Каардынатар Белага дому ў справе супрацьдзеяньня каранавірусу доктар Дэбара Біркс заявіла ў інтэрвію CNN, што эпідэмія ў ЗША ўступіла ў новую фазу: каранавірус распаўсюдзіўся значна шырэй, чым гэта было ў сакавіку і красавіку. Эпідэмія паразіла ня толькі гарады, але і пэрыфэрыю.
УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
Біркс падкрэсьліла неабходнасьць выконваць рэкамэндацыі органаў аховы здароўя: насіць маскі і трымаць сацыяльную дыстанцыю.
«Усім жыхарам невялікіх паселішчаў, удалечыні ад гарадзкіх агламэрацый, хачу сказаць: у вас няма імунітэту да каранавірусу. Калі вы жывяце побач са сваякамі, людзьмі некалькіх пакаленьняў, і ў вашай мясцовасьці ўспышка эпідэміі, вам давядзецца насіць маскі нават дома», сказала Біркс.
Новы абагульнены прагноз, апублікаваны амэрыканскімі цэнтрамі процідзеяньня і прафіляктыкі захворваньняў, папярэджвае, што да 22 жніўня ў ЗША колькасьць сьмяротных выпадкаў ад каранавірусу перавысіць 170 тысяч. На гэты час у ЗША ад каранавірусу загінулі 154 тысячы чалавек. Узровень інфікаваньня апошнім часам падвысіўся ў 20 штатах.
Былы кіраўнік Упраўленьня санітарнага нагляду за якасьцю харчовых прадуктаў і мэдыкамэнтаў Скот Готліб у нядаўнім інтэрвію каналу CNBC выказаў здагадку, што да канца гэтага году колькасьць сьмяротных выпадкаў можа падвоіцца і дайсьці да 300 тысяч, калі ў ЗША ня зьменіцца стаўленьне да эпідэміі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