The Guardian: Людзі стаміліся ад яго рэжыму
Брытанскі штодзёньнік The Guardian піша пра тое, што «аўтарытарнага прэзыдэнта Беларусі» чакаюць самыя непрадказальныя выбары.
«Лукашэнка, які ўтрымліваў уладу на працягу чвэрці стагодзьдзя дзякуючы спалучэньню папулізму і рэпрэсій, сутыкаецца з адной з самых складаных задач у сваёй кар’еры». — піша выданьне.
Апазыцыя, на думку The Guardian, набыла ў краіне сілу, якой даўно ня мела. А палітычныя падзеі ў Беларусі выданьне назвала найзначнейшымі з часоў Савецкага Саюзу.
«Людзі стаміліся ад яго рэжыму, эканоміка кепская, і яго рэакцыя на эпідэмію каранавірусу, якую ён ахарактарызаваў як «псыхоз», была слабая.
Газэта зьвярнула ўвагу на абвінавачаньні на адрас Масквы, агучаныя падчас звароту ў Палацы Рэспублікі, што тая паслала наймітаў для дэстабілізацыі краіны.
«Пакуль няма ні адкрытай вайны, ні стральбы... але спроба арганізаваць бойню ў цэнтры Менску ўжо відавочная», — цытуе Лукашэнку The Guardian.
Die Zeit: Тры жанчыны супраць Лукашэнкі
У Беларусі тры жанчыны кідаюць выклік Аляксандру Лукашэнку. Яны больш ня хочуць баяцца аўтакратаў і з кожным днём становяцца ўсё больш папулярнымі, піша прэстыжная нямецкая газэта Die Zeit.
«Некалькі тыдняў таму мала хто ведаў бледную, сарамлівую хатнюю гаспадыню зь беларускай правінцыі, — піша выданьне і дадае, што пасьля арышту мужа Ціханоўская заняла ягонае месца. — З тых часоў яна зачароўвае ўсю краіну, захапляючы масы і робячы прамовы, якія ўжо сталі легендарнымі».
Аляксандра Лукашэнку выданьне называе аўтакратам і прагназуе, што выбары могуць скончыцца так, «як гэта часта бывае ў аўтакратыях».
«Але гэтая гісторыя толькі пачынаецца», — піша Die Zeit.
Gazeta Polska Codziennie: У парадку ў Беларусі няма заслугі Лукашэнкі
Публіцыст кансэрватыўнага польскага выданьня Gazeta Polska Codziennie Марцін Гэрман прысьвяціў калёнку падзеям у Беларусі. Аўтар скрытыкаваў прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі ў Польшчы, якім здаецца, што дзякуючы кіраваньню нязьменнага за 26 гадоў лідэра ў краіне «парадак» і што справы ў Беларусі стаяць лепш, чым у Расеі і Ўкраіне.
«Больш за тое, яны сьцьвярджаюць, што Лукашэнка — гэта гарант незалежнасьці Беларусі. Гэта міты. Што гэта за гарант незалежнасьці, калі яго найвялікшай марай зьяўляецца (было) кіраваць аб’яднанай Беларусьсю і Расеяй? Што гэта за гарант незалежнасьці, калі ў Беларусі знаходзіцца расейскае войска? Вядома, у Беларусі „парадак“ (хоць і бедна), але гэта таму, што такія беларусы».
Гэрман піша, што яшчэ ў савецкія часы Беларусь, разам з балтыйскімі краінамі, станоўча вылучалася чысьцінёй, гаспадарнасьцю і адноснай сучаснасьцю на тле іншых краінаў СССР.
«У гэтым няма ніякай заслугі Лукашэнкі. Аўтарытарныя ўлада абсалютна не патрэбная, каб кіраваць Беларусьсю, бо гэта вельмі спакойны народ. Калі б у гэтага народу была дэмакратыя, гэта была б самая спакойная дэмакратыя ва Ўсходняй Эўропе. А калі б у Беларусі была трошкі больш свабодная і менш залежная ад Расеі і яе сыравіны эканоміка, то ў беларусаў бы быў нават шанец на дабрабыт».