дымам. Ляжыць абгарэлы кантэйнэр для збору макулятуры. На рагах яшчэ стаяць рэшткі барыкадаў, камунальнікі не да канца іх прыбралі.

Начальнікі, якія кіруюць працэсам, тлумачаць рабочым, што «гэта выйшлі адмарозкі».

На месцы ўчорашніх падзей каля ўнівэрсаму «Рыга» засталіся вялікія крывавыя плямы, камунальнікі дасюль ня здолелі іх адмыць. Карэспандэнт Свабоды знайшоў чаку ад шумавой гранаты.

Карэспандэнт Свабоды паразмаўляў з удзельнікамі ўчорашніх пратэстаў, якія прыйшлі сюды паглядзець, што тут адбываецца цяпер.

09:38 11.8.2020

У Менску зьніклі фатограф агенцтва «Россия сегодня» і галоўны рэдактар «Нашай Нівы». Пацярпелі некалькі журналістаў

10 жніўня ў Менску зьнік фотакарэспандэнт міжнароднага інфармацыйнага агенцтва «Россия сегодня» Ільля Піталёў.

У ноч з 10 на 11 жніўня галоўны рэдактар выданьня «Наша Ніва» Ягор Марціновіч даслаў SOS-смс, гэта значыць, што ён затрыманы. За два дні пратэстаў у Беларусі былі затрыманыя і пацярпелі некалькі журналістаў. Дасюль няма інфармацыі, дзе ён знаходзіцца.

За два дні вулічных пратэстаў у Беларусі пацярпелі ад дзеяньняў сілавікоў некалькі журналістаў. Увечары 10 жніўня ў раёне Кальварыйскай была параненая журналістка выданьня «Наша Ніва» Натальля Лубнеўская. Падчас разгону пратэстаў затрымалі журналістак тэлеканалу «Белсат» Алёну Шчэрбінскую і Тацьцяну Белашову.

У Бабруйску 10 жніўня затрымалі журналіста Алеся Чыгіра і яго жонку Дануту, а таксама журналістаў Марыну Малчанаву і Віктара Масаловіча з «Бабруйскага кур’ера», у Берасьці — журналістаў Мілану Харытонаву і Алеся Леўчука.

Уначы стралялі ў фотакарэспандэнта Getty Images Міхала Фрыдмана. Куля трапіла ў акрэдытацыю, з журналістам усё ў парадку.

Беларуская асацыяцыя журналістаў паведамляе, што ў раёне Кальварыйскай вуліцы быў затрыманы рэжысэр-дакумэнталіст Максім Швед. Ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна.

09:35 11.8.2020

Каго затрымалі ў Менску 9 і 10 жніўня. Сьпіс

Праваабарончы цэнтар «Вясна» сабраў сьпіс менчукоў, якіх затрымалі 9 і 10 жніўня. У ім больш за 600 імёнаў. Паводле праваабаронцаў, агулам затрымалі каля 3000 чалавек у 33 гарадах.​

На момант публікацыі, у сьпісе «Вясны» больш за 600 затрыманых, чые імёны ўдалося высьветліць, сьпіс абнаўляецца.

Сярод іншага 10 жніўня па ўсёй Беларусі затрымлівалі сваякоў затрыманых, якія стаялі зь перадачамі ў чарзе да ізалятараў. У Менску 10 жніўня затрымалі бацькоў Андрэя і Крысьціну Вітушку, якія паехалі на пошукі затрыманага 16-гадовага сына Мірона ў Цэнтральнае РУУС, піша журналіст Юры Сідун. Сямейную пару Вітушкаў зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна. Іх сына забрала з Фрунзенскага РУУС бабуля а 3:40 12 жніўня.

09:33 11.8.2020

Сьвятлана Ціханоўская зьехала ў Літву

З раніцы 11 жніўня стала вядома, што кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская зьехала ў Літву. Пра гэта ў Твітэры паведаміў міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус. Паводле міністра, зь ёй цяпер усё ў парадку.

Тэлефон Сьвятланы Ціханоўскай цяпер адключаны. Да прэс-сакратаркі штабу Ціханоўскай Ганны Красулінай немагчыма дазваніцца — не праходзіць званок, адразу адключаецца. Марыя Калесьнікава пакуль не здымае слухаўку.

08:45 11.8.2020

БДІПЧ заклікала беларускія ўлады вызваліць затрыманых пратэстоўцаў

Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) заклікала беларускія ўлады ўстрымацца ад гвалту і сумленна паведаміць аб выніках прэзыдэнцкіх выбараў на ўсіх выбарчых участках.

«Свабода мірных сходаў, а таксама свабода выказваньня меркаванняў зьяўляюцца асноўнымі правамі чалавека, якія маюць вырашальнае значэньне для разьвіцьця дэмакратычных грамадзтваў, і БДІПЧ заклікае да хуткага і эфэктыўнага расьсьледаваньня любой жорсткасьці міліцыі, а таксама да вызваленьня ўсіх затрыманых за ўдзел у цяперашніх пратэстах», — заявіла 10 жніўня прэсавая прадстаўніца БДІПЧ Каця Андруш.

