Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Честные люди» апублікавалі аўдыё інструктажу ў выбарчай камісіі, дзе Лукашэнка набірае ў 9 разоў болей галасоў, чым Ціханоўская


Падлік галасоў, 2018 год, ілюстрацыйнае фота
Падлік галасоў, 2018 год, ілюстрацыйнае фота

Ініцыятыва «Честные люди» апублікавала 11-хвілінны аўдыёзапіс, на якім, як сьцьвярджаецца, праводзіцца «трэнінг» падліку галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах. Мэта — каб падлічаныя галасы супалі з загадзя прызначаным вынікам.

Як сьцьвярджае ініцыятыва, аўдыёзапіс прыслалі ананімна. З названых на аўдыё імёнаў «Честные люди» робяць выснову, што дзеяньне адбываецца ў менскай гімназіі №39.

«Фокус заключаецца ў тым, што чальцы камісіі павінны раскласьці бюлетэні па стосах і агучыць для пратаколу патрэбныя вынікі, — тлумачаць у апісаньні да відэа. — У адпаведнасьці зь лічбамі, якія да гэтага моманту „павінны ведаць на памяць“ ці падгледзець у „шпаргалцы“».

Журналісты Tut.by наведаліся ў гімназію № 39 і паразмаўлялі з дырэктаркай Ірынай Місевец, якая зьяўляецца старшынёй выбарчай камісіі. Яна пацьвердзіла, што гэта яе голас і што «трэніроўка сапраўды мела месца».

«Тлумачэньне даволі простае — гэта запіс трэнінгу па падліку галасоў. У нас перад любымі выбарамі праходзіць трэнінг асноўнага дня, дзе я праводжу інструктаж, каб кожны член камісіі ведаў сваю місію, ведаў, у колькі прыходзім, калі апячатваем урны і гэтак далей, — кажа дырэктарка. — Таксама мы адпрацоўваем, як будзе адбывацца падлік. Кожны павінен ведаць, хто пакуе бюлетэні, хто будзе казаць і лічыць, хто будзе пячатку ставіць. Лічбы для трэнінгу я прыдумляю сама, для таго каб людзі разумелі, што ў будучыні будзе складацца. І каб сакратар разумеў, што такія лічбы яму трэба скласьці, калі сябры камісіі іх будуць агучваць, каб сакратар усё правільна занёс у пратакол».

На рэпэтыцыі Андрэй Дзьмітрыеў набраў 64 галасы, Ганна Канапацкая — 16, Аляксандар Лукашэнка — 952, Сьвятлана Ціханоўская — 102 і Сяргей Чэрачань — 18.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG