Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША хочуць канфіскаваць у двух украінскіх алігархаў нерухомасьць на $ 70 мільёнаў


Ігар Каламойскі, 2019 год
Ігар Каламойскі, 2019 год

Міністэрства юстыцыі ЗША ў чацьвер падало два судовыя пазовы аб арышце нерухомасьці на 70 мільёнаў даляраў у Тэхасе і Кентукі, паведамляе «Голас Амэрыкі». Гэтая нерухомасьць, як сьцьвярджаецца ў пазове, была набытая двума ўкраінскімі алігархамі на незаконна атрыманыя грошы.

Фэдэральная пракуратура Маямі сьцьвярджае, што алігархі Ігар Каламойскі і Генадзь Багалюбаў скралі мільярды даляраў з «Прыватбанку», украінскага банку, які ім раней належаў.

Каламойскі зьяўляецца адным з самых магутных украінскіх алігархаў і лічыцца адным з ключавых палітычных заступнікаў украінскага прэзыдэнта Уладзіміра Зяленскага.

Амэрыканскія пракуроры заявілі, што ў пэрыяд з 2008 па 2016 год Каламойскі і Багалюбаў падманным чынам атрымалі крэдыты і крэдытныя лініі, частку даходаў ад якіх яны адмывалі праз рахункі падстаўной кампаніі ў кіпрскім аддзяленьні «Прыватбанку», а затым пераводзілі грошы ў Злучаныя Штаты.

Паводле абвінавачаньня, у ходзе праверак, праведзеных Нацыянальным банкам Украіны ў 2016 годзе, алігархі нібыта выкралі з «Прыватбанку» больш за 5 мільярдаў даляраў. «Прыватбанк» быў нацыяналізаваны ўкраінскімі ўладамі пасьля таго, як меркаваныя махлярствы выкрылі ў 2016 годзе.

У абвінавачаньні сьцьвярджаецца, што партнэры алігархаў, якія базуюцца цяпер у Маямі, стварылі сетку прадпрыемстваў, часта выкарыстоўваючы пры гэтым назву «Оптыма», для далейшага адмываньня скрадзеных грошай. Па словах пракурораў, частка грошай была выкарыстаная для куплі нерухомасьці і кампаній у Луісьвілі, штат Кентукі, і Даласе, штат Тэхас. Гэтую нерухомасьць Міністэрства юстыцыі ЗША цяпер спрабуе канфіскаваць.

Міністэрства юстыцыі заявіла, што кліўлэндзкае аддзяленьне ФБР, Служба ўнутраных даходаў і Мытна-памежная служба праводзяць адпаведныя расьсьледаваньні.

Два памочнікі экс-мэра Нью-Ёрку Рудольфа Джуліяні, адваката прэзыдэнта Дональда Трампа, сустракаліся у 2019 годзе з Каламойскім у Ізраілі.

Брус Маркс, адвакат зь Філядэльфіі, які прадстаўляе Каламойскага, адмовіўся ад камэнтароў. Агенцтва Reuters не змагло высьветліць, ці ёсьць адвакат у Багалюбава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG