6 жніўня, у трэці дзень датэрміновага назіраньня, на выбарчыя ўчасткі сябры камісій працягваюць выклікаць міліцыю, каб пазбавіцца ад альтэрнатыўных назіральнікаў. Назіральнікаў, затрыманых раней, судзяць, некаторых адпраўляюць на суткі, паведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Менск і Менскі раён
- На выбарчым участку № 47 Першамайскага раёну Менску назіральніка Ільлю Разбойнікава затрымалі міліцыянты ў цывільным.
- На ўчастку № 46 Кастрычніцкага раёну затрымалі назіральніка Паўла Кандзеева.
- На ўчастку № 5 Цэнтральнага раёну затрымалі Андрэя Хаўратовіча.
- Зьнікла сувязь з назіральнікам кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Андрэем Верашчагіным, які быў на ўчастку № 15 Кастрычніцкага раёну.
- На тэрыторыі школы, дзе месьціцца выбарчы участак №42 Кастрычнічкага раёну, затрымалі назіральніка ад ініцыятывы «Сумленныя людзі» Генадзя Германовіча.
- На ўчастку №66 у гарадзкім пасёлку Мачулішчы для ўстанаўленьня асобаў міліцыя затрымала назіральнікаў «Сумленных людзей» Алексея Скрабнёва, Кацярыну Бардашову, Аліку Духноўскую і Ігара Іванова.
Горадня
Прадстаўнікі «Сумленных людзей» паведамілі, што раніцай 6 жніўня ў Горадні яшчэ да пачатку працы выбарчага ўчастку затрымалі назіральніка Пятра Крышталя, піша Tut.by.
Таксама сёньня стала вядома, што ў абед 5 жніўня на ўчастку №8 Дзятлава Горадзенскай вобласьці затрымалі назіральніцу «Сумленных людзей» Марыну Карповіч.
Бабруйск
На ўчастку №56 Першамайскага раёну Бабруйску затрымалі назіральніка Артура Мышко, яго даставілі ў міліцэйскі пастарунак.
Полацак
На выбарчым участку № 22 на назіральнікаў Рамана Падгорнага і Антона Мязенцава выклікалі міліцыю за адмову пакінуць памяшканьне школы № 3, дзе месьціцца ўчастак. Міліцыя іх затрымала. У РУУС на назіральнікаў склалі пратаколы па арт. 17.1 КаАП «Дробнае хуліганства». Празь 2 гадзіны пасьля затрыманьня іх адпусьцілі з пастарунку.
Смаргонскі раён
На выбарчым участку ў вёсцы Солы Смаргонскага раёну затрымалі назіральніка «Честных людей» Аляксандра Паплаўскага. Вядома, што ён зайшоў на ўчастак сфатаграфаваць пратакол, а калі выйшаў зноў на вуліцу — яго ўжо чакалі міліцыянты.
Суды над затрыманымі раней назіральнікамі
Затрыманага 5 жніўня назіральніка Яраслава Недасекіна асудзілі на 8 сутак арышту. Сябры камісіі № 20 у Сьмілавічах Чэрвеньскага раёну выклікалі на яго міліцыю, калі Яраслаў адмовіўся сыходзіць з участку. Першапачаткова ён быў у сьпісе назіральнікаў, але пазьней яму паведамілі, што сьпіс зьмяніўся, а яго прысутнасьць на ўчастку непажаданая.
За дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі асудзілі на 10 сутак арышту назіральніка Віталя Трыгубава (яго з участку № 29 Савецкага раёну Менску 5 жніўня забраў АМАП).
Затрыманую 5 жніўня на ўчастку для галасаваньня №3 Узьдзенскага раёну назіральніцу ад «Сумленных людзей» Алену Мешчаракову 6 жніўня асудзілі на 7 сутак арышту па арт. 17.1 КаАП («Дробнае хуліганства»). Яе абвінавацілі ў тым, што 4 жніўня каля 19-ай нібыта наўмысна сарвала ўзор бюлетэня ў кабінцы для галасаваньня, гучна крычала, чым парушыла спакой грамадзян і грамадзкі парадак. Назіральніца віны не прызнала.
Сёньня будуць таксама судзіць назіральніка ініцыятывы «Честные люди» Яўгена Каваротнага (затрымалі 5 жніўня на ўчастку № 88 у Сёмкаве Менскага раёну).
Раней затрымалі і асудзілі Івана Дубовіка (на 10 сутак) і Алега Гіргесона (на 6 сутак).
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.