Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расейская папса падтрымае ўсё, што скажа Крэмль, у гэтым выпадку — пакараць „бацьку“», — расейская журналістка


Аляксандар Лукашэнка на ка.цэрце/ 3 ліпеня 2008 годe. Ілюстрацыйнае фота
Аляксандар Лукашэнка на ка.цэрце/ 3 ліпеня 2008 годe. Ілюстрацыйнае фота

Аглядальніца расейскай службы Радыё Свабода Алена Рыкаўцава скептычна паставілася да вэрсіі, што расейскія зоркі эстрады адмовіліся ад перадвыбарчага канцэрту ў Беларусі праз шматлікія просьбы і пагрозы беларускіх і расейскіх фанатаў.

Пра гэта яна напісала ў сваёй старонцы ў Фэйсбуку, камэнтуючы навіну
радыё «Говорит Москва»:

«Леанід Агуцін, Стас П’еха, Юліяна Караулава і група Кар-Мэн адмовіліся ехаць у Беларусь на „перадвыбарчы канцэрт“ Лукашэнкі 8 жніўня. Такое рашэньне выканаўцы прынялі пасьля шматлікіх просьбаў і папрокаў ад расейскіх фанатаў».

«Гэтыя расейскія фанаты — яны што, за беларускую апазыцыю! Кшталту „западло“ сьпяваць за „Бацьку“?! Быць такога ня можа», — мяркуе расейская журналістка і цытуе далей навіны.

«Чытаю далей: „Бясплатныя шоў напярэдадні дня выбараў арганізавалі беларускія ўлады. Раней Грыгорый Лепс заявіў, што мае намер паехаць і выступіць, нягледзячы на затрыманьне расейскіх грамадзянаў і зьмяшчэньне іх у СІЗА, бо яго „чакаюць людзі“... Гэта нібыта „фанаты“ нібыта пратэстуюць супраць затрыманьня ў Менску галаварэзаў з ПВК Вагнэра і патрабуюць ад куміраў пакараць „Бацьку“ байкотам. Наўпрост усім сваім папсовым фанацкім натоўпам жудасна заклапаціліся лёсамі гэтых баевікоў. І куміры нібыта слухаюцца фанатаў! Сказалі фанаты — на знак пратэсту ня ехаць да „Бацькі“ — ня едзем! Сумленьне даражэй грошай!», — іранізуе журналістка.

Алена Рыкаўцава
Алена Рыкаўцава

Алена Рыкаўцава зьвяртае ўвагу на яшчэ адзін «абсурдны паварот». Яна пабачыла ў сетках камэнтары і пасты беларусаў, якія «радуюцца», бо «расейская папса адмовілася падтрымаць дыктатуру». Аглядальніца расейскай Свабоды зьвярнулася да беларусаў з гэтай нагоды.

«Дарагія беларускія сябры. Пра што вы кажаце. Расейская папса з дарагой душой падтрымае ўсё, на што ёй пакажа Крэмль. У гэтым выпадку ёй наказалі пакараць „Бацьку“ за арышт наймітаў з ПВК. „У расейскіх і беларускіх сацыяльных сетках удзел артыстаў у канцэртах у падтрымку Лукашэнкі на фоне затрыманьняў грамадзянаў Расеі выклікаў крытыку“. Так падаецца ў Расеі прычына „байкоту“. Усё. Не шукайце белую котку там, дзе яе няма», — падсумоўвае журналістка.

Тым часам амэрыканская праваабарончая арганізацыя Human Rights Foundation зьвярнулася да рэпэра Tyga з заклікам скасаваць канцэрт у Менску 8 жніўня. У звароце адзначаецца, што канцэрт «арганізаваны і фінансаваны беларускай дыктатурай на чале з Аляксандрам Лукашэнкам», каб адцягнуць увагу людзей ад мітынгаў апазыцыі, паведаміла выданьне The Hollywood Reporter. Пазьней у Інстаграме Tyga ў stories зьявіўся допіс, што канцэрту ня будзе.

«Я вельмі хацеў выступіць у Менску для маіх прыхільнікаў у Беларусі ў духу таго, каб прынесьці новую музыку на рынак, дзе я раней ніколі ня граў. Маё выступленьне не было палітычна матываванае і, каб пазьбегнуць любога канфлікту з выбарамі ў Беларусі, я ня буду выступаць 8 жніўня ў Менску. Я спадзяюся вярнуцца, каб зайграць для сваіх прыхільнікаў там пазьней».

  • Рэпэр Tyga, Леанід Агуцін, Грыгорый Лепс, гурты Rasa, «Кар-Мэн», дуэт Джаро і Ханзо, Юліяна Караулава і сьпявак Мэўл адмовіліся ад выступу на канцэртах у Беларусі 8 жніўня. Пра гэта артысты паведамілі ў сваіх сацыяльных сетках. 5 і 6 жніўня беларусы атакавалі старонкі артыстаў з просьбамі не прыяжджаць у Беларусь.
  • Таксама і ўкраінская сьпявачка Ціна Караль заявіла, што не прыедзе на абвешчаны канцэрт у Бабруйску 8 жніўня.
  • За два дні беларусы напісалі тысячы камэнтароў артыстам, заяўленым на канцэрты 8 жніўня ў Менску і абласных гарадах. Камэнтатары прасілі артыстаў не падтрымліваць дзейную ўладу і адмовіцца ад удзелу ў канцэртах напярэдадні выбараў.
  • 8 жніўня — напярэдадні асноўнага дня галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах — у Менску і ўсіх абласных цэнтрах абвясьцілі пра бясплатныя канцэрты з удзелам вядомых артыстаў.

Аляксандар Лукашэнка цягам апошніх 20 гадоў узнагароджваў расейскіх эстрадных сьпевакоў найвышэйшымі узнагародамі Беларусі, такімі як ордэн Скарыны ды іншымі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG