Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

«Спроба арганізаваць бойню ў цэнтры Менску відавочная». Лукашэнка выступіў з пасланьнем за 4 дні да выбараў. Цытуем і камэнтуем

У першы дзень датэрміновага галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандар Лукашэнка зачытаў пасланьне да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Фармальна пасланьне не зьвязана з выбарамі — такое ладзяць штогод, але звычайна вясной. Сёлета пасланьне пераносілі двойчы: спачатку з красавіка на 3 жніўня, пасьля на яшчэ адзін дзень пазьней. Перанос першы раз зьвязалі з эпідэміяй каранавірусу (які, як пазьней заявіў Лукашэнка, ён «перанёс на нагах»), другі раз заявілі, што пераносу няма. Пасланьне адбылося не ў парлямэнцкай залі Дому ўраду, як звычайна, а ў Палацы Рэспублікі ў Менску, на яго запрасілі каля 2500 чалавек.

Падчас пасланьня Лукашэнка, сярод іншага, заявіў аб умяшальніцтве ў беларускую выбарчую кампанію з-за мяжы, расказаў пра «ПВК Вагнэра» і новы атрад «баевікоў», які прыбыў на поўдзень Беларусі: «Пакуль гарачай вайны няма, не страляюць. Яшчэ кручок не націснулі. Але спроба арганізаваць бойню ў цэнтры Менску відавочная».

9 мільярдаў даляраў стратаў ад канфлікту з Расеяй

Ад нафтавых разборак Беларусь недаатрымала 1,5 мільярда рублёў, што ва ўмовах пандэміі стала вялікай праблемай, сказаў Лукашэнка. Але эканоміка ня стала, людзі ня страцілі працу. Але, ягонымі словамі, ад залежнасьці ад 1-2 краін трэба адмаўляцца.

Па яго падліках, за апошнія 5 гадоў Беларусь з-за спрэчак з Расеяй страціла 9 мільярдаў даляраў. Але калі «„чэсныя" правядуць выбары і выпусьцяць сваіх зэкаў», нічога ня зьменіцца, інвэстыцыі ня пойдуць, перакананы ён. Цяпер у сьвеце пануе эканамічны нацыяналізм.

Адныя посьпехі. Толькі чаму ж народ не задаволены?

Лукашэнка ўвесь час хваліцца, як ён добра кіраваў. Адныя посьпехі. Толькі чаму ж народ не задаволены? Такога пытаньня ён нават не задае. Лукашэнка ўвогуле ня хоча чуць, што думаюць людзі.

«Ня трэба нічога прыдумваць», — кажа Лукашэнка. Трэба рабіць тое, што рабілі раней. Як у тым анэкдоце: «піліць трэба!»

Пра аграгарадкі і 6 мільярдаў даходаў ад сельскай гаспадаркі

Фармуючы новую пяцігодку, трэба браць прыклад з савецкіх часоў і Кітая. Жалезабэтонная дысцыпліна і крыніцы фінансаваньня — галоўныя складнікі эканамічнага посьпеху, падкрэсьліў Лукашэнка. Паабяцаў цалкам завершыць мадэрнізацыю вёскі. Аграгарадкі будуць даведзеныя да ўзорнага парадку. Кінутыя дамы і сядзібы будуць прадавацца за сымбалічную плату.

Выступіў супраць мясцовага самакіраваньня, на чым настойваюць апанэнты — нічога на месцы вырашыць немагчыма, лічыць ён. Што тычыцца бізнэсу, то ў Беларусі гэтая сфэра разьвітая нашмат лепей, чым у іншых краінах. Знак «зроблена ў Беларусі» сам па сабе працуе як рэкляма, асабліва ў галіне прадуктаў харчаваньня. 6 мільярдаў даляраў зь неба ня ўпалі, канстатаваў ён.

Лукашэнка сказаў, што адродзіць вёскі за пяцігодку. А што зь імі цяпер

Падчас пасланьня народу і парлямэнту Аляксандар Лукашэнка згадаў праблемы сельскай гаспадаркі. І паабяцаў навесьці парадак у вёсках і аграгарадках за пяцігодку. А што зь вёскай цяпер?

Паводле Белстату, увесь прыбытак сельскагаспадарчых арганізацый за студзень-травень 469 мільёнаў рублёў. Гэта больш, чым за такі ж пэрыяд летась.

Калі ня ўлічваць дзяржаўную падтрымку (крэдыты і датацыі), то ў Беларусі 53,3% стратных арганізацый у сельскай гаспадарцы. Сума чыстых стратаў — 299 мільёнаў рублёў. Сумарная запазычанасьць усіх арганізацый сельскай гаспадаркі — 14,7 мільярда рублёў. Пратэрмінаваная запазычанасьць — 3 мільярды рублёў.

Пра ІТ-сэктар і БелАЭС

Паводле Лукашэнкі, 2,5 мільярда даляраў прынёс ІТ-сэктар. Рашэньне аб ПВТ прымалася ня толькі дзеля айцішнікаў, але і дзеля папаўненьня бюджэту. Пра заснавальніка парку Валера Цапкалу не згадаў. Адзначыў, што Беларусь стала «чальцом клюбу касьмічных дзяржаваў». Хто яшчэ можа такім пахваліцца?

Каротка спыніўся на пэрспэктывах БелАЭС. «Мы — чарнобыльская рэспубліка і ведаем цану наступстваў», — адказаў ён крытыкам мірнага атаму. Заявіў, што кантроль у пытаньнях бясьпекі быў, як у «ваенны час».

Самасправаздача

Пакуль у асноўным мы маем самасправаздачу. У дэталях, дробязях: пра тару і інш. Гэта мала падобна на перадвыбарны маніфэст.

Усе апанэнты — злыя людзі

Лукашэнка не дапускае, што «альтэрнатыўшчыкі» хочуць дабра Беларусі. Паводле яго, гэтыя людзі імкнуцца разбурыць, даць дарогу крыміналу. Яны кіруюцца злымі намерамі. Такая маніхэйская, чорна-белая карціна сьвету.

На выбарчым участку ў Горадні глядзяць зварот Лукашэнкі. ФОТА

«Пра рэформы і перамены»

Словы «рэформы і перамены» Лукашэнка сказаў на трасянцы і ў прыцэле вяртаньня да 1990-х, пра якія нібыта «талдычаць» альтэрнатыўныя кандыдаты.

«Ім патрэбна неразьбярыха ў краіне, каб „прыхватызаваць" уласнасьць, — зрабіў ён выснову. — Рэформы — гэта не кампанія, а балючы працэс. Ліміты рэвалюцый і разбурэньняў беларусы вычарпалі».

Згадаў прадпрыемствы «Камунарку» і «Спартак», якія ўдалося ўратаваць ад «гора-рэфарматараў». Эканоміка будзе падпарадкаваная адной мэце — клопату пра народ. Цудаў не бывае, сказаў Лукашэнка. Будзе большы экспарт — вырасьце і дабрабыт. Паабяцаў, што заробак за 5 гадоў вырасьце ўдвая, а пэнсія будзе «годнай» і апярэджваць рост цэнаў.

Рост заробкаў

Рост заробкаў за пяцігодку — удвая. Але нават не спрабуе патлумачыць, за кошт чаго. Маўляў, проста верце мне, і ўсё.

Дэмаграфія

У нізкай нараджальнасьці вінаватыя самі беларусы. Бо ня хочуць нараджаць, кажа Лукашэнка.

Згадаў Канстытуцыю, паводле якой быў выбраны

Лукашэнка кажа, што рэформы — гэта падарунак «крыміналу і крымінальнаму бізнэсу». Хвілін 10 ён даказваў, што эканамічныя рэформы, прыватызацыя небясьпечныя і не патрэбны.

«Вярнуўшы Канстытуцыю 1994 году, мы вярнулі б безуладзьдзе», — кажа Лукашэнка. Ён нібыта забыў, што сам быў выбраны прэзыдэнтам паводле менавіта гэтай Канстытуцыі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG