Амбасадара Беларусі ў Маскве Ўладзімера Сямашку 3 жніўня выклікалі ў МЗС Расеі «для грунтоўнай гутаркі пра стан і пэрспэктывы двухбаковых расейска-беларускіх адносінаў», паведамляе прэс-служба расейскага зьнешнепалітычнага ведамства.
«Асаблівую ўвагу» падчас сустрэчы надалі абмеркаваньню сытуацыі зь нядаўнім затрыманьнем у Беларусі 33 расейскіх „баевікоў“».
«З расейскага боку было заяўлена, што арышт расейскіх грамадзян, зьдзейсьнены пад беспадстаўнай і надуманай падставай, не адпавядае духу брацкіх саюзьніцкіх адносінаў паміж дзьвюма краінамі і народамі. Расея ніколі ня ўмешвалася і не зьбіраецца ўмешвацца ва ўнутраныя працэсы іншых дзяржаваў, тым больш Беларусі, якая зьяўляецца нашым найбліжэйшым сябрам і саюзьнікам», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС Расеі.
Ведамства настойвае на аб’ектыўным расьсьледаваньні беларускім бокам «у шчыльным узаемадзеяньні з расейскімі калегамі ўсіх абставінаў таго, што адбылося, і як мага больш хуткім вызваленьні затрыманых расейскіх грамадзян».
Што адбылося?
- Сьледчы камітэт паведаміў 30 ліпеня пра завядзеньне шэрагу крымінальных спраў супраць блогера Сяргея Ціханоўскага і іншых, затрыманых у ягонай справе. Паводле артыкулу аб распальваньні сацыяльнай, расавай ці нацыянальнай варожасьці Ціханоўскаму пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Акрамя таго, у дачыненьні да Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага і іншых асоб завялі крымінальную справу па факце падрыхтоўкі да масавых беспарадкаў. Ім пагражае да 8 гадоў пазбаўленьня волі.
- 31 ліпеня дзяржаўны тэлеканал АНТ заявіў пра сувязь затрыманых расейскіх баевікоў з Сяргеем Ціханоўскім і Міколам Статкевічам.