Шэраг СМІ ў Расеі адрэагавалі на прамову Аляксандра Лукашэнкі ў Палацы Рэспублікі. 4 жніўня кіраўнік краіны выступіў там са зваротам да Нацыянальнага сходу і беларускага народу.
«Коммерсантъ»: навіны зь Беларусі ўсё больш нагадваюць магчымыя перамены
Газэта «Коммерсантъ» прысьвяціла вялікі артыкул пра зварот кіраўніка Беларусі да парлямэнту і народу. «Аляксандар Лукашэнка пад прыкрыцьцём Мінабароны пайшоў у атаку на „лялькаводаў“ і „дывэрсантаў“», — піша выданьне.
«Навіны зь Беларусі, дзе 9 жніўня пройдуць прэзыдэнцкія выбары, усё менш нагадваюць аб парадку і спакоі, якімі традыцыйна славілася гэтая краіна, і ўсё больш — аб турбулентнасьці і магчымых будучых зьменах». — гаворыцца ў артыкуле «Коммерсанта».
Газэта працытавала словы Лукашэнкі, што на поўдзень краіны быў закінуты новы атрад «баевікоў», у дадатак да 33 расейцаў, арыштаваных на мінулым тыдні, а таксама пра пачатак вучэньняў для супрацьдзеяньня «незаконным узброеным фармаваньням і дывэрсійна-выведным групам», а таксама анансавала вайсковыя зборы ў Віцебскай вобласьці, якая мяжуе з РФ.
«Супраць Беларусі кінутыя мільярдныя рэсурсы. Мабілізаваны найноўшыя тэхналёгіі», — цытуе «Коммерсантъ» Лукашэнку і дадае:
«Саміх „лялькаводаў“ Аляксандар Лукашэнка так і не назваў — яны ў яго прамове заўсёды заставаліся за кадрам, робячы свае цёмныя справы чужымі рукамі».
«Московский комсомолец»: «У прамове Лукашэнкі праявіўся маразм дыктатара, які старэе»
«Московский комсомолец» напісаў, што руціннае мерапрыемства вылілася ў сапраўдны скандал, прычым як беларускі, так і міжнародны.
«Пасьля палымянай прамовы стала зусім ясна, што выбараў прэзыдэнта ў краіне зноў ня будзе. Намінальна яны, вядома, пройдуць, але Лукашэнка застанецца, што б ні сталася».
Выданьне сьцьвярджае, што цяперашняя кампанія даецца кіраўніку Беларусі вельмі нялёгка:
«Лукашэнка выглядаў горш, чым калі-небудзь. Былі прыкметныя задышка і хрып. Напярэдадні выступу ў СМІ абмяркоўвалася верагоднасьць цяжкай хваробы Лукашэнкі».
Газэта працытавала маскоўскага палітоляга Андрэя Суздальцава, які лічыць, што прамова была пабудаваная ў фармаце сярэдзіны ХХ стагодзьдзя:
«Беларусы, паводле ягонай лёгікі, павінны быць радыя таму, што яны не галодныя і маюць дах над галавой. Пра большае марыць нельга. Гэта падыход жывёлавода да скаціны, якое павінна радавацца таму, што яго заб’юць заўтра, а ня сёньня».
«Ведомости»: цярпеньне Расеі ня вечнае
Расейскае інтэрнэт-выданьне зьвярнула ўвагу на шэраг антырасейскіх акцэнтаў у прамове Лукашэнкі і разьмясьціла камэнтар навуковага супрацоўніка Цэнтру комплексных эўрапейскіх і міжнародных дасьледаваньняў Вышэйшай школы эканомікі Андрэя Скрыба, які лічыць, што ад Лукашэнкі і ў далейшым можна чакаць антырасейскіх выпадаў:
«Па-першае, заўсёды зручна, калі ёсьць вонкавая пагроза. Гэта заўсёды кансалідуе людзей — бюракратыю, намэнклятуру — вакол фігуры кіраўніка, у гэтым выпадку прэзыдэнта. Па-другое, прэзыдэнт Беларусі ў сілу яе дзяржаўнага ладу зьяўляецца манапалістам у кантактах з Масквой. У гэтым сэнсе ён, абвастраючы і падвышаючы стаўкі, пасылае сыгнал, што ёсьць толькі адзін контрагент, ён сам, зь якім можна размаўляць аб любых пытаньнях».
Скрыба прагназуе, што асноўныя праблемы — і ўнутраныя, і ў стасунках з Расеяй — пачнуцца ў Беларусі пасьля выбараў. «Цярпеньне Расеі таксама ня вечнае», — рэзюмаваў экспэрт.
«Дождь»: хтосьці ўткнуўся ў тэлефон, нехта як быццам заснуў
Пасланьне Аляксандра Лукашэнкі да беларускага народа грунтоўна абмяркоўвалі на незалежным ад уладаў расейскім тэлеканале «Дождь». Гэтай тэме прысьвяцілі 40 хвілінаў эфіру. Асобны камэнтар да выступу зрабіў журналіст тэлеканалу Ціхан Дзядко.
Выступ кіраўніка Беларусі ў Палацы Рэспублікі выклікаў у журналіста эфэкт дэжавю. «Нудныя асобы ў зале, хтосьці уткнуўся ў тэлефон, нехта як быццам заснуў. А са сцэны — гаворка пра посьпехі, якія ёсьць; посьпехі, якія будуць, таму што іх ня можа не быць; ну і, вядома, воплескі», — кажа журналіст.
«Беларусь, як нехта тонка зазначыў, — гэта ўспамін пра будучыню для Расеі. Кожны раз Беларусь на крок наперадзе. Лідэр з прэтэнзіяй на пажыцьцёвае праўленьне прыходзіць да ўлады там раней, раней будуе вакол сябе сыстэму, зацыкленую выключна на ім; раней разумее, што найлепшы адказ на выступы нязгодных — паліцэйская дубінка і вайсковыя берцы. Але і беларускае грамадзтва раней прыходзіць да разуменьня, што за свой голас трэба змагацца».
На думку Дзядка, падзеі ў Беларусі — гэта барацьба з прынесеным з Савецкага Саюзу страхам перад выбарамі і ў нейкім сэнсе чарговы акт адмаўленьня ад спадчыны СССР.
«Надыход гэтага акту ў Расеі — толькі пытаньне часу», — сказаў вядоўца тэлеканалу «Дождь».
Lenta.ru: самая складаная электаральная сытуацыя за чвэрць стагодзьдзя
Папулярны расейскі партал апублікаваў вялікую падборку цытат з выступу Лукашэнкі, суправадзіўшы кароткі апісаньнем: «Расейскія баевікі, апазыцыя і каранавірус. Чым Лукашэнка напалохаў народ і парлямэнт перад выбарамі».
У артыкуле пад назвай «Досыць! Вы ўжо зьняславіліся!», выданьне канстатавала, што за 5 дзён да выбараў Аляксандар Лукашэнка апынуўся ў «бадай, самай складанай электаральнай сытуацыі за чвэрць стагодзьдзя свайго кіраваньня».