Андруш паўтарыла ранейшае сваё шкадаваньне, што місія БДІПЧ не прыехала назіраць за галасаваньнем на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі, паколькі беларускія ўлады «не змаглі своечасова прапанаваць БДІПЧ назіраць крытычна важныя элемэнты выбарчага працэсу».

Андруш адзначыла запалохваньне палітычных актывістаў у перадвыбарчы пэрыяд, нерэгістрацыю пэрспэктыўных кандыдатаў і недэмакратычны спосаб фармаваньня выбарчых камісій.

«БДІПЧ працягвае сачыць за падзеямі ў Беларусі і заклікае да дыялёгу, аказваючы цьвёрдую падтрымку грамадзянскай супольнасьці і ўсім, хто адстойвае правы чалавека. БДІПЧ гатовы аказаць дапамогу беларускім уладам у ажыцьцяўленьні тэрміновых рэформаў, неабходных для прывядзеньня заканадаўства і практыкі краіны ў адпаведнасьць зь міжнароднымі дэмакратычнымі стандартамі і абавязаньнямі ў галіне правоў чалавека», — заканчваецца заява БДІПЧ.

05:28 11.8.2020

Пратэстоўцы на праспэкце Пушкіна ў Менску скандуюць: «Верым, можам, пераможам!»

Запіс ў ноч на 11 жніўня.

Пратэстоўцы на праспэкце Пушкіна ў Менску скандуюць: «Верым, можам, пераможам!» ВІДЭА
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:15 0:00

05:08 11.8.2020

Барыкады каля ўнівэрсаму «Рыга» у Менску

Запіс ў ноч на 11 жніўня.

04:34 11.8.2020

Ляжачага білі па чарзе

На відэа, якое апублікаваў Тэлеграм-канал NEXTA, відаць, як ляжачага чалавека па чарзе зьбіваюць дручкамі.

03:41 11.8.2020

Спэцтэхніка вяртаецца на базы

Тэлеграм-канал «Беларусь головного мозга» паведаміў, што спэцтэхніка ў Менску вяртаецца на базы праз праспэкт Незалежнасьці і МКАД.

03:05 11.8.2020

Аповед сьведкі ў Менску

02:25 11.8.2020

Менск: «Рыгу» зачысьцілі, вадамёты таранілі аўтамабілі. Пратэсты працягваюцца на захадзе

Сілавікі зачысьцілі вуліцу Сурганава каля ўнівэрсаму «Рыга», перадае карэспандэнт Свабоды. Як распавёў карэспандэнту відавочца, вадамёты таранілі аўтамабілі. Вуліцу Сурганава патрулююць «людзі ў цывільным».

Сутычкі сілавікоў з дэманстрантамі працягваюцца на праспэкце Пушкіна.

02:22 11.8.2020

02:05 11.8.2020

Магчыма, затрыманы галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч

Ён не адказвае на тэлефанаваньні, але тэлефон дасяжны.

01:51 11.8.2020

Менск: Каля ўнівэрсаму «Рыга» працягваецца атака на пратэстоўцаў, пачаўся «хапун» у раёне «Маяк Менску»

Вадамёт разагнаў людзей і зьнёс барыкады ля ўнівэрсаму «Рыга» каля 1.40 ночы. Сьвятлошумавыя гранаты кідаюць з аўтазакаў. Людзі разьбягаюцца ў двары перад і падчас атакі, а пасьля выходзяць на вуліцу Сурганава зноў, перадае карэспандэнт Свабоды.​

Паводле Tut.by, людзі пачалі рухацца з «Пушкінскай» і «Спартыўнай» у бок Каменнай Горкі. «Наша Ніва» і канал #МотолькоПомоги паведамляюць пра затрыманьні ў раёне «Маяк Менску».

01:34 11.8.2020

Менск: на «Пушкінскай» паменела пратэстоўцаў, адбылася «зачыстка», ужывалі шумавыя гранаты. Пратэстоўцы застаюцца на «Спартыўнай»

01:22 11.8.2020

Прэзыдэнт Літвы заявіў, што Эўразьвязу варта абмеркаваць санкцыі ў дачыненьні да Беларусі

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа ў панядзелак заявіў, што Эўразьвязу варта абмеркаваць санкцыі ў дачыненьні да Беларусі ў адказ на дзеяньні ўладаў краіны супраць апазыцыі.

«Дынаміка такая, што нам варта з усёй сур’ёзнасьцю гаварыць пра санкцыі для Беларусі, бо тое, што адбываецца цяпер, нават здалёк не нагадвае тыя рэпрэсіі, якія рэжым праводзіў усе апошнія гады», — цытуе прэзыдэнта Літвы партал delfi.lt.

01:20 11.8.2020

Менск: снарад са сьлезацечным газам трапіў у жылы дом на Пушкінскай, пратэсты працягваюцца, ля «Рыгі» чацьвёртым разам разьбіраюць барыкады

Побач з гандлёвым цэнтрам «Рыга» чуваць і відаць 5 выбухаў сьвятлошумавых гранатаў, перадае карэспандэнт Свабоды. «Наша Ніва» тым часам піша, што каля «Рыгі» адмысловая машына разьбірае барыкады.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG