Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская не адмовілася ад мітынгу 6 жніўня ў Менску, нягледзячы на суседзтва з «Днём чыгуначных войскаў»


Кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская расказала Свабодзе, што не атрымала адказу ад Менгарвыканкаму наконт адначасовых акцыяў у менскім Парку дружбы народаў — забароны няма. Таму мітынг-канцэрт Ціханоўскай па-ранейшаму плянуюць на 17.00 6 жніўня.

«Пакуль у нас няма афіцыйнай забароны на правядзеньня мерапрыемства, — растлумачыла Сьвятлана Ціханоўская. — Я думаю, што яго і ня будзе. Даволі верагодна, што мы зможам зьмясьціцца на адной пляцоўцы, чаму не?»

Яшчэ 1 жніўня каманда Ціханоўскай анансавала мітынг-канцэрт 6 жніўня ў Парку дружбы народаў з удзелам гуртоў Volski, J:морс, Nizkiz, Tor Band і Krama, вядоўцаў Каці Пытлевай, Віталя Воднева і Антона Мартыненкі.

3 жніўня адміністрацыя Савецкага раёну апублікавала расклад мерапрыемстваў у парку Дружбы народаў на ўвесь тыдзень. Менавіта на час мітынгу-канцэрту Ціханоўскай прыпала сьвяткаваньне Дня чыгуначных войскаў (самі такія войскі былі ў 2006 годзе былі ліквідаваныя — аб’яднаныя з аўтамабільнымі і дарожнымі ў адзіныя транспартныя). На іншыя дні заплянавалі чатыры канцэрты «Клясыка бязь межаў», сьвяткаваньне Дня чыгуначных войскаў і Дня будаўніка. Акрамя таго, 4 жніўня невядомыя падпалілі сцэну ў парку.

Міністэрства абароны заплянавала на Дзень чыгуначных войскаў канцэрт, паказ спэцтэхнікі, выступленьні спэцыялістаў кіналягічнага цэнтру са службовымі сабакамі. У канцэрце анансавалі ўдзел вайсковых аркестраў і ансамбляў, гуртоў «Беларусы» і «Песняры», сьпевакоў Аляксандра Саладухі, Аляксандры Гайдук і Жанэт.

Менгарвыканкам і ЦВК пакуль ніяк не адрэагавалі на пададзеныя напярэдадні скаргі штабу. Прадстаўніца штабу Ціханоўскай Вольга Кавалькова казала Свабодзе, што ў іх «ёсьць відэазапіс, які пацьвярджае, што яны першымі пасьля рэгістрацыі Сьвятланы падалі заяўкі на ўсе пляцоўкі і даты, у тым ліку на 6 жніўня». Паводле яе, сьвяткаваньне Дня чыгуначных войскаў на адной з пляцовак, прызначаных для агітацыі, парушае выбарчае заканадаўства.

Давераная асоба Ціханоўскай, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова сказала Tut.by:

«Ніякага ліста ад уладаў аб тым, што мы ня можам праводзіць мітынг 6 жніўня ў парку Дружбы народаў, ні Сьвятлана, ні я не атрымлівалі, — сказала Кавалькова Tut.by за дзень да канцэрту. — Мы падалі ўчора скаргу ў Менгарвыканкам, але адказу і рэакцыі няма да гэтага часу, таму мы рухаемся паводле свайго пляну: мітынг у парку Дружбы народаў будзе».

У апошнія дні штаб Сьвятланы Ціханоўскай быў вымушаны адмяніць некалькі агітацыйных пікетаў у розных гарадах Беларусі: 3 жніўня адмянілі заплянаваны пікет у Стоўпцах, 4 жніўня — у Слуцку і Салігорску. У Слуцку і Салігорску 4 жніўня людзей, якія прыйшлі на сустрэчу зь Ціханоўскай, затрымлівалі.

Ва ўсіх выпадках прычынай адмены пікетаў сталі экстраныя рамонтныя работы на месцы іх правядзеньня. 4 жніўня актывістам каманды Ціханоўскай з прычыны раптоўных рамонтных работ не ўдалося сустрэцца з прадстаўнікамі штабу ў Мядзеле, Мар’інай Горцы, Чэрвені і іншых гарадах. У некаторых іншых гарадах на пікеты за Лукашэнку «загадзя» забраніравалі ўсе магчымыя дні ва ўсіх дазволеных для акцыяў месцах.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG