Дзяржаўны тэлеканал АНТ вечарам 2 жніўня паведаміў, што атрыманыя зьвесткі аб затрыманых 33 мужчынах, якіх называюць баевікамі ПВК «Вагнера», сьведчаць: вылет у Турэччыну — адцягвальны манэўр, сплянаваны загадзя.
Заяву амбасадара Расеі Дзьмітрыя Мезенцава пра Турэччыну АНТ назвала «кансьпіралягічнай вэрсіяй».
Тэлеканал паказаў фрагмэнты сустрэчаў Лукашэнкі зь сілавікамі: з шырокім складам Савету бясьпекі 29 ліпеня, а таксама сустрэчы 1 жніўня са старшынём Сьледчага камітэту Іванам Наскевічам і старшынём Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Валерам Вакульчыкам.
«Я гляджу, прымоўклі іншыя „старэйшыя браты“, ужо не крычаць, што яны пасылалі гэтых хлопцаў у Стамбул, ніякага Стамбулу не было і быць не магло, як выявілася напраўду, — казаў Лукашэнка на другой сустрэчы. — Зразумела, што ў гэтай групы былі іншыя мэты, і задача сьледзтва — высьветліць гэтыя мэты. Я так разумею, гэта толькі першая група са 180 ці 200 чалавек, якую плянавалася перакінуць у Беларусь».
Голас за кадрам (імаверна, Вакульчык) пагадзіўся: гэта дакумэнтальна пацьверджаныя зьвесткі.
Лукашэнка дадаў: заявы пра тое, што расейскі бок узгадніў зь беларускім прыезд гэтай групы — «гэта поўная лухта».
Падставы для падазрэньня ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, паводле АНТ, былі такія:
- разыходжаньні ў паказаньнях затрыманых;
- «цяжка паверыць, што добра арганізаваная група бяз шкодных звычак магла раптам не арганізавацца настолькі, што не пасьпела на рэйс»;
- «нават калі спазьніліся, была магчымасьць паляцець у наступныя дні»;
- «ёсьць дакумэнтальныя пацьверджаньні і броні ў менскім гатэлі, і перапіскі з санаторыем «Беларусачка», калі група знаходзілася яшчэ ў Маскве»;
- пра тое, што група мела намер паляцець у Стамбул, гавораць менш за палову затрыманых, дадаў Наскевіч, астатнія кажуць пра іншыя месцы;
- раней у рэпартажы АНТ згадваліся «нехарактэрныя паводзіны і дакладная арганізацыя дзеяньняў» групы, баявы досьвед мужчынаў.
Наяўнасьць або «магчымасьць наяўнасьці» зброі ў затрыманых цяпер зьяўляецца прадметам расьсьледаваньня, дадаў Наскевіч. З улікам таго, што ў краіне «магчымае» зьяўленьне і іншых асобаў, пра якіх затрыманыя пісалі ў сваіх чатах — да 200 чалавек — праваахоўнікі прымаюць усе магчымыя захады, адзначыў старшыня СК. Іншыя групы баевікоў, кажа дыктар, «на нашай тэрыторыі знаходзіліся або рыхтаваліся прыбыць».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.